Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНКЕВІЧ: “МЫ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ, АЛЕ ГЭТА НЕ АЗНАЧАЕ, ШТО МЫ ЗЬМЯНІЛІ СУСЕДЗЯЎ”


Тацяна Поклад, Вільня

Некалькі дзён таму ў часе працоўнага візыту ў Літву прэм’ера Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Бэрці Агэрн і ягоны літоўскі калега А. Бразаўскас абмеркавалі пытаньні ўсходняй палітыкі Эўразьвязу.

Паводле А. Бразаўскаса, літоўскі досьвед стасункаў зь Беларусьсю мае быць карысным для Эўразьвязу. Літоўскі прэм’ер выказаў меркаваньне, што, хаця ў кірунках стратэгіі ўсходняй палітыкі Эўразьвязу нічога ня зьмянілася, “гэтая структура павінна ахопліваць і новых суседзяў, Беларусь і Ўкраіну”.

Цяпер распрацоўваецца новая канцэпцыя замежнай палітыкі Літвы. Старшыня парлямэнцкай камісіі ў справах НАТО і старшыня дэлегацыі Сойму ў Парлямэнцкай Асамблеі Эўразьвязу і краінаў Міжземнамор’я Вацлаў Станкевіч мяркуе, што ў дачыненьні да Беларусі інтарэсы Літвы і Эўразьвязу не супярэчаць.

(Станкевіч: ) “Так, мы далучыліся да НАТО і Эўразьвязу, але гэта не азначае, што мы зьмянілі суседзяў. Нашымі суседзямі засталіся і Беларусь, і Калініградзкая вобласьць Расеі. І Беларусі патрэбная Літва як краіна Эўразьвязу, і Літве патрэбная Беларусь.

Мы павінны сябраваць зь Беларусьсю, гэта для нас і эканамічна важная справа. Што да палітыкі, то мы маем падтрымліваць добрыя суседзкія дачыненьні зь Беларусьсю, як і з Расеяй. Эўразьвяз ня хацеў бы мець праблемы альбо нейкія складанасьці, якія б маглі ўзьнікнуць з боку Літвы ў выніку кепскіх стасункаў зь Беларусьсю альбо і Расеяй. Мы будзем рабіць усё належнае ў гэтым кірунку. І гэта ня толькі тычыцца добрых суседзкіх дачыненьняў, як і Эўразьвяз патрабуе, гэта адпавядае нашым уласным нацыянальным інтарэсам.

Межы Літвы – гэта зьнешнія межы Эўразьвязу. І для Эўразьвязу, і для Літвы – якая ж таксама Эўразьвяз – вельмі важна, што адбываецца каля іх межаў. Таму для нас важна, каб Беларусь была прадказальнай дэмакратычнай краінай. Вось у гэтым кірунку мы разам з краінамі Эўразьвязу і будзем працаваць”.

Гэта быў старшыня парлямэнцкай камісіі літоўскага Сойму ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч.

Літоўскія палітыкі і дыпляматы мяркуюць, што ў сваёй новай замежнай палітыцы Літва, якая мае каля 700 кілямэтраў супольнай мяжы зь Беларусьсю, мае прэтэндаваць на ролю лідэра ў сваім рэгіёне што да стасункаў з краінай-суседкай. Якім чынам гэта можа ўплываць на беларуска-літоўскія дачыненьні?

(Станкевіч: ) “Паўплывае ў тым сэнсе, што Літва будзе значна больш актыўна працаваць зь беларускімі палітыкамі, і з прэзыдэнцкай вэртыкальлю, і з апазыцыяй, – працаваць больш актыўна, чым іншыя краіны. Літва гэта ўжо імкнецца рабіць на працягу некалькіх гадоў. І ў Літве, і ў Беларусі сёлета будуць парлямэнцкія выбары, так што можа многае зьмяніцца. Мне здаецца, што цяпер, калі Літва стала краінай Эўразьвязу і НАТО, нам трэба кантактаваць зь беларускім парлямэнтам таксама.

Іначай, я баюся, Беларусь адчуе сябе загнанай у кут, і ёй застанецца толькі адно – ісьці на ўсход. Эўразьвяз не хацеў бы гэтага, а таго, каб Беларусь была бліжэй да Эўразьвязу і НАТО. Таму, мой погляд такі, што мы павінны працаваць і з апазыцыяй, і з грамадзкасьцю беларускай. Але мы не павінны цурацца і міністраў, і мэраў гарадоў, і гэтак далей. Працаваць зь імі разам таксама, каб Беларусь была як мага бліжэй да Эўразьвязу”.
XS
SM
MD
LG