Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 верасьня 2000


Валянцiн Жданко

28 Верасьня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Пра заняпад і выміраньне беларускае вёскі гавораць і пішуць, напэўна, яшчэ з часу хрушчоўскага ўзбуйненьня калгасаў і брэжнеўскае "Харчовае праграмы". Тэма банальная і, здавалася б, ня надта цікавая — чым тут можна зьдзівіць? Лісты нашых слухачоў, аднак, сьведчаць пра тое, што старая гэтая тэма набывае новыя адценьні.

Вось які ліст даслаў школьны настаўнік Вячаслаў Сьцяпанаў з Гарадоцкага раёну Віцебскае вобласьці. Вячаслаў піша:

"Тое, што адбываецца апошнія гады зь вёскаю, бязь сьлёз апісаць немагчыма. Пануюць беднасьць, убоства й беспрабуднае п'янства. Вельмі шкада дзяцей. Некаторыя прыходзяць у школу ледзь не басанож — у парваных гумавых ботах, у старым брудным адзеньні. Такога не было, напэўна, нават у галодныя пасьляваенныя гады. Хочацца дапамагчы ім, але як, калі ты сам, настаўнік, ледзь зводзіш канцы з канцамі, не заўсёды хапае заробку нават на ежу…

Вёска гіне, і няма ніякае веры ў тое, што хоць нешта можа зьмяніцца ў блізкім часе. Разам зь ёю гінем і мы — тыя нешматлікія, каго называюць вясковай інтэлігенцыяй. Асабіста я больш цярпець не магу — зьбіраюся зьехаць з гэтае краіны, ад гэтае безнадзейнасьці й безвыходнасьці. Хоць і вельмі люблю Беларусь",

— напісаў Вячаслаў Сьцяпанаў з Гарадоцкага раёну Віцебскае вобласьці.

Вёска, сапраўды, сьпіваецца. П'юць гэтак, як не пілі нават у "п'яныя" 70-я гады. Усё часьцей можна пабачыць п'яных жанчынаў — зьява раней для вёскі надзвычай рэдкая. А галоўнае, сьпіваюцца тыя нешматлікія цягавітыя мужыкі, якія працаваць могуць і хочуць.

Але — працаваць не за мізэрны, амаль аднолькавы для ўсіх заробак, якога да таго ж трэба чакаць некалькі месяцаў. І працаваць на сябе, на ўласную сям'ю, на сваіх дзяцей.

Адметна, што ўсё гэта адбываецца на фоне афіцыйнага ўхваленьня калгаснага ладу й бясконцых "Дажынак", на якіх сьвяткуюць невядома што, і якія для любога, хто знаёмы з побытам цяперашняе беларускае вёскі, толькі яшчэ больш выразна падкрэсьліваюць глыбіню гэтага заняпаду.

Працяг гэтае ж тэмы — у лісьце Сяргея Новіка з Горадні, які разважае пра тое, чаму беларусы выбралі сабе шлях, які так адрозьніваецца ад шляху суседніх народаў. Ён піша:

"Знаёмыя палякі, якія часам прыяжджаюць да мяне ў госьці, зьдзіўляюцца: "Калі б у нас такое тварылася, — кажуць, — людзі б ужо даўно павыходзілі на вуліцу, страйкавалі б усе заводы, — і ўлада імгненна памянялася б".

Я ўсё больш схільны пагадзіцца зь імі. Прычына ў нас саміх, у нашым беларускім мэнталітэце, у нашай вялікай і ня надта разумнай цярплівасьці. Нам абы вайны не было ды голаду. А так — ёсьць кавалак хлеба ды бульба з салам — выжыць можна, то й добра, церпім. А тое, што ўсе суседзі сьмяюцца з нас і жывуць зусім іншым жыцьцём — нас быццам і не турбуе. Пакуль будзем такімі — жыцьцё ня зьменіцца. І ніхто нам яго ня зьменіць",

— напісаў Сяргей Новік з Горадні.

І яшчэ адзін ліст як працяг гэтае тэмы — тэмы паўсядзённага жыцьця звычайнага чалавека ў дзяржаве, улады якой абвясьцілі рынкавы сацыялізм і называюць галоўнай адметнасьцю сваёй палітыкі сацыяльную арыентацыю…

Піша Людміла Баркоўская, інвалід II групы з Магілеўскага інтэрнату "Салтанаўка":

"Няма больш сілы цярпець прыніжэньні й зьдзекі ў гэтым інтэрнаце. Даводзяць да такое ступені, што вымушаная бадзяжнічаць і прасіць міласьціны ў людзей на кавалак хлеба. Уся хворая, брудная, сілаў няма.

Харчаваньне вельмі слабое, лекі перасталі даваць. Вакол бруд. Прусакі не даюць спакою. Вады гарачай няма — хутка зарасьцем вашыма. І ўсе вакол п'юць па-страшнаму — і работнікі, і тыя, хто жыве ў інтэрнаце.

Вельмі хацелася б, каб вы дапамаглі, пахадайнічалі, каб мяне перавялі адсюль у Бабруйскі (Каменскі) дом-інтэрнат. Усё ж хацелася б быць бліжэй да дому, да радзімы, і там памерці. Хоць ад гэтага лягчэй",

— напісала Людміла Баркоўская, інвалід з Магілеўскага інтэрнату "Салтанаўка".

Адметна, што дамагаецца Людміла найперш не паляпшэньня ўмоваў, ня лепшага харчаваньня й гарачае вады, а ўсяго толькі пераводу ў іншы інтэрнат, бліжэй да дому. Хоць і ня дужа спадзяецца, што ўмовы там значна адрозьніваюцца ад ўмоваў магілеўскага інтэрнату. Але і ў гэтым ёй адміністрацыя і чыноўнікі ўсіх узроўняў адмаўляюць.

На жаль, у нас няма рычагоў узьдзеяньня на дзяржаўных чыноўнікаў — спадзяемся, хаця б тое, што ліст прагучыць у эфіры, неяк паўплывае на сытуацыю.

Наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў Берасьцейскае вобласьці гэтым разам разважае пра магчымыя вынікі хуткіх выбараў. Ён піша:

"Паводле сёньняшніх эўрапейскіх звычаяў, Лукашэнка, так бы мовіць, "падкруціў" пад сябе ўвесь працэс выбараў яшчэ больш нахабна, чым Мілошавіч у Сэрбіі. Мілошавіч страшыць даволі моцную апазыцыю войскам. А ў Беларусі проста не дапусьцілі на выбары бальшыню тых, хто хацеў балятавацца. А на саміх выбарах адсякуць і тых нешматлікіх апазыцыянэраў, хто яшчэ застаўся.

І ніякага выбуху ня будзе. Беларуская апазыцыя — мышка, якая спрабуе са сьпіны заходняга льва пастрашыць гарылу, якая мірна жыве ў адной пячоры з расейскім мядзьведзем. Леў не палезе ў тую пячору. І мышка застанецца мышкаю.

"На сёньняшні момант усё ясна, — робіць выснову Алесь Марціновіч, — выбары Лукашэнка выйграе без праблемаў. Гэтак жа бяз цяжкасьці ён выйграе праз год і прэзыдэнцкія выбары. У Эўропы, ЭўраЗьвязу — мільён іншых праблемаў — з бэнзынам, нафтаю, уключэньнем у свой склад шасьці новых краінаў…

Ужо восем год беларуская нацыянал-дэмакратыя ўпарта сьцьвярджае, што народ прачнецца, зьмяце кампрадорска-прамаскоўскі рэжым, пойдзе ў Эўропу. Гэтая схэма не спраўджваецца. У мяне ёсьць вялікія сумневы, што ў Беларусі хоць калі-небудзь выявіцца фэномэн польскае "Салідарнасьці" — і што на сацыяльным бязладзьдзі, з сацыяльных пратэстаў распачнуцца масавыя пратэсты антыімпэрскія і антырасейскія. Але ад гэтых тэмаў беларуская нацыянал-дэмакратыя, як стравус, хавае галаву ў пясок,

— лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Яшчэ адзін ліст — таксама на тэму выбараў — даслаў нам Анатоль Касмач з Салігорску. Анатоль піша:

"Апазыцыя заклікае ня йсьці на выбары. І што далей? Ня пойдзем мы — прагаласуюць за нас. І зноў застанемся ў гэтым балоце. Па-мойму, тое, што ня будзем галасаваць — толькі на карысьць гэтай уладзе. А трэба нешта рабіць, трэба дзейнічаць. Будзем слухаць менскіх апазыцыйных палітыкаў — зноў застанемся ні з чым. А яны, як Пазьняк, пазьяжджаюць за мяжу і адтуль будуць нас вучыць. Вучыць мае права той, хто перамагае, а ня вечны няўдачнік, які ня выйграў ніводнае палітычнае бітвы",

— напісаў Анатоль Касмач з Салігорску.

На пытаньні, якія ставіць у сваім лісьце Анатоль Касмач, часткова адказаў Алесь Марціновіч. Сумнеўны шлях — удзел у выбарах, вынік якіх загадзя прадвызначаны, якія адбываюцца пад поўным кантролем улады, якія пры цяперашніх вельмі абмежаваных паўнамоцтвах парлямэнту ня здольныя істотна паўплываць на расклад палітычных сілаў.

Што да ацэнак здольнасьцяў беларускай апазыцыі — то што ж, яны могуць быць рознымі, як розная і сама апазыцыя, якую немагчыма разглядаць як нешта аднастайнае і цэльнае.

На заканчэньне — ліст Алены Сёмухі зь Менску. Алена піша:

"Слухаю вас нядаўна. Да апошняга часу я ўвогуле ня слухала Беларускае радыё і не глядзела Беларускую тэлевізію. Мала таго, што прафэсійны ўзровень там ніжэй за ўсякую крытыку, дык яшчэ й хлусяць у кожным сказе. Пра мясцовыя навіны даведвалася з расейскіх тэлеканалаў — яшчэ нядаўна пра падзеі ў Беларусі яны паведамлялі вельмі часта й поўна. Але пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Пуцін — быццам адрэзала: пра Беларусь увогуле нічога не паведамляецца, нібы й няма яе.

Даводзіцца думаць, што Расеі Беларусь стала проста непатрэбнай і нецікавай з усімі яе праблемамі. Маўляў, выблытвайцеся самі й разьбірайцеся са сваім Лукашэнкам, як хочаце.

Вашыя перадачы мне з большага падабаюцца — часам слухаю іх, часам чытаю ў інтэрнэце. Цікавіць найперш інфармацыя, якую нідзе больш не даведаесься. Не задавальняе ваш антырасейскі тон. З Расеяй мы зьвязаныя вельмі моцна — ігнараваць гэта нельга. Магчыма, штосьці магло зьмяніцца на пачатку 90-х, але пра гэта цяпер запозна казаць. Што не даламалі камуністы, даламае Лукашэнка. Беларусы паступова становяцца спрэс расейскамоўнымі, і з гэтым немагчыма не лічыцца",

— напісала Алена Сёмуха зь Менску.

Мы не ігнаруем, Алена, тое, што Беларусь шчыльна зьвязаная з Расеяй. Але пра вынікі аднабаковай эканамічнай, палітычнай, культурнай арыентацыі беларускага кіраўніцтва выключна на Расею лічым неабходным распавядаць аб'ектыўна. І гэта ня ёсьць антырасейскім тонам — гэта ёсьць люстэркам сёньняшняе беларускае паўсядзённасьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG