Нямецкая прэса паведамляе, што ёй 26 год, яна дыплямаваная германістка, выпускніца Менскага лінгвістычнага унівэрсытэту і зараз атрымлівае дадатковую адукацыю ў Бохумскім унівэрсытэце. Вераніка Дзядок прыняла удзел у адмысловым конкурсе, які быў абвешчаны летась у розных постсавецкіх краінах, ў тым ліку і ў Беларусі. Тэма для удзельнікаў конкурсу была сфармуляваная наступным чынам: пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу і ягоны уплыў на жыцьцё маленькіх людзей у вашай краіне.
Кожны з удзельнікаў мусіў аргумэнтаваць сваю тэму і таксама выбраць краіну Эўрапейскага Зьвязу, якую б ён хацеў наведаць. Вядома, што ў Беларусі заяўкі на удзел падалі дзясяткі журналістаў. Канчатковую фільтрацыю удзельнікаў зрабілі прадстаўнікі групы АБСЭ і менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру ІВВ. У выніку адабраныя імі некалькі журналістаў змаглі наведаць адну з краінаў Эўрапейскага Зьвязу, напісаць пра гэта свой нарыс, а затым даслаць яго ў Нямеччыну на разгляд журы, у якое ў тым ліку уваходзілі рэдактары нямецкіх выданьняў.
Вераніка Дзядок падрыхтавала нарыс пра лёс дзьвюх жанчын, якія жывуць па абодва бакі беларуска-польскае мяжы. Паводле галоўнага рэдактара “Норд-Вэст-Цайтунг” Рольфа Зээльгельма, гэты матэрыял можна надрукаваць ў любой саліднай нямецкай газэце. Паводле жанру, гэта і рэпартаж, і партрэт, і тонкая схаваная крытыка адначасова. Як лічыць журы, маладая беларуская журналістка можа мець прафэсійную будучыню ў Нямеччыне.
Што да ляўрэатаў другой і трэцяй прэміі “Надзеі для Ўсходняй Эўропы”, то імі сталі расейскія журналісты.
Прэміі былі ўручаныя ўчора ў старажытным нямецкім гарадку Ольдэнбургу. Пасьля ўрачыстасьцяў адбылася дыскусія па праблемах свабоды слова ў Беларусі. Разам зь Веранікай Дзядок пра сытуацыю зь беларускімі сродкамі масавай інфармацыі распавёў прафэсар інстытуту журналістыкі пры Дортмундзкім унівэрсытэце Хорст Пёткер.