Выразных сыгналаў аб пагрозе тэрарыстычных замахаў у Польшчы пакуль няма, аднак, паколькі Мадрыд зьяўляецца бліжэйшым саюзьнікам Варшавы ў Іраку – Гішпанія накіравала ў міжнародную дывізію пад польскім кіраўніцтвам адзін з найбольш шматлікіх кантынгентаў – улады Польшчы паставіліся да падзеяў у гішпанскай сталіцы вельмі сур’ёзна.
Прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Міллер сказаў:
(Міллер: ) “Калі гэты замах зьдзейсьнілі ня баскі, але тэрарыстычныя арганізацыі, якія дзейнічаюць па-за межамі Гішпаніі, дык гэта яшчэ раз паказвае, наколькі ўсе дзяржавы – удзельнікі антытэрарэстычнай кааліцыі мусяць быць пільнымі”.
У чацьвер позна ўвечары ў Варшаве адбылося паседжаньне антытэрарыстычнага штабу, у выніку якога для спэцслужбаў, паліцыі і памежнікаў быў абвешчаны стан вышэйшай гатоўнасьці. Гаворыць міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзінскі:
(Шмайдзінскі: ) “Усе сыгналы, што да знаходжаньня асобаў, якія могуць падазравацца ў сувязях з тэрарыстамі дакладна спраўджваюцца. Гэтыя асобы знаходзяцца пад сталым кантролем”.
Ці можна ў сувязі з гэтым чакаць нейкіх складанасьцяў пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы? Гаворыць прадстаўнік Падляскага аддзелу службы аховы межаў Польшчы Ганна Влошын-Врона.
(Врона: ) “Пакуль гэта не адбіваецца на павелічэньні чэргаў на памежных пераходах – усё залежыць ад далейшага разьвіцьця сытуацыі. Мы будзем дзейнічаць у адпаведнасьці з гэтай сытуацыяй і, як кажуць, трымаць руку на пульсе”.
Антытэрарыстычныя захады ў Польшчы актуальныя ня толькі з увагі на атакі ў Мадрыдзе. Напрыканцы красавіка ў Варшаве адбудзецца Эўрапейскі эканамічны форм, у якім возьмуць удзел прэзыдэнты, кіраўнікі ўрадаў і найбольш уплывовыя бізнэсоўцы зь дзясяткаў краінаў.