Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЕРШЫМ РАУНДЗЕ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У СЛАВАЧЧЫНЕ ПЕРАМОГ “СЛАВАЦКІ ЛУКАШЭНКА” МЭЧЫЯР


Аляксей Знаткевіч, Прага

Тое, што Мэчыяр выйдзе ў другое кола выбараў прадказвалі практычна ўсе сацыёлягі і аналітыкі. Былы прэм’ер мае ўстойлівую падтрымку ладнай часткі выбарцаў. Ён гэта і пацьвердзіў, набраўшы ў першым коле амаль 33% галасоў.

Нечакана якраз тое, што яго супернікам стане былы сьпікер славацкага парлямэнту Іван Гашпаровіч. Той набраў крыху больш за 22% і апярэдзіў праўрадавага кандыдата, міністра замежных спраў Эдуарда Кукана менш чым на 4 тысячы галасоў. Аглядальнікі гавораць, што Кукан занадта самаўпэўнена вёў сваю выбарчую кампанію. Рэч у тым, што ўрадавая партыя цяперашняга прэм’ер-міністра Мікулаша Дзурынды вельмі непапулярная. Цяперашні прэзыдэнт Рудольф Шустэр увогуле набраў каля 7%.

Для цяперашняга ўраду абодва кандыдаты, што выйшлі ў другі тур, непрымальныя. Гашпаровіч доўгі час быў паплечнікам Мэчыяра, і яго таксама вінавацілі ў непавазе да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Таму не выпадае чакаць, што паўтарыцца сцэнар мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Славаччыне. Тады Мэчыяр таксама выйшаў у другі туры, але прыхільнікі амаль ўсіх іншых кандыдатаў масава прагаласавалі за ягонага суперніка Рудольфа Шустэра.

Сытуацыя на цяперашніх выбарах ужо выклікала заклапочанасьць у Брусэлі, бо Мэчыяр, калі быў пры ўладзе, вызначаўся аўтарытарным стылем кіраваньня і варожасьцю да Эўразьвязу. Праўда, сам Мэчыяр цяпер цьвердзіць, што ён пасталеў як палітык. У прыватнасьці, ён кажа, што болей ня будзе лезьці з кулакамі на журналістаў, як гэта здаралася на ягоных некалішніх прэсавых канфэрэнцыях.

У Славаччыне – парлямэнцкая рэспубліка, і нават калі Мэчыяр стане прэзыдэнтам, праводзіць нейкую палітыку аднаасобна ён ня зможа. Адначасны зь першым колам прэзыдэнцкіх выбараў адбываўся рэфэрэндум аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Большасьць выбарцаў прагаласавала “за”, але бралі ўдзел у рэфэрэндуме толькі 36% выбарцаў, таму ён не адбыўся.

Ва ўладзе застаецца ўрад Мікулаша Дзурынды – палітычнага праціўніка Мэчыяра. Назіральнікі гавораць, што славакі стаміліся ад рэфэрэндумаў, якія ў свой час вельмі любіў праводзіць Мэчыяр.
XS
SM
MD
LG