Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГВАЛТОЎНЫЯ СУТЫКНЕНЬНІ Ў АДЖАРЫІ, ЗЬНІШЧАНЫЯ МАСТЫ НА МЯЖЫ ПАМІЖ АДЖАРЫЯЙ І РЭШТАЙ ГРУЗІІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Дэманстрацыі ў сталіцы Аджарыі, Батумі, пачаліся неўзабаве пасьля таго, як Аслан Абашыдзэ ўвёў у Аджарыі надзвычайнае становішча і камэнданцкі час, а таксама загадаў зачыніць школы і ўнівэрсытэты на два тыдні. Вось што адзін з дэманстрантаў, які назваўся Ачыка, расказаў пра сёньняшнія падзеі.

(Ачыка: ) “Сілы бясьпекі зьбівалі людзей па галовах. Я бачыў людзей з акрываўленымі галовамі. Некаторыя зь іх ледзь не трацілі прытомнасьць. Я бачыў жанчын з крывёю на тварах. Пасьля таго, як яны разагналі дэманстрацыю, гэтыя вар’яты накіраваліся ў офісы апазыцыйнага руху “Наша Аджарыя” і пазьнішчалі там усё. Ніводная шыба не засталася цэлай. Сытуацыя ў Батумі застаецца вельмі напружанай”.

Нагадаем, што на мінулым тыдні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што дае лідэру Аджарыі 10 дзён на тое, каб ўлады аўтаноміі спынілі парушэньне грузінскіх законаў і раззброілі незаконныя вайсковыя фармаваньні, якія дзейнічаюць цяпер у Аджарыі. У нядзелю паводле загаду Абашыдзэ былі падарваныя масты на мяжы паміж Аджарыяй і рэштай Грузіі. А ўчора Абашыдзэ заявіў, што ня бачыць магчымасьці выканаць ультыматум прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. “За дзесяць дзён раззброіць рэспубліку фізычна немагчыма”, – сказаў Абашыдзэ. Адказваючы на пытаньне, якім можа быць далейшае разьвіцьцё падзеяў, кіраўнік аўтаноміі заявіў: “Мы чакаем вайну”.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі таксама выказаў спадзяваньне, што Расея зробіць захады ў дачыненьні да адстаўнога генэрал-лейтэнанта расейскай арміі Юрыя Неткачава, які, паводле грузінскіх спэцслужбаў, асабіста кіраваў падрывам мастоў на мяжы Абхазіі і Грузіі.

Сваё стаўленьне да падзеяў выказала зьнешнепалітычнае ведамства ЗША. Дзярждэпартамэнт заклікаў кіраўніка Аджарыі Аслана Абашыдзэ раззброіць фармаваньні, што знаходзяцца пад ягоным кантролем. Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр заявіў, што апошнія дзеяньні Абашыдзэ выклікаюць заклапочанасьць, і што кіраўніцтва Аджарыі наўмысна спрабуе справакаваць ваенны крызыс з новым дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Грузіі. Паводле Баўчара, Вашынгтон глыбока занепакоены рашэньнем Абашыдзэ разбурыць масты паміж Грузіяй і Аджарыяй. Гэты крок можа разарваць міжнародныя транспартныя лініі, якія зьвязваюць Грузію з Эўропай і Азэрбайджанам.

Чаму кіраўнік Аджарыі паводзіць сабе гэтак самаўпэўнена, падтрымку якіх сілаў ён адчувае? Выглядае, што Абашыдзэ разьлічвае на падтрымку Расеі. Масква выказала заклапочанасьць разгараньнем канфлікту. Прадстаўнік МЗС Расеі Аляксандр Якавенка заявіў: “Успрымаючы адносіны Тбілісі-Батумі як ўнутраную справу Грузіі, расейскі бок у той самы час лічыць цалкам недапушчальным спробы вырашэньня праблемы праз ваяўнічыя заявы і пагрозы ўжываньня сілы”, – заявіў Якавенка. Ніякіх такіх заяваў у дачыненьні да аджарскіх уладаў Масква не рабіла, ні пасьля разбурэньня мастоў, ні пасьля жорсткага разгону ў Батумі дэманстрацыі апанэнтаў Абашыдзэ.
XS
SM
MD
LG