Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ЎЛАДЫ ПРЫПЫНІЛІ ВЯШЧАНЬНЕ СТАНЦЫІ, ЯКАЯ ТРАНСЬЛЯВАЛА “БІ-БІ-СІ”, “НЯМЕЦКУЮ ХВАЛЮ” І “РАДЫЁ СВАБОДА”


Юры Дракахруст, Прага

Перадатчык “Кантынэнту” быў адключаны падчас перадачы “Грамадзкага радыё”. Міліцыя канфіскавала ўласна сам перадатчык, правяла ператрус у офісе радыё, былі затрыманыя тры супрацоўнікі кампаніі, які праўда ў хуткім часе былі вызваленыя. Як паведаміў кіраўнік “Кантынэнту” Сяргей Шолах спыненьне вяшчаньня і канфіскацыя абсталяваньне адбыліся без рашэньня суду, падставай сталася выснова дзяржаўнага цэнтру “Укрчастотнагляд”, што “Кантынэнт” нібыта ажыцьцяўляў незаконнае вяшчаньне, бо ня меў ліцэнзіі на частату.

Закрыцьцё “Кантынэнт” выклікала рэзкую рэакцыю яго заходніх партнэраў. Кіраўнік замежнага вяшчаньня “Нямецкай хвалі” Міядраг Шорыч заявіў з гэтай нагоды наступнае:

(Шорыч: ) “Радыёстанцыя “Нямецкая хваля” надзвычай занепакоеная паведамленьнямі пра тое, што ўлады Ўкраіны ўхвалілі рашэньне зачыніць радыёстанцыю “Кантынэнт”. Радыёстанцыя “Кантынэнт” зьяўляецца нашым партнэрам з 2000 году... І раней было нямала сьведчаньняў таго, што ўлада Ўкраіны парушае свабоду мэдыяў”.

Украінская служба “Бі-Бі-Сі” прыняла адмысловую заяву з нагоды закрыцьця “Кантынэнту”. Гаворыць галоўны рэдактар украінскай службы “Бі-Бі-Сі” Расьціслаў Хоцін.

(Хоцін: ) “Мы з прыкрасьцю пачулі зьвестку пра тое, што радыёстанцыя Кантынэнт – шматгадовы партнэр “Бі-Бі-Сі” – была зьнятая з эфіру сёньня ў Кіеве. Шмат слухачоў “Бі-Бі-Сі” ў сталіцы Ўкраіны настройваліся на хвалю ўкраінскай службы “Бі-Бі-Сі” менавіта праз трансьляцыю “Кантынэнтам” нашых праграмаў. Шкада, што зараз у іх ня будзе такой магчымасьці. Нам было прыемна працаваць з радыё “Кантынэнт”, і “Бі-Бі-Сі” спадзяецца, што гэтая радыёстанцыя зможа падаць заяўку на сваю частату ў будучым, каб і надалей узбагачаць выбар украінскага слухача сваімі праграмамі”.

Абурэньне з нагоды закрыцьця радыё “Кантынэнт” выказаў прэзыдэнт Радыё Свабода / Свабодная Эўропа Томас Дайн. Ён падкрэсьліў, што цяпер кожны журналіст на Ўкраіне задае сабе пытаньне : “Хто наступны?”.

Як мы ўжо паведамлялі, у лютым украінская FM “Довіра” раптоўна скасавала кантракт з Радыё Свабода на рэтрансьляцыю праграмаў яе ўкраінскай службы. Паводле кіраўніка радыё “Кантынэнт” Сяргея Шолаха сапраўднай прычынай закрыцьця яго радыёстанцыя стаў менавіта намер трансьляваць “Свабоду”. Гаворыць Сяргей Шолах.

(Шолах: ) “Першае – тое, што пачалі глушыць радыё “Кантынэнт” пасьля таго, як было аб’яўлена, што пачынае трансьлявацца Радыё Свабода на нашай хвалі. Перад гэтым у мяне была сустрэча з прадстаўнікамі сацыял-дэмакратычнай партыі. Імёнаў я пакуль называць ня буду. Першае, што мне было заяўлена, што калі я пачну трансьляваць Свабоду, то гэта для мяне канец. Сказалі, што ці я буду супрацоўнічаць зь імі, ці мяне пасадзяць у турму, і я там альбо пагаджуся альбо ня выйду адтуль наагул”.

Гэта быў кіраўнік зачыненай радыёстанцыі “Кантынэнт” Сяргей Шолах. Ён гаворыць пра сустрэчу з прадстаўнікамі сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіраўнік гэтай партыі Віктар Мэдвэдчук узначальвае адміністрацыю прэзыдэнта Кучмы.

Сваю ацэнку закрыцьця радыё “Кантынэнт” прапануе кіраўнік “Грамадзкага радыё” Тарас Кузьмоў. Перадача менавіта гэтай станцыі былі перапыненая у момант адключэньня перадатчыка “Кантынэнту”.

(Кузьмоў: ) “Закрыцьцё радыё “Кантынэнт” бясспрэчна ўвойдзе старонкай ў працэс сыстэматычнай зачысткі украінскай радыёпрасторы ад суб’ектаў, якія непадкантрольныя ўладзе. Насьцярожвае тое, што планка такой зачысткі гэтым разам была выстаўленая на новы ўзровень, бо цяжка ўспрымаць як чыньнік цывілізаванай дзяржавы факт налёту на тэрыторыю кампаніі, усе мажлівыя і немажлівыя дзеяньні, зробленыя для таго, каб радыёкампанія не зьявілася ў эфіры”.

Тым часам ва Ўкраіне разгараецца яшчэ адзін скандал, зьвязаны з выкрываньнямі былога супрацоўніка ўкраінскіх спэцслужбаў, дарадцы амбасады Ўкраіны ў Нямеччыне генэрала Валера Краўчанкі. Ён абнародаваў тэксты сакрэтных інструкцыяў, якія падчас службы атрымліваў з Кіева. У адной зь іх кіраўніцтва спэцслужбаў даручае Краўчанку прыпыніць трансьляцыю на адным зь нямецкіх тэлеканалаў перадачы пра незаконны экспарт з Украіны чалавечых органаў. Для гэтага прапануецца сабраць інфармацыю пра сувязі і палітычныя кантакты некаторых нямецкіх і ўкраінскіх журналістаў. У іншым дакумэнце прапануецца адсочваць кантакты за мяжой украінскіх урадоўцаў падчас афіцыйных візытаў. Нарэшце, яшчэ адна інструкцыя загадвае высьветліць кантакты ўдзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі, якая адбылася сёлета ў Кіеве. Генэральная пракуратура Ўкраіны не знайшла ў гэтых паперах нічога незаконнага, палічыўшы іх звычайнай працай спэцслужбаў. Іншае меркаваньне выказаў старшыня парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях свабоды слова Мікола Тамэнка.

(Тамэнка: ) “Я не разумею, як можна афіцыйным законным шляхам выведчыку знайсьці інфармацыю пра сувязі журналісткі, грамадзкага дзеяча з Харкаву. Я таксама ня ведаю, як можа законным шляхам перашкодзіць зьяўленьню сюжэту на нямецкім тэлеканале. Я таксама ня ведаю, як можна сабраць інфармацыю пра неафіцыйныя сустрэчы зь бізнэсмэнамі міністраў і іншых урадоўцаў за мяжою. Па-чалавечы я разумею генэральнага пракурора, ён відаць хацеў абараніць гонар мундзіру. Я перакананы, што мундзір паганенькі, але ёсьць. А вось гонару ўжо даўно няма”.

Гэта быў старшыня камісіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях свабоды слова Мікола Тамэнка.
XS
SM
MD
LG