Паводле афіцыйных дадзеных перамога Чэнь Шуйбяня над апазыцыйным кандыдатам Лянь Чань была мінімальнай – дзейны прэзыдэнт апярэдзіў свайго канкурэнта на 30 тысячаў галасоў з 13 мільёнаў выбаршчыкаў вострава.
Аднак апазыцыйны кандыдат Лянь Чань заяўляе, што прынамсі 300 тысячаў бюлетэняў былі наўмысна сапсаваныя. Апазыцыя патрабуе апячатаць выбарчыя скрыні і правесьці перападлік галасоў. Вярхоўны суд Тайваня задаволіў першае патрабаваньне – скрыні апячатаныя, але ці будзе праведзены перападлік – невядома.
Апазыцыя таксама мае вялікія падазрэньні наконт загадкавага замаху на жыцьцё прэзыдэнта Чэна літаральна за некалькі гадзінаў да выбараў. Прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнт Анэт Лу былі параненыя падчас перадвыбарчай паездкі. Кіраўнік дзяржавы атрымаў кулю ў жывот, яму наклалі 14 швоў, але ўжо празь некалькі гадзінаў выпісалі са шпіталю. Апазыцыя не выключае, што замах быў інсцэніроўкай, каб прыцягнуць галасы выбаршчыкаў.
Разам з выбарамі на Тайвані праводзіўся рэфэрэндум пра ўмацаваньне абарончай палітыкі і перамовы з Кітаем. Аднак рэфэрэндум прызнаны не сапраўдным, бо ў ім ўзялі ўдзел менш за палову выбаршчыкаў.
Тым ня менш сам факт правядзеньня такога плебісцыту і пераабраньне прэзыдэнтам Тайваня Чэна выклікалі занепакоенасьць Пэкіну. Яшчэ з часоў камуністычнай рэвалюцыі 1949 году Кітай лічыць Тайвань мяцежнай правінцыяй і заяўляе пра свой сувэрэнітэт над востравам.
Апазыцыйны тайваньскі кандыдат Лянь Чань выступаў за больш гнуткія адносіны Тайбэя з Пэкінам. Адмыслоўцы лічаць, што пераабраньне Чэна можа зрабіць стасункі паміж Тайванем і КНР больш напружанымі. У мінулым Пэкін наўпрост пагражаў, што сілай верне востраў пад свой кантроль, калі Тайвань паспрабуе абвесьціць сваю незалежнасьць.