Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЎВАХОДУ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗ ЧЭХІЯ СТАНЕ БОЛЬШ ПРЫВАБНАЙ ДЛЯ ЭМІГРАНТАЎ І ЎЦЕКАЧОЎ


Алена Ціхановіч, Прага

Як лічыць аўтар артыкула, Ян Фішэр, непасрэдна пасьля 1 траўня, даты пашырэньня Эўразьвязу, сярод мэтавых краінаў імігрантаў апынуцца Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Польшча і Славенія.

“Яны дабяруцца сюды, ня мае значэньня як, і нягледзячы на тое, якія б цьвёрдыя меры не былі супроць іх прынятыя “, – кажа Ганна Грушава, кіраўнік Кансультацыі для ўцекачоў, што працуе ў Чэхіі. Такім чынам, новыя краіны Эўразьвязу як бы адчуюць на сабе долю сваіх заходніх суседзяў, напрыклад, той жа Нямеччыны – дзе вышэйшы ўзровень жыцьця непазьбежна зьвязаны і з вышэйшай доляй мігрантаў.

Дагэтуль ва ўсходнеэўрапейскіх краінах доля імігрантаў даволі нізкая – менш за 1%. Найвышэйшая яна пакуль ў Чэхіі – 2%. Сярод чужынцаў, што жывуць тут, склалася ўжо своеасаблівая спэцыялізацыя – напрыклад, віетнамцы гандлююць на базарах таннымі таварамі, украінцы будуюць і прыбіраюць, славацкія дактары і мэдсёстры прыяжджаюць сюды па большы заробак. Выхадцы з былой Югаславіі спэцыялізуюцца на гандлі сувэнірамі і золатам.

Між тым, сярод усіх эўрапейскіх нацыяў чэхі, як піша газэта, маюць нешта адрознае у сваім характары – гэта глыбокая пераплеценасьць талерантнасьці і ксэнафобіі.

Нігерыец – Атанда Муры Сані, які жыве тут больш за 10 гадоў, кажа, што ўдзячны гэтаму грамадзтву за тое, што атрымаў тут прытулак, а ягоныя дзеці – адукацыю. Аднак, як заўважае мужчына, у гэтым грамадзтве ён заўсёды адчуваў сябе аўтсайдэрам. Калі ў яго нядаўна ўкралі мабільны тэлефон, паліцэйскія сказалі, што ня будуць факт расьсьледаваць, бо ён – ня чэскі грамадзянін.

Як і ў іншых заходніх суседзяў, у чэхаў існуе перасьцярога, што нелегальныя мігранты перагрузяць працоўны рынак. Цяпер у краіне ўзровень беспрацоўя афіцыйна складае 11%. Але тым жа ўкраінцам даводзіцца выконваць толькі тую працу, на якую самі чэхі ня маюць ахвоты.

Чэхі набліжаюцца да заходняй Эўропы яшчэ ў адным паказчыку – тут найменшы ўзровень нараджальнасьці. Пры такой тэндэнцыі, нацыя, якая цяпер налічвае 10 мільёнаў, да 2050 году можа скараціцца да 8 мільёнаў. Чэхі, падобна амэрыканцам, могуць стаць нацыяй старых людзей. І ў гэтым сэнсе ўрад вымушаны быў свой погляд скіраваць на імігрантаў. У краіне распачаты пілётны праект, які дае права на працу і жыхарства маладым сямейным спэцыялістам з Баўгарыі, Харватыі і Казахстану.

Але, як заключае аўтар, пакуль што ўзровень іміграцыі ў чэхах не такі высокі, каб урад спэцыяльна на гэтым засяродзіў сваю увагу і думаў пра тое, як інтэграваць чужынцаў у чэскае грамадзтва.

Да публікацыі ў газэце “International Herald Tribune” дадам, што некалькі дзён таму стала вядома – сьпіс краінаў, зь якіх Чэхія прымае на працу маладых дыплямаваных спэцыялістаў, цяпер пашыраны. Туды ўлучаныя Беларусь і Малдова.
XS
SM
MD
LG