Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦЫ ЎСЁ ЧАСЬЦЕЙ ПАМІРАЮЦЬ АД АТЛУСЬЦЕНЬНЯ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Паводле аўтараў справаздачы, атлусьценьне хутка дагоніць паленьне тытуню ў якасьці асноўнай прычыны заўчаснай сьмерці людзей.

Паводле дадзеных гэтай справаздачы, прыкладна 400 тысячаў жыхароў ЗША, памерлі ў 2000 годзе ад хваробаў, выкліканых празьмернай вагой. Гэта болей як 16% ад агульнай колькасьці сьмерцяў і на траціну болей, чым у 1990 годзе.

Такім чынам, доля сьмяротнасьці ў ЗША, выкліканая паленьнем, на дадзены момант толькі на 2% большая за сьмяротнасьць, выкліканую атлусьценьнем. І калі ўлічыць, што ў ЗША апошнімі гадамі вядзецца моцная антыцыгарэтная кампанія, то можна чакаць, што ўжо ў наступныя гады атлусьценьне стане забойцам нумар адзін.

Менавіта таму і прагучала ўчора на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне наступная заява міністра аховы здароўя ЗША Томі Томпсана:

(Томпсан: ) “Мы надзвычайна растаўсьцелі, спадарыні і спадары, і з гэтым мы павінны нешта рабіць”.

Паводле статыстыкі амэрыканскага ўраду, дзьве траціны дарослых амэрыканцаў, а гэта амаль 130 мільёнаў людзей, маюць празьмерную вагу.

Прычынаю – дрэнная дыета і фізычная бязьдзейнасьць. Навукоўцы заклікаюць урад весьці кампанію супраць атлусьценьня гэтак жа агрэсіўна, як і з паленьнем. Перадусім яны прапануюць перабудаваць усю фэдэральную сыстэму школьнага харчаваньня. Статыстыка за сёлетні студзень засьведчыла, што выдаткі амэрыканцаў на лячэньне ад хваробаў, выкліканых атлусьценьнем, перавысілі 75 мільярдаў даляраў.

Тым часам, прадпрыемствы хуткага харчаваньня самі пачалі рабіць захады, каб зьменшыць колькасьць калёрыяў у стравах. Так, некалькі дзён таму кампанія McDonald’s паведаміла, што ў адказ на крытыку будзе зьніжаць калярыйнасьць свайго асартымэнту, перадусім адмаўляючыся ад супэр-порцыяў.
XS
SM
MD
LG