Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы, беларусы, за свайго бацьку вам, ЦРУшным наймітам, глотку перагрызем…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Супрацьстаяньне ў Курапатах па-ранейшаму застаецца адной з галоўных тэмаў, якую абмяркоўваюць у сваіх лістах нашы слухачы. Шэрагі абаронцаў Курапатаў у крытычны момант, калі ўлада кінула на разгон акцыі ўзброены АМОН, аказаліся малалюднымі.

Нямногія наважваюцца прыходзіць да курапацкіх крыжоў і цяпер. Чаму? Вось што напісаў з гэтай нагоды наш сталы слухач зь Менску спадар Невядомскі:

"Курапаты — гэта і мой боль. Я ставіў там вялікі крыж, зьбіраў камяні, каб умацаваць яго. Часта прабягаю ці праходжу на лыжах міма — і заўсёды кланяюся гэтаму крыжу, хоць і ня веру ў Бога. Мой бацька пры Сталіне 18 гадоў адседзеў у турмах, лягерах, ссылцы. Сам я — шараговы сталы ўдзельнік усіх масавых шэсьцяў апазыцыі, пачынаючы зь Дзядоў 1988 году. Паспытаў і сьлезацечнага газу, быў зьбіты да непрытомнасьці бандытамі ў форме.

Цяпер двойчы быў у Курапатах, з болем глядзеў на мярзоцьце, якое з прычыны ўласнага глупства чыніць там улада. Размаўляў з хлопцамі, спачуваю ім ад душы. Але, калі сказаць шчыра, асабіста ў мяне няма жаданьня супрацьстаяць там АМОНу.

Іншая справа — калі б 10-га верасьня апазыцыя сабрала нас — усіх, хто гатовы быў пратэставаць супраць сфальшаваных вынікаў выбараў, на плошчы — я б ня зьбег, што б мне ні пагражала. Дык чаму ж я цяпер ня ў Курапатах? Ня ведаю. Мо, гэта ад адчуваньня бессэнсоўнасьці супраціву, ці проста ўзрост... І ўсё ж дзякуй хлопцам, яны робяць што трэба".

Слухач Невядомскі таксама разважае ў сваім лісьце наконт таго, ці адпавядаюць сапраўднасьці цьверджаньні пра негатовасьць беларускага грамадзтва да дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Ён піша:

"Такія цьверджаньні нічым не абгрунтаваныя. Калі б выбары былі справядлівыя, тады сапраўдныя адносіны выявіліся б. Але такіх выбараў у Беларусі не было.

А апытаньні, якія праводзяцца ў атмасфэры страху, аб'ектыўных вынікаў не даюць. Трэба ўлічваць, што ўласьцівае савецкім людзям пачуцьцё бясьсільля перад сыстэмай улады ў Беларусі захавалася. Хоць і быў пэрыяд, калі значная частка насельніцтва пачала падтрымліваць БНФ. Але Зянон Пазьняк сваёй русафобіяй і радыкальным нацыяналізмам адштурхнуў іх, чым тут жа скарысталіся ворагі пераўтварэньняў. А дыктатура Лукашэнкі яшчэ больш умацавала адчуваньне бездапаможнасьці.

Апазыцыя павінна была загадзя папярэдзіць свой электарат, што 10 верасьня трэба прыйсьці на цэнтральную плошчу. Тады б яна і выявіла свой сапраўдны ўплыў на людзей. Але чамусьці, у цэлым актыўна правёўшы выбарчую кампанію і дамогшыся значных вынікаў, яна гэтага не зрабіла. А 10-га верасьня клікаць людзей на плошчу было ўжо позна", — лічыць наш сталы слухач зь Менску спадар Невядомскі.

Ня думаю, спадар Невядомскі, што прычына тут выключна ў арганізацыйных хібах апазыцыі. Заклікаў прыйсьці на плошчу да Палаца рэспублікі было ня так і мала — і 10-га верасьня, і раней. Ды і вынікі выбараў для большасьці людзей, якія цікавяцца палітыкай, не сталі нечаканасьцю.

Але людзей сабралася няшмат. Думаю, прычына гэтага тая ж, што і ў выпадку з абаронай Курапатаў. І вы сам, спадар Невядомскі, пра вытокі такіх грамадзкіх настрояў напісалі — гэта і адчуваньне бессэнсоўнасьці супраціву, і страх, і страчаная гістарычная памяць...

Пра стаўленьне ўлады да праблемы Курапатаў напісаў і наш сталы аўтар Ільля Копыл зь Менску. Цытата зь ягонага ліста:

"Тое, як цяперашнія беларускія ўлады імкнуцца сьпісаць на фашыстаў учыненыя ў Курапатах злачынствы, нагадвае вядомую гісторыю — як камуністычны рэжым рабіў спробу ўскласьці на немцаў сваё гнюснае злачынства — расстрэл 20 тысяч палонных палякаў і беларусаў у Катыні. Але не атрымалася, праўда перамагла.

Калі немцы ўсяму сьвету паказалі й даказалі гэтае злачынства бальшавікоў, тады савецкі наркамат замежных спраў 6 студзеня 1942 году зрабіў заяву, што савецкая ўлада будзе пільна сачыць за ўсімі злачынствамі фашысцкіх захопнікаў. Адмыслова створаная надзвычайная камісія склала й разгледзела 54 тысячы актаў і 250 тысяч пратаколаў.

У маёй роднай вёсцы Нябышына на Бягомельшчыне 24 мая 1943 году немцы забілі і спалілі больш як дзесяць чалавек. Дык вось, яшчэ дыміліся галавешкі спаленага хлява, а камісія на чале з камісарам 1-га партызанскага атраду "Жалязьняк" Сьпірыдонам Барздыкам ужо была на месцы злачынства і склала пра гэта акт.

Узьнікае пытаньне: як магло стацца, што нямецкае злачынства ў далёкай глухой вёсцы Нябышына было расьсьледаванае, а масавае зьнішчэньне тысяч людзей у ваколіцах сталіцы засталося нікім не заўважанае? Гэта абсурд.

Калі б расстрэлы ў Курапатах былі справай немцаў — пра гэта савецкая ўлада раструбіла б яшчэ 3-га ліпеня 1944 году, і на гэтым месцы ўсталявалі б якую-небудзь стэлу. Але замест гэтага было глухое маўчаньне. Бо да Курапатаў немцы ня мелі ніякага дачыненьня.

У камуністаў была вялікая спакуса яшчэ да Нюрнбэргскага працэсу зваліць Курапаты на немцаў. Але асечка з Катыньню прымусіла маўчаць. Каб Курапаты не напаткаў лёс Катыні, каты спрабавалі замесьці сьляды — пасьля вайны пахаваньні раскопвалі, верхнія ярусы целаў кудысьці вывезьлі й зьнішчылі. Але глыбей у ямах трупы засталіся.

Каты вырашылі, што час зробіць сваю справу: пахаваньні зарастуць травой і кустамі, сьведкі памруць, а камуністычны рэжым будзе вечны. Але потым раптам зьявіўся Пазьняк і нанёс ім удар пад самы дых", — распавёў наш даўні слухач пэнсіянэр Ільля Копыл, які ўсю вайну пражыў у акупацыі і многія з падзеяў таго часу бачыў на ўласныя вочы.

Да вашых, спадар Копыл, зусім слушных развагаў дадам, што вэрсія пра так званы "нямецкі сьлед" у Курапатах даўно абвергнутая незалежнымі дасьледчыкамі. А тое, што пра яе дагэтуль усур'ёз спрабуе гаварыць улада, сьведчыць найперш пра ідэйны падмурак гэтай улады.

Аляксей Лебедзеў, падпалкоўнік у адстаўцы зь Віцебску, піша:

"Цікава, ці пракансультаваўся Ўладзімер Пуцін з Аляксандрам Лукашэнкам перад тым, як ляцець у Злучаныя Штаты і заяўляць пра саюзьніцкія адносіны з Амэрыкай? Усё ж Беларусь нібыта складае з Расеяй адзіную саюзную дзяржаву.

І ў якое становішча паставіў Пуцін сваім учынкам беларускага прэзыдэнта? Гэтак ён заўтра заявіць пра ўступленьне Расеі ў НАТО. І што тады рабіць Беларусі — ламаць праз калена ўсю сваю зьнешнюю палітыку і абаронную стратэгію, перадысьлякоўваць дывізіі з Захаду на Ўсход?

Сваімі непрадказальнымі паводзінамі Пуцін паказаў, што ня лічыцца зь беларускімі інтарэсамі. І Аляксандар Лукашэнка з гэтага павінен зрабіць сур'ёзныя высновы: нельга давяраць так званым "саюзьнікам", трэба рабіць стаўку толькі на ўласныя сілы. Нікому ў гэтым прадажным імпэрыялістычным сьвеце нельга давяраць — толькі свайму народу", — напісаў адстаўны вайсковец Аляксей Лебедзеў зь Віцебску.

Відавочна, Уладзімер Пуцін адстойвае найперш інтарэсы расейскай дзяржавы. І калі гэтыя інтарэсы не супадаюць з палітычнымі амбіцыямі ды антызаходнімі лёзунгамі Аляксандра Лукашэнкі, то гэта, спадар Лебедзеў — праблема Лукашэнкі, а ня Пуціна.

Увогуле, вам не здаецца, спадар Аляксей, што Беларусь — дзяржава не таго маштабу, каб ствараць геапалітычныя восі (кшталту Пэкін–Масква–Менск), палохаць сьвет перасоўваньнем сваіх дывізіяў ад адной мяжы да другой, альбо вынаходзіць уласны, адрозны ад астатняга сьвету, шлях разьвіцьця, не давяраючы, як вы пішаце, "прадажнаму імпэрыялістычнаму" атачэньню?

За такія экспэрымэнты беларусы ўжо заплацілі немалую цану. Хоць зьнешне гэтыя глябальныя пляны для многіх усё яшчэ выглядаюць прывабна. Для прыкладу, вось зь якім агрэсіўным лістом у абарону Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуўся да нас Эдуард Клімовіч з Баранавічаў. Ён піша:

"Лукашэнка — правадыр беларускага народу і ўсяго славянскага сьвету. Яго абагаўляюць і любяць па ўсёй сьвятой Русі — у Беларусі, Украіне і Расеі. Гэта сапраўдны трыбун трыадзінай рускай нацыі — беларусаў, маларосаў і вялікаросаў. На выбарах прэзыдэнта бацька атрымаў большасьць галасоў, бо ён плоць ад плоці беларускага народу.

І мы, беларусы, за свайго бацьку вам, ЦРУшным наймітам, глотку перагрызём. Вашую Свабоду слухае менш як паўадсотка насельніцтва рэспублікі — ды й тое маргінальная частка грамадзтва. Чым больш вы паліваеце брудам нашу Радзіму-Беларусь, тым страшней мы вас пакараем", — пагражае слухач, які падпісаўся як Эдуард Клімовіч з Баранавічаў.

Ніхто, Эдуард, не замінае вам верыць у тое, што Аляксандар Лукашэнка ёсьць правадыром славянскага сьвету і што яго нібыта абагаўляюць усе славяне.

Напэўна, вашая вера ня мае патрэбы ў адказах на тыя пытаньні, якія задае ў сваім лісьце ваш аднадумец Аляксей Лебедзеў — напрыклад, пра тое, чаму Масква не жадае кіравацца антызаходнімі лёзунгамі "славянскага правадыра"; чаму да створанага ім саюзу не жадае далучацца ніводная дзяржава, дзе яго нібыта абагаўляюць; урэшце, чаму "правадыр" не выконвае сваіх абяцаньняў, якія даваў людзям.

І ўсё ж адказы на гэтыя пытаньні вы, Эдуард, відавочна, шукаеце, бо, нягледзячы на ўсю лаянку і пагрозы на наш адрас, усё ж слухаеце беларускую Свабоду і нават наважыліся напісаць нам.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Пётар Занковіч з Маладэчна, Юлія Пунтус з Марыупаля, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Сьвятлана Пятрова зь Пінску, Зьміцер Казакевіч зь Віцебску, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну і Яўхім Корчак з Паставаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG