Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 Траўня 2000


Валянцiн Жданко

11 Траўня 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Мінулы тыдзень быў ня столькі працоўным, колькі сьвяточным. Сьвяткавалі й нашыя слухачы. Але ўражаньні ад гэтых сьвяткаваньняў засталіся ня толькі станоўчыя. Вось што напісаў нам Іван Садоха зь Менску:

"Гэтакая была пагалоска пра вайсковы парад, што я, стары дурань, спакусіўся, паабяцаў унукам, што 9 траўня зваджу іх на пляц Незалежнасьці паглядзець на танкі ды ракеты. Прачнуліся рана, апрануліся па-сьвяточнаму, таўкліся ў перапоўненым аўтобусе… Але зь якога боку ні падыходзілі да пляцу, паўсюль упіраліся ў міліцэйскае ачапленьне. Нідзе не дапамаглі нават мае мэдалі – міліцыянты патрабавалі пропуск…

Я абураўся: "Чаму патрэбен пропуск, каб хадзіць па сваім родным горадзе?" У адказ чуў кпіны й лаянку. Унукі плакалі, я нэрваваўся. Сьвята было канчаткова сапсутае. Мы стаялі ў нейкім глухім двары, над галовамі зь віскам праносіліся самалёты, і гэта толькі раздражняла.

Нас выпусьцілі на пляц толькі пасьля параду. Асфальт, яшчэ днямі такі акуратны, быў пасечаны тракамі вайсковае тэхнікі. Па пляцы бадзяліся нецьвярозыя людзі. Паўсюль прадавалі гарэлку. Было крыўдна й млосна…

На такі парад я ўнукаў больш ніколі не павяду. Бо наладжваўся ён не для народа, а для аднаго-адзінага гледача, ад якога ўсіх нас і адгароджвалі тыя тысячы міліцыянтаў".

Гэта быў ліст Івана Садохі зь Менску.

Нідзе ані ў Эўропе, ані ў былым Савецкім Саюзе не наладжвалі ў дзень заканчэньня Другое ўсясьветнае вайны такі парад, як у Менску – з бранятэхнікаю і самалётамі, з трактарамі й сенакасілкамі. Нават у Маскве пашкадавалі на гэта грошы й брук на Красным пляцы, які пасьля сталёвых тракаў давялося б рамантаваць.

У Менску дзеля дэманстрацыі вайсковае магутнасьці не шкадавалі ані грошай, ані нэрваў людзей, якіх спачатку не дапускалі ў цэнтар гораду пад час шматлікіх штовечаровых рэпэтыцыяў параду, а потым прынізілі й тым, што не пусьцілі на само гэтае шоў. Парад, сапраўды, быў не для іх. Ён быў дзеля задавальненьня амбіцыяў аднае асобы. І ў той дзень гэта многія зразумелі.

А пра памяць і пашану да ўдзельнікаў мінулае вайны мяркуюць зусім не паводле салютаў і парадаў. Вось які ліст мы атрымалі ад Яніны Догель зь вёскі Радзьвілаўцы Лідзкага раёну Гарадзенскае вобласьці:

"Мой бацька Франц Дзежыц памёр у нямецкім палоне ў горадзе Сувалкі, у Польшчы. Пра гэта ў мяне ёсьць паведамленьне ад савецкага Чырвонага Крыжа. Усё сваё жыцьцё я была абдзеленая ўвагаю і клопатам. Нашу сям'ю ўлады не лічылі сям'ёй загінуўшага, бо вайсковае званьне бацькі не было ўказанае ў асабістай картцы. І аніякіх зьвестак пра ягоны ўдзел у баёх таксама няма. Нібы яго забралі як цывільную асобу. Толькі мне ад гэтага не лягчэй: усё жыцьцё прайшло ў беднасьці й нястачы. Я ўжо на пэнсіі, а жыцьцё маё зусім не ўладкаванае: жыву ў аварыйным дамку. Узімку замярзаю. Толькі дзякуючы майму аптымізму ды веры ў Бога я яшчэ існую", – напісала Яніна Догель зь вёскі Радзьвілаўцы Лідзкага раёну.

Спадарыня Догель просіць адрэсу беларускага Чырвонага Крыжа, празь які спадзяецца знайсьці якія-небудзь сьляды бацькі й папрасіць дапамогі.

Адрэса Цэнтральнага Камітэту Чырвонага Крыжа такая:
вуліца Карла Маркса, 35,
220030, Менск, Беларусь.

Ліст гэты сьведчыць пра стаўленьне ў Беларусі да тых, хто пацярпеў ад вайны, намнога больш красамоўна, чым пампэзныя ўрачыстасьці ў Менску. На тыя вялізныя грошы, якія былі кінутыя дзеля забавы ўлады, можна было адрамантаваць хатку й бабулі Яніне ў Радзьвілаўцах, і тысячам іншых такіх жа бабуль, якія не дачакаліся з вайны сваіх бацькоў, і мусілі потым усё жыцьцё пакутаваць у галечы.

Наш сталы слухач і аўтар многіх допісаў Ільля Копыл зь Менску таксама падзяліўся ўласным бачаньнем таго, што і як варта сьвяткаваць. Ён піша:

"Людзі сярэдняга й старэйшага веку яшчэ памятаюць, як у савецкі час да 1 Траўня й да 7 Лістапада ўсе газэты друкавалі заклікі ЦК КПСС. Потым паводле гэтых заклікаў партыйныя камітэты прымушалі камуністаў праводзіць палітінфармацыі, гутаркі, лекцыі. Прапаную і ў наш час працягнуць гэты займальны жанр…"

Спадар Копыл падмяніў сабою ЦК КПСС і склаў уласны пералік заклікаў да травеньскіх сьвятаў, які складаецца ажно з 34-х пазыцыяў. Калі б дэманстрацыя прайшла пад такімі лёзунгамі, гэта было б, і праўда, займальнае відовішча. Маніфэстанты несьлі б такія, да прыкладу, заклікі: "Ня слухайце палітычных авантурыстаў і балбатуноў, якія абяцаюць рай пад расейскім дахам", або "Няма даверу ўладзе, якая давяла нас да галечы". Дэманстрацыю такую на менскім пляцы Незалежнасьці пакуль што ўявіць цяжка, але рана ці позна яна адбудзецца – спадар Копыл у гэта верыць.

Яўген Бабаеў з Гомелю піша:

"Дзіўлюся, як людзі вераць казкам улады наконт таго, што ў цяперашняй эканамічнай катастрофе Беларусі вінаватыя нібыта дэмакраты, – маўляў, гэта Шушкевіч краіну разваліў, вось Лукашэнку цяпер і цяжка ўсё выправіць. Гэта аргумэнт для тых, у каго няма ані памяці, ані здольнасьці лічыць да дзесяці. Колькі часу Шушкевіч быў старшынём Вярхоўнага Савету? Два гады. А колькі Лукашэнка кіруе Беларусьсю, захапіўшы ўсю ўладу й творачы тут усё, што яму заўгодна? Шэсьць гадоў. Ды за такі час краіны з попелу паўстаюць, з пасьляваенных руінаў. Уся Ўсходняя Эўропа, у якой на пачатку 90-х становішча было ня лепшае за нашае, устала на ногі. Сярэдні заробак там сягае 300-400 даляраў. Людзі маюць магчымасьць зарабляць, бачаць пэрспэктыву. А нас улада частуе байкамі пра "саюз" ды сацыялізм і ператварыла ў жабракоў. Уся краіна – вялікі калгас. А ў калгасе ж, вядомая справа – калі не вымакла, дык выгарала, добрага ўраджаю не бывае ніколі", – напісаў Яўген Бабаеў з Гомелю.

Удакладню сказанае вамі, Яўген: параўнаньне шасьці гадоў фактычнага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі з тымі двума гадамі, калі Станіслаў Шушкевіч узначальваў Вярхоўны Савет, не зусім карэктнае. Фармальна Шушкевіч лічыўся кіраўніком краіны, але рэальнай улады, каб ажыцьцяўляць уласную палітыку, ня меў. Беларусь тады была парлямэнцкай рэспублікаю, а найбольшай рэальнай уладаю валодаў прэм'ер-міністар Вячаслаў Кебіч. Які, дарэчы, ня быў прыхільнікам ані рынкавай эканомікі, ані незалежнасьці Беларусі. І гэта толькі падмацоўвае вашыя высновы, Яўген.

Што да Беларусі, як да вялікага калгасу – дык што ж, само жыцьцё пацьвярджае гэтае параўнаньне. Тры гады таму не было ў нас ураджаю, бо пранеслася бура, пазалетась замінала паводка – усё вымакла, летась – засуха (адпаведна, усё высахла). Сёлета вось, выглядае, што ўраджай вымерз, бо зь Менску ў калгасы паступіла дырэктыва адсеяцца ў красавіку, а на пачатку траўня надарыліся начныя маразы…

Але самая вялікая калгасная таямніца ў тым, што ўраджаю ўсё роўна ня будзе, нават калі не перашкодзяць маразы й паводкі… Не даедзе ён да засекаў: пагубляюць па дарозе або раскрадуць. Бо ёсьць гэта асноўнай уласьцівасьцю такое формы гаспадараньня, дзе няма ўласьніка і эканамічнага інтарэсу, а ёсьць толькі прымус, жабрацкі заробак ды крывадушныя заклікі да працы.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG