Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як жа вы далікатна ставіцеся да Лукашэнкі…” ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

У нашай пошце час ад часу зьяўляюцца лісты ад слухачоў, якія лічаць, што Радыё Свабода залішне ляяльна ставіцца да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, перабольшвае ягоную ролю ў беларускай дзяржаве, і гэтым, маўляў, умацоўвае сёньняшнюю беларускую ўладу, а значыць — шкодзіць апазыцыі.

Падобны ліст на мінулым тыдні прыйшоў ад Івана Ляха зь Менску. Спадар Лях піша:

"Ведайце, што вы губляеце прыхільнікаў. Вядома, наш народ вельмі цяжка падняць на змаганьне — мы ня Чэхія і нават не Ўкраіна. Але і вы робіце шмат памылак.

Кожнае слова Лукашэнкі для вас — нібы залаты зьлітак. Як жа вы далікатна да яго ставіцеся — бясконца цытуеце, аналізуеце, надаеце яму вагі. Вы ствараеце ўражаньне, нібы ўсё ім сказанае — вельмі каштоўнае. Ну, чаму вы ня хочаце бачыць, што гэта проста выпешчаная панна наровіцца, капрызіць. Што ён вечна на ўсіх пакрыўджаны, што "зацыклены" на ўласнай пэрсоне.

Бяззубасьць вашых аўтараў проста засмучае. Калі бачыце, што перад вамі малаадукаваны калгасьнік — дык так яго і называйце. А вы жуйку жуяце, выштукоўваецеся, нібы гэта шэдэўр усясьветнай цывілізацыі. Абсмоктваеце кожнае ягонае слова, нібы Леніна на палітзанятках слухаеце.

Патрэбныя зусім іншыя журналісты, здольныя высьмейваць гэты беларускі фэномэн.

Часам думаю: ці ня вы вінаватыя, што заснуў наш народ. Ці гэта Лукашэнка вам плоціць, каб вы былі такой ляяльнай да яго апазыцыяй? Я хачу быць за вас, але для пачатку хацелася б высьветліць — за каго вы?" — пытаецца Іван Лях зь Менску.

Нашая мэта, спадар Лях, даваць слухачам поўную і аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У беларускай дзяржаве на сёньня склалася такое cтановішча, што Аляксандар Лукашэнка пасьля рэфэрэндуму 1996 году засяродзіў у сваіх руках мала чым абмежаваную ўладу.

Законнасьць таго перадзелу ўлады і ўвогуле — легітымнасьць самой улады — асобная праблема. Але на сёньняшні момант аб’ектыўна дзяржавай аднаасобна кіруе Аляксандар Лукашэнка. Ад ягонай палітыкі залежыць штодзённае жыцьцё людзей. І менавіта гэта ёсьць падставай дзеля таго, каб пра ягоную дзейнасьць была дакладная і праўдзівая інфармацыя, якую людзі ня могуць атрымаць з афіцыйных мэдыяў, а ягоныя ўчынкі і словы дэталёва і сур’ёзна аналізаваліся.

А высьмейваць, іранізаваць, кпіць — гэта іншы жанар, і гэта ня ёсьць задачай інфармацыйнай ды аналітычнай журналістыкі.

Таксама наконт сёньняшняй журналістыкі й асобы Аляксандра Лукашэнкі як аб’екта журналісцкіх выступаў разважае ў сваім лісьце Віталь Удовікаў з Магілёву. Ён піша:

"Гледзячы дзяржаўнае тэлебачаньне, ні за што не здагадаесься, што ў Беларусі хутка прэзыдэнцкія выбары. На выбарчую тэму там — ні слова. Затое ва ўсіх сюжэтах — адзін і той жа пэрсанаж. Ён на фэрме, ён — на заводзе, ён — прымае замежных амбасадараў, ён — камэнтуе падзеі на Блізкім Усходзе.

Нібы няма ў краіне іншага жыцьця, іншых палітыкаў ды іншых меркаваньняў. А каб аспрэчыць палітыку Лукашэнкі ці прааналізаваць ягоныя дэкрэты і ўказы — пра гэта на тэлебачаньні нават ня думаюць.

Усё гэта прымітыўна, аднабакова і непрафэсійна. Такое тэлебачаньне раздражняе, пасьля першых жа пяці хвілінаў хочацца пераключыць канал. Уражаньне — нібы памыяў наглытаўся.

І гэта ня толькі мая думка. Так лічаць нават тыя, хто ўхваляе палітыку Лукашэнкі. Глядзець такое тэлебачаньне можна хіба што тады, калі ня будзе іншых каналаў", — напісаў Віталь Удовікаў з Магілёву.

Гэты ліст можа служыць частковым адказам на вашае, спадар Іван Лях, пытаньне пра тое, якой журналістыка не павінна быць, і як уплывае на мэдыі сытуацыя несвабоды.

Ліст ад Станіслава Ляшковіча з Маладэчна. Чалавек сталых гадоў роспачна распавядае пра тое, што за апошнія дзесяцігодзьдзі адбылося з навакольным асяродзьдзем у прадмесьцях Менску. Спадар Ляшковіч піша:

"Кожны раз сьлёзы горычы і ўспамінаў душаць мяне, як еду электрычкай з Маладэчна ў Менск. Сэрца абліваецца крывёю, калі праносяцца міма станцыі Баяры, Ласі, Уша. За вакном праплываюць сумныя пэйзажы лысых пагоркаў…

Я памятаю іх іншымі. У гады маёй маладосьці яны былі пакрытыя сасновымі лясамі й служылі прытулкам для шматлікіх зьвяроў ды птушак.

Але ў 1960-я гады, у эпоху гігантаманіі ды ўтаймаваньня прыроды, крамлёўскія разумнікі на чале з Хрушчовым спусьцілі загад Машэраву — пашырыць у Беларусі пасяўны клін на тры мільёны гектараў і засеяць кукурузай для жывёлагадоўчых комплексаў. Вось тады й зьніклі сасоньнікі з пагоркаў. Іх бязьлітасна выкарчавалі "кіраўцамі" і ўзаралі сямілямешнымі плугамі.

Так зьніклі стужкі й выспачкі жывой прыроды — гнезьдзішчы для курапатак, зайцоў, лісіц, вожыкаў ды іншай жыўнасьці. І пачалася дэградацыя гэтых земляў. Пазбаўленыя ляснога покрыва, пагоркі сталі лёгкай здабычай вятроў ды ліўняў. А хімізацыя гэты працэс яшчэ больш паскарае. Так спакваля адбываецца спустошваньне гэтай зямлі, ператварэньне яе ў пустэчу.

Хочацца запытаць, ды няма ў каго: чаму зьніклі красьненскія ды маладэчанскія чубкі лясоў, балоты, крыніцы. Багацейшымі ад гэтага беларускія калгасы не сталі — наадварот, паступова апусьціліся да поўнага жабрацтва.

І зьдзек над прыродай працягваецца. Сёньня ў адным толькі Лагойскім раёне Менскай вобласьці 19 піларамаў штодня рэжуць лес на піловачнік ды накіроўваюць фуры за мяжу. Зьвіняць сякеры ды пілы ў зялёнай зоне сталіцы. На вачах аднаго пакаленьня мая краіна становіцца лесастэпам. Усеагульная беднасьць ды хцівасьць таму прычынай. Куды ідзём, куды? Што мы пакінем нашчадкам?" — пытаецца Станіслаў Ляшковіч з Маладэчна.

Вы самі адказалі на свае пытаньні, спадар Станіслаў. Абмежаванасьць, хцівасьць ды сквапнасьць таму прычынай. І найперш тых, хто пры ўладзе. У эпоху Машэрава высякалі лясы ды асушалі балоты, каб першымі дакласьці Маскве ды атрымаць ордэн. Цяпер ордэнаў ды пасадаў чакаюць ад Лукашэнкі.

Наш сталы слухач і аўтар Віктар Скараход зь Менску разважае пра тое, на якія грамадзкія сілы абапіраецца Лукашэнка. Спадар Скараход піша:

"Нядаўна давялося лячыцца ў шпіталі вэтэранаў вайны, правесьці некалькі тыдняў у асяродку такіх жа, як я, былых салдат. Шмат цяжкіх уражаньняў засталося ад тых дзён. Трапіў я ў асяродак людзей, якія альбо цалкам выракліся роднай мовы, альбо ніколі не гаварылі па-беларуску.

Але справа ня толькі ў гэтым. Паказальна, як большасьць іх ставіцца да палітычных падзеяў. Мы разам глядзелі тэлевізар. Дык вось — як толькі зьявіцца на экране Яўгені Кісялёў, яны ад лютай нянавісьці да яго і перадачаў НТВ гатовыя кідаць камяні ў экран.

А разышоўшыся па палатах, працягваюць абмяркоўваць, што супрацьпаставіць ЗША, якія ўжо нібыта распрацавалі пляны бамбаваньняў Беларусі. А калі я спытаў некалькіх ветэранаў, хто такія Захаранка, Ганчар, Завадзкі, дык пачуў у адказ: "Что-то не припоминаю такого".

З такім электаратам Лукашэнку толькі й праводзіць рэфэрэндумы — яны пагодзяцца і на ўдушэньне мовы, і на зьнішчэньне незалежнасьці, і на ўвядзеньне расейскіх рублёў замест беларускіх. Для магільшчыкаў беларускасьці гэта надзейная апора і падтрымка. Родны народзе! Змахні ачмурэньне з вачэй!" — заклікае ўдзельнік вайны і наш сталы слухач Віктар Скараход зь Менску.

На заканчэньне ліст ад Cяргея Шышлакова зь сяла Навасёлаўка Вальнянскага раёну Запароскай вобласьці, што ва Ўкраіне. Ён піша:

"Хоць жыву ва Ўкраіне, перадачы вашы слухаю часта. У Беларусі жывуць мае сябры і знаёмыя. І мяне цікавіць літаральна ўсё пра жыцьцё там. Вашыя ж праграмы даюць поўную і аб’ёмную інфармацыю пра беларускае жыцьцё. Яны цікавыя і разнастайныя, а навіны апэратыўныя і аб’ектыўныя.

Хоць пішу я вам па-расейску, беларускую мову разумею выдатна. І таму вашыя галасы ў маім доме заўсёды жаданыя госьці".

Сяргей Шышлакоў таксама наракае, што чутнасьць беларускай Свабоды ў яго ў Запарожжы не заўсёды добрая, і ён хацеў бы атрымаць дакладны расклад перадач з указаньнем частот. Тым больш, што ў гэтым месяцы хвалі й частоты беларускай Свабоды зьмяніліся.

Дзякуем за добрыя словы, Сяргей. Выконваем вашую просьбу і дасылаем наш каляндарык з новым раскладам. Адначасова зьвяртаем вашую ўвагу, што інфармацыя пра новыя хвалі і частоты пэрыядычна паўтараецца ў нашых праграмах.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Раісы Алісевіч з Капыля, Аляксандра Наркевіча зь Вялейкі і Міхася Мазака зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG