Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЯКІХ МАШЫНАХ ЕЗЬДЗЯЦЬ ЧЫНОЎНІКІ Ў ЛІТВЕ?


Тацяна Поклад, Вільня

У гаспадарцы літоўскага Сойму на 140 парлямэнтароў прыпадае 85 аўтамабіляў, зь іх 50 – легкавыя. У штаце працуе 40 кіроўцаў, зь іх 20 абслугоўваюць парлямэнтароў.

Іншыя урадавыя установы маюць па некалькі дзесяткаў машынаў, а некаторыя і менш за дзесяць – як, да прыкладу, Канстытуцыйны суд, Вышэйшы суд Літвы, Цэнтральная выбарчая камісія.

Закон, які рэглямэнтуе карыстаньне службовым транспартам, быў прыняты 4 гады таму, але штогод зьяўляюцца папраўкі, якія мусяць дапамагчы эканоміць на службовых машынах.

У Літве імкнуцца заахвоціць урадоўцаў карыстацца сваімі уласнымі машынамі, выдаткі на гэта кампэнсуюцца. Гэтак ашчаджаюцца сродкі з утрыманьня службовых гаражоў, і чынавенству зручней – ня трэба падаваць справаздачу за кожную паездку.

Два гады таму, улетку 2001, было прынятае рашэньне, паводле якога, калі чыноўнік карыстаецца не службовым транспартам, а сваім уласным, яму выплачваецца штомесяц кампэнсацыя – 80% ад сярэдняга заробку (цяпер гэта 900 літаў – каля 300 даляраў), для парлямэнтароў – удвая болей (2000 літаў – каля 700 даляраў). За гэтую кампэнсацыю не патрабуецца справаздачы.

Некаторыя самакіраваньні абмяжоўваюць кампэнсацыю за карыстаньне уласнай машыны у службовых мэтах і патрабуюць справаздачы. Большасьць кіраўнікоў і больш паловы супрацоўнікаў мясцовых уладаў карыстаюцца у часе працы уласнымі машынамі.

Летась была зьменшаная колькасьць чыноўнікаў, якія маюць права на службовую машыну з кіроўцам. Цяпер гэта – толькі чальцы ўраду, канцлер ураду, кіраўнікі урадавых установаў і кіраўнікі акругаў.

Паводле закону, кошт службовай машыны мае быць ня вышэй за 60 тысяч літаў (каля 20 тысяч даляраў).

Для большасьці літоўскіх урадоўцаў улюбёная марка – BMW. Як кажа 36-гадовы віленскі мэр Артурас Зуокас, гэта кансэрватыўныя і надзейныя машыны. Мэр Вільні карыстаецца не службовай машынай, а ўласным BMW і для жонкі набыў машыну гэткай самай маркі.

Урад старанна дэманструе свае памкненьні эканоміць на службовых машынах. Да прыкладу, Сойм яшчэ у 2000 годзе прыняў рашэньне аб скасаваньні гаража з балянсу прэзыдэнтуры.

Службовую машыну льга арэндаваць. Да прыкладу, адзін кілямэтар на “Volkswagen Golf” будзе каштаваць 95 літоўскіх цэнтаў, на “Volkswagen Passat” – 1,1 літаў (менш паловы даляра).

Летась літоўскія парлямэнтары заплацілі каля 2 тысячаў даляраў за карыстаньне службовымі машынамі. Часам гэтыя выплаты былі прымусовыя, часам – добраахвотныя.

Наагул, урадоўцы штораз часьцей езьдзяць на сваіх уласных машынах. Калі карыстацца службовай – шмат абмежаваньняў, даводзіцца складаць падарожныя лісты, ды і журналісты хутка заўважаюць, які чыноўнік куды паехаў – і газэты адразу падрабязна паведамляюць, што вось, да прыкладу, службовы лімузын “Volvo 960” кіраўніка дэпартамэнту аховы стаяў каля Лядовага палацу ў працоўны час...
XS
SM
MD
LG