Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУЗІЯ РАСПАЧАЛА ЭКАНАМІЧНУЮ БЛЯКАДУ АДЖАРЫІ


Валер Каліноўскі, Прага

Новаабраны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, рыхтуючыся да пазачарговых парлямэнцкіх выбараў 28 сакавіка, ня змог патрапіць на тэрыторыю Аджарыі. А міністра фінансаў грузінскага ўраду днямі ўвогуле арыштавалі і дэпартавалі з тэрыторыі гэтай аўтаноміі.

Саакашвілі вылучыў ультыматум да Аслана Абашыдзэ, патрабуючы, каб паліцыя і памежныя войскі Аджарыі падпарадкоўваліся Тбілісі. Абашыдзэ праігнараваў гэты ультыматум і адмовіўся сустракацца з Саакашвілі. У адказ апошні пайшоў на вельмі жорсткія захады:

(Саакашвілі: ) “Я гатовы сустрэцца сёньня ж з Асланам Абашыдзэ і пачаць дыялёг. На жаль, дыялёгу няма. Па гэтай прычыне я вырашыў зрабіць беспрэцэдэнтны крок і ўвесьці абмежаваньне імпарту ўсіх тавараў праз порт Батумі, памежны пункт Сарпі на мяжы з Турэччынай і аэрапорт Батумі. Мы уводзім часовае абмежаваньне на рух транспарту з таварамі праз аэрапорт, марскі порт і памежныя пераходы”.

Міхаіл Саакашвілі загадаў таксама замарозіць аджарскія рахункі ў грузінскіх банках і мяркуе, што кіраўніцтва Аджарыі ня здолее пратрымацца больш чым два тыдні.

З пачатку блякады сем замежных караблёў ужо не змаглі зайсьці ў порт Батумі. Ад блякады могуць пацярпець ня толькі аджарцы, але і краіны Цэнтральнай Азіі, якія экспартуюць свае нафтапрадукты праз порт Батумі.

Кіраўніцтва Аджарыі, якое карыстаецца шырокай аўтаноміяй з 1991 году, не жадае адмаўляцца ад сваіх прывілеяў. Акрамя таго, Тбілісі пагражае крымінальным перасьледам асобным сябрам ураду Аджарыі. Прэзыдэнт Аджарыі заявіў, што Тбілісі гуляе з агнём.

Аслан Абашыдзэ мае падтрымку ў Маскве. У мінулыя выходныя ён правёў перамовы з расейскім кіраўніцтвам, а сёньня ў Батумі прыбыў мэр Масквы Юры Лужкоў для кансультацыяў з Абашыдзэ.

(Лужкоў: ) “Я вельмі шкадую, што сытуацыя так нагнятаецца, замест таго каб спакойна сесьці за стол перамоваў і сказаць, што гэта пункт адліку, і тое, што на сёньня маецца, зьмяніць сілай ня ўдасца. Калі ёсьць неабходнасьць нешта вырашаць, то толькі праз згоду і кампраміс”.

ЗША, як і Расея, таксама заклікаюць абодва бакі гэтага канфлікту ўстрымацца ад гвалту і шукаць кампрамісу, паведамілі ў Дзярждэпатрамэнце ЗША.
XS
SM
MD
LG