Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы адстойваюць Пагоню, даюць прагноз на выбары ды іншае


Лісты слухачоў чытае й камэнтуе Валянцін Жданко.

У пошце апошніх тыдняў я вылучыў некалькі лістоў, аўтары якіх разважаюць на тэму грамадзкіх пратэстаў — пішуць пра ўмовы, пры якіх людзі гатовыя публічна абараняць свае інтарэсы, і пра магчымасьці, якія існуюць для гэтага ў сёньняшняй Беларусі.

Пра магчымасьці звычайна распавядаецца пэсымістычным тонам — публічна выяўляць сваю нязгоду з уладай сёньня небясьпечна, і ўлада гэта не аднойчы дэманстравала. Формы пратэсту, аднак, вельмі розныя, і для іх знаходзіцца магчымасьць нават у такім не прыстасаваным для гэтага месцы, як вясковая школа.

Вось як напісаў нам пра сваю асабістую акцыю пратэсту старшаклясьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну Менскай вобласьці:

"Другога лютага, у дзень нараджэньня Кастуся Каліноўскага, я прыйшоў у школу з нашыўкай гербу "Пагоня". Зразумела, за мяне адразу ж узяліся настаўнікі: "Што гэта за фашызм, ты разумееш, што ты падобны да паліцая, заўтра ты яшчэ свастыку начапі".

Я пачаў тлумачыць, што з гэтым гербам войскі Вялікага Княства Літоўскага разьбілі крыжакоў пры Грунвальдзе. А яны мне: "Што нам, беларусам, да літоўскага гербу". Давялося тады тлумачыць і пра ВКЛ як беларускую дзяржаву, і пра паўстаньне 1863 году, і пра абвяшчэньне незалежнасьці БНР, сымбалем якіх была "Пагоня". Тады, здалося, яны трохі мяне зразумелі й дазволілі насіць герб. Назаўтра, напярэдадні 265-годзьдзя Тадэвуша Касьцюшкі, я зноў пайшоў у школу з "Пагоняй" на пінжаку".

У адным са сваіх папярэдніх лістоў Зьміцер пісаў нам, як з такім жа імпэтам перад аднаклясьнікамі абараняў ад настаўнікаў выяву бел-чырвона-белага сьцяга на сваім дзёньніку. Напісаў ён і пра сваё бачаньне хуткіх выбараў. Зноў цытую ліст:

"На мой погляд, асноўную ролю ў гэтых выбарах павінна адыграць моладзь. Мы зробім тое, чаго не змаглі зрабіць нашы бацькі й дзяды. Калі ў мяне запыталі ў школе, навошта мне гэта патрэбна, я адказаў: "Хто, калі ня мы? Можа, тая пэнсіянэрыя, якая за кожную дабаўленую капейку гатовая галасаваць за цяперашнюю ўладу? Ці нашыя бацькі, якія ўсё яшчэ ў палоне настальгіі па СССР?"

Мой прагноз на выбары ўсё ж аптымістычны: мне здаецца, большасьці людзей надакучыла быць ізаляванымі ад усяго сьвету й ператварацца ва ўскраіну Расеі", — напісаў нам школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Шкада, Зьміцер, што ў гэтых выбарах табе й тваім равесьнікам яшчэ не давядзецца браць удзелу з прычыны ўзросту. Але ў галоўным ты маеш рацыю — лёс краіны ўрэшце павінны й будуць вырашаць тыя, хто свабодны ад стэрэатыпаў мінулага, ад настальгіі па імпэрскай велічы й ад страху перад самаўладзтвам.

На тэму пратэстаў напісаў нам таксама Іосіф Бура зь Менскага раёну:

"Чуў па Свабодзе, што ўлады не дазволілі прафсаюзам правесьці мітынг у цэнтры Менску. Калі так — прафсаюзы павінны пайсьці іншым шляхам: прызначыць усебеларускі бестэрміновы страйк. І народ падтрымае прафсаюзы, трэба толькі пачаць. Урэшце, колькі мы будзем цярпець? Гэтая ўлада ганьбіць усё беларускае, прадае нас мафіёзнай Расеі. У краіне 100 000 міліцыянтаў, безьліч КГБістаў, разьдзьмуты кіраўнічы апарат. На пасадах працягваюць трымаць многіх пэнсіянэраў.

А тым часам моладзь ня можа знайсьці працу. Аляксандар Лукашэнка, законны тэрмін паўнамоцтваў якога скончыўся ў ліпені 1999 году, цягне нас у Расею. Беларускія хлопцы ўжо гінулі за расейскія інтарэсы на кітайскай мяжы, у Аўганістане. А цяпер Расеі патрэбнае пушачнае мяса, каб ваяваць у Чачэніі. Дапусьціць такога нельга", — лічыць Іосіф Бура зь Менскага раёну.

Выглядае, Іосіф, што ідэя бестэрміновага ўсебеларускага страйку пакуль што заўчасная. Прынамсі, у выкананьні прафсаюзаў усе папярэднія спробы надаць гэтаму руху масавасьць не былі надта пасьпяховымі. На тое, праўда, ёсьць шмат аб'ектыўных прычынаў. І найпершая — жорсткае супрацьдзеяньне ўладаў любой падобнай праяве.

Наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску падзяліўся сваім бачаньнем выбарчай кампаніі, якая ўжо фактычна пачалася ў Беларусі. Ён піша:

"Пакуль ня ведаю, за каго прагаласую, затое дакладна ведаю, за каго галасаваць ніколі ня буду — за Лукашэнку. Прычын для гэтага шмат. Па-першае, я хацеў бы, каб Беларусь рухалася ў напрамку эканамічнай інтэграцыі ня толькі з Расеяй, але і з дэмакратычнай, цывілізаванай, заможнай Эўропай. Але Лукашэнка выбраў іншы напрамак, яго вабяць Ірак, Куба, Лівія, Паўночная Карэя ды іншыя дыктатарскія рэжымы.

Па-другое, Лукашэнка ўхваляе той парадак, які быў усталяваны ў 1930-я гады ў Нямеччыне Гітлерам. Асабіста для мяне як гітлераўскі, так і камуністычны парадкі непрымальныя. Рэжым Лукашэнкі — гэта нейкі гібрыд, галасаваць за яго ня буду, і буду іншых людзей агітаваць, каб не далі сябе зноў ашукаць", — лічыць Ільля Копыл, пэнсіянэр зь Менску.

Яго падтрымліваюць многія нашыя слухачы. Адметна, што апошнім часам нямала лістоў мы атрымліваем з Украіны. Украінскія слухачы нашага Радыё пільна сочаць за падзеямі ў Беларусі і дзеляцца ўражаньнямі пра пачутае. Вось што піша Віктар Давыдзенка, пэнсіянэр з Кіева:

"Першага лютага чуў у вашай перадачы, як адзін слухач з Магілёва палохаў беларусаў панамі з Польшчы. Маўляў, дазволяць прадаваць зямлю — давядзецца на іх працаваць. Дык лепш працаваць на польскага пана, які будзе добра плаціць, чым на расейскага бая, які ня толькі ня плаціць — яшчэ й бізуном падганяць будзе.

Нядаўна ў нас у Кіеве па мясцовым радыё перадавалі, што Лукашэнка аб'явіў замежных назіральнікаў баевікамі, а таму, маўляў, на выбары іх пускаць нельга. Няўжо яму ў вас вераць? Гэтак ён хутка скажа, што з прусакамі можна змагацца з дапамогай расейскай народнай песьні. Няўжо й тады яму паверыце?

Cьмешна чуць, як вас палохаюць замежнымі капіталістамі, якія купяць вашу зямлю й пабудуюць на ёй заводы. Гэта ж вельмі добра: у вас зьявяцца працоўныя месцы й добрыя заробкі. А калі замежнікам штосьці не спадабаецца — заводы застануцца ў краіне: у кішэнях яны іх з сабой не забяруць", — піша Віктар Давыдзенка з Кіева.

Дадам да вашага ліста, спадар Віктар, што страхі наконт захопу Беларусі замежным капіталам сёньня — гэта ў асноўным прымітыўны прыём афіцыйнай прапаганды, якому вераць хіба што фанатычныя бальшавікі. Большасьць разважлівых грамадзянаў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, як паказваюць апытаньні, з задавальненьнем памянялі б працу і пайшлі б на завод да замежнага гаспадара.

Таксама з Украіны, з гораду Чаркасы, атрымалі мы ліст ад Рыгора Калацея. Слухач піша:

"Як і многія ўкраінцы, я зь цікавасьцю назіраю за падзеямі ў Беларусі. І хачу сказаць вам: не губляйце сваю радзіму й сваю мову — яны дадзеныя вам Богам. Зараз многія з вас адмовіліся ад таго й другога дзеля так званага "яднаньня" зь іншым народам. Але што гэта, калі ня здрада сваіх бацькоў і дзядоў?

Толькі зламысьнік альбо недалёкі чалавек можа гаварыць, што мова і незалежнасьць — гэта нацыяналізм. Няўжо вы хочаце, каб вашыя дамы й жыцьці вашых дзяцей сталі шчытом для Расеі? Няўжо ня бачыце, як жывуць там людзі ды колькі там каштуе чалавечае жыцьцё?

Усё залежыць ад вас саміх. Будзе жаданьне пабудаваць незалежную дзяржаву — Пан Бог падасьць вам руку. Быў такі час у нашай гісторыі, калі расейскія захопнікі ва Ўкраіне ў Кіеве расстралялі тысячы людзей за тое, што яны размаўлялі на сваёй роднай мове. Няўжо вы хочаце такога на сваёй зямлі?" — напісаў нам Рыгор Калацей з Чаркасаў.

А на заканчэньне — шчыры ліст ад Уладзіміра Крысковіча зь Менскага раёну. Слухач піша:

"Я — вайсковы пэнсіянэр, праслужыў у савецкай арміі 26 гадоў, 18 гадоў быў у КПСС. За гады вучобы й службы быў цалкам русіфікаваны і моцна замбаваны. Як выйшаў на пэнсію, пасяліўся ў вёсцы. Дапамагаю вяскоўцам добрым словам і добрымі справамі.

Стаў слухаць Радыё Свабода (асабліва беларускую праграму), чытаць "Народную волю". За 10 гадоў жыцьця без марксісцка-ленінскай падрыхтоўкі стаў паступова разумець, што мне ўвесь час вучобы й службы хлусілі, ашуквалі, замбавалі, старанна хавалі праўду пра сапраўдную гісторыю Беларусі. Апошнімі гадамі я ўжо не магу слухаць беларускае дзяржаўнае радыё й глядзець БТ, бо там усё тая ж хлусьня, як і за часам КПСС.

Я добра разумею, што Лукашэнка са сваім атачэньнем зробяць усё магчымае, каб застацца пры ўладзе. Гэтага ні ў якім разе дапусьціць нельга, бо яшчэ празь пяць гадоў ад Беларусі й беларусаў мала што застанецца. Ідзе непрыхаваная русіфікацыя, алькагалізацыя, выміраньне насельніцтва. Людзі, асабліва ў вёсках, ня ведаюць праўды. Каб ім даць хоць крыху праўдзівай інфармацыі, ад электарату Лукашэнкі мала што засталося б.

Я распавядаю людзям пра радыёстанцыі Свабода й Рацыя. Яны зь цікавасьцю ставяцца да гэтага, бяруць календары з раскладам працы Радыё Свабода і налепкі радыё Рацыя. Але, на маю думку, гэтага мала. Варта вам падумаць пра больш шырокую рэкляму. Змагаймася, як можам!" — такім заклікам закончыў свой ліст вайсковы пэнсіянэр зь Менскага раёну Ўладзімер Крысковіч.

Цалкам згодныя з вамі, Уладзімер, і шчыра ўдзячныя за вашую плённую працу дзеля таго, каб кола нашых слухачоў пашыралася.

Дзякуй і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG