Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ПРЭЗЫДЭНТ СЛАВАЧЧЫНЫ – ІВАН ГАШПАРАВІЧ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Нават сам Гашпаравіч прызнаўся, што зьдзіўлены розьніцай галасоў, пададзеных за яго і за Мэчыяра. Але ў прынцыпе, абодва прэтэндэнты паводле сваіх поглядаў шмат у чым падобныя. Абодва—папулісты і схільныя да аўтарытарнага мэтаду кіраваньня.

У Славаччыне даўно ўжо параўноваюць Мэчыяра з Лукашэнкам. Яшчэ гадоў пяць таму я на свае вочы бачыў у Братыславе на мосьце праз Дунай графіці “Мэчыяр = Лукашэнка”.

Перамогу Гашпаравіч аналітыкі тлумачаць тым, што славакі, якія вельмі незадаволеныя палітыкай цяперашняга ўраду Мікулаша Дзурынды і якія ў першым туры правалілі кандыдата ад урадавай кааліцыі Эдуарда Кукана, зноў галасавалі насуперак закліку гэтай кааліцыі.

Кааліцыя заклікала выбаршчыкаў у другім туры галасаваць за Мэчыяра, які не аднойчы казаў, што ён можа вырашыць крызыс унутры кааліцыі і які для яе быў меншым злом, чым Гашпаравіч.

Але людзі для сябе і краіны выбралі меншае зло: памятаючы аўтарытарны стыль кіраваньня Мэчыяра, калі ён быў прэм’ерам, славакі аддалі галасы за Гашпаравіча.

Былая правая рука Мэчыяра, Гашпаравіч паступова ад яго адмяжоўваўся. Ужо ў 2002 годзе Гашпаравіч спыніў сваё сяброўства ў Руху за дэмакратычную Славаччыну, старшынём якога і сёньня застаецца Ўладзімер Мэчыяр.

Гашпаравіч перапрасіў славацкую грамадзкасьць за некаторыя памылкі мінулага і заявіў, што яшчэ дакажа павагу да свайго народу.

Прэзыдэнт у Славаччыне выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі. Кіруе краінай урад. І тым ня меней, народ абраў прэзыдэнта, апазыцыйнага ўраду.

Апатыяй і недаверам кабінэту Дзурылы тлумачаць аналітыкі і нізкую яўку выбаршчыкаў. Людзі лічаць, што ўрадавая кааліцыя найперш займаецца сваімі ўнутрыкааліцыйнымі праблемамі, а не рэалізацыяй сацыяльна-эканамічных рэформаў. Экспэрты прагназуюць, што з прыходам Івана Гашпаравіча, кааліцыю чакае цяжкі пэрыяд. І што пры пэўнай раскладцы сілаў, магчымая нават адстаўка цяперашняга ўраду.
XS
SM
MD
LG