Нельга жыць бяз волі чалавеку.
Воля – варта нашай барацьбы.
Але на зямлі жывуць спрадвеку –
Каб жа толькі Божыя – рабы.
Берагуць – майно, а час – марнуюць.
Прадаюць за грош душу і дар.
Рабства сёмы год сваё сьвяткуюць,
Хоць спусьцеў дарэшты каляндар.
Гонару й сьвятыняў не бароняць.
Дзецям не ладкуюць родны кут.
Прамянялі вольную Пагоню
На абвіты стужкамі хамут.
І дэкрэты ў іх – вышэй закону,
І ў культуры – кожны культурыст,
Нат у храме Божым ім з амбону
Мовіць праваслаўны атэіст.
Дзень зьмяняе ноч, а сонца – цемру.
Змрочны час, дасьць Бог, перажывем,
Грамадой, нарэшце, зможам хеўру –
І Айчыну вольнай назавем.