Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БРУСЭЛІ БЫЛІ ЎЗЬНЯТЫЯ СЬЦЯГІ КРАІНАЎ, ЯКІЯ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА НАТО


Ганна Соусь, Менск

У літоўскай амбасадзе сёньня гучаў гімн паўночнаатлянтычнага альянсу. Побач з нацыянальным сьцягам Літвы быў узьняты сьцяг НАТО. А ў самой амбасадзе вывешаныя сьцягі ўсіх краінаў — сябраў альянсу.

Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас гаворыць пра тое, якім чынам паўплывае сяброўства Літвы ў НАТО на беларуска-літоўскія дачыненьні:

(Паслаўскас: ) “Наша ўстуленьне ў альянс азначае пашырэньне плошчы бясьпекі й стабільнасьці й зьяўляецца вырашальным крокам у напрамку стварэньня адзінай і свабоднай Эўропы. Гэта таксама дапаможа пашыраць, узмацняць лепшыя адносіны паміж пашыраным НАТО і ўсімі яго суседзямі”.

Часовы павераны Латыскай Рэспублікі ў Беларусі Эганс Нэйманіс адзначае, што пашырэньне НАТО не ўяўляе нікай пагрозы для Беларусі:

(Нэйманіс: ) “Я думаю, што пагрозы з боку НАТО няма абсалютна ніякай. І тут сёньня гаварылася пра тое, што пасьля 11 верасьня ў сьвеце зьявілася новая пагроза, якая сыходзіць не ад канкрэтных краінаў, а ад вялікіх, і як паказваюць нядаўнія падзеі ў Мадрыдзе, дастаткова добра арганізаваных тэрарыстычных арганізацыяў, што ўяўляюць сабой сур’ёзную небясьпеку. І гэта тая пагроза, зь якой у першую чаргу павінны змагацца ўсе краіны, у тым ліку і Латвія. І мы ацэньваем сваё ўступленьне ў НАТО ў першую чаргу ў гэтым кантэксьце”.

Пра тое, як будуць разьвівацца беларуска-эстонскія стасункі пасьля пашырэньня паўночнаатлянтычнага альянсу, гаворыць кіраўніца Генэральнага консульства Эстоніі ў Беларусі Крыстэн Лахтэін:

(Лахтэін: ) “Мы працавалі й раней разам, і, я думаю, будзем і далей узаемадзейнічаць. Беларусь жа таксама зьяўляецца ўдзельніцай праграмы “Партнэрства дзеля міру”. У гэтых рамках мы будзем працаваць і надалей”.

Часовы павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Ёзаф Мачышак адзначыў для Радыё Свабода, што для яго асабіста сёньня незвычайны дзень:

(Мачышак: ) “Я адначасова адчуваю і радасьць, і хваляваньне ад таго, што народ, часткай якога я зьяўляюся, і мая краіна, інтарэсы якой я прадстаўляю ў Беларусі, атрымаў моцную і даступную абарону, якую наўрад ці якая краіна ў сьвеце магла б атрымаць. Мы становімся актыўным удзельнікам і суб’ектам міжнароднай палітыкі бясьпекі, і ўжо больш ня будзем яе пасіўным аб’ектам. Я разумею, чым ёсьць гэтыя дні для Славацкай Рэспублікі. Гэта зьдзяйсьненьне вялікай мары многіх пакаленьняў дэмакратаў. У гэтыя дні зьдзейсьнілася мая грамадзянская мара. Я лічу, гэта гістарычны момант, які дае маёй краіне шанец жыць у больш спакойным і бясьпечным сьвеце”.

На ўрачыстасьцях з нагоды ўступленьня ў НАТО сямі новых краінаў прысутнічалі й прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі. Гаворыць першы намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі генерал Анатоль Сагакянц:

(Сагакянц: ) “На сёньняшні дзень я рады хаця б у той ступені, што ў нашых суседзяў зьдзейсьнілася мара, да якой яны імкнуліся. Што зьменіцца ў нашых дачыненьнях? Гэта залежыць ад нас і нашых суседзяў. Калі ў нас будзе жаданьне мець нармальныя дачыненьні, то я думаю, што не адыграе ніякай ролі, хто ў якім блёку. Я спадзяюся, што нашыя стасункі ня зьменяцца. Будуць, можа, нейкія новыя шляхі, новыя кантакты, новыя кірункі ўзаемадачыненьняў. Але мы суседзі, і нам наканавана хаця б старацца зразумець адзін аднаго й жыць як суседзі”.
XS
SM
MD
LG