Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-11-09



Свабода.
Спытайце філёзафаў мудрых,
хаваецца здаўна пад словам што тым,
па кнігах Хрыста, Магамеда і Буды
адказ вам дадуць у выслоўі сьвятым.
Свабода раба - пазбаўленьне кайданаў.
Свабода цара - права іх надзяваць.
Свабода аратага - ў полі ад раньня
да позьняга вечара хлеб здабываць.
Свабода матроса - шырокае мора.
Свабода паэта - натхненьня палёт.
Свабода геоляга - дзікія горы.
Свабода краіны - свабодны народ.
Чаго ж не хапае нам сёньня, васпане?
Чаму адчуваньне вязьніцы ў душы?
Чаму не праглядвае волі сьвітаньне
у нашай зусім, як магільнай, цішы?
Якое патрэбнае слова народу,
якое ідэі яму не стае,
чаму ён ня просіць ніякай свабоды,
чаму не выпроствае плечы свае?
Адказ мой пахіліць у чорную скруху
і змрокам ахіне радзімы абшар:
нам не хапае свабоды духу,
нам не хапае свабоды мар.
Мы не жадаем вялікіх зьдзяйсьненьняў,
мы не акрэсьлілі велічных мэт,
мы - дзеці палонных сямі пакаленьняў,
канец пугаўя нам адмервае сьвет.
Таму не пытайце вы нас пра свабоду,
не называйце народ наш дурным,
дарогу да волі шчэ доўгія годы
мы будзем выношваць у сэрцы сваім.
Мы сілы паложым свае і натхненьне,
каб волю пасеяць у душы дзяцей,
а вырасьце нашых сыноў пакаленьне
і нашую справу далей павядзе.
І панясе над сусьветнай разрухай
наш беларускі нясьхільны штандар,
і верне народу свабоду духу,
і верне народу свабоду мар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG