Бюджэт, які на гэтым тыдні прадставіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, прадугледжвае скарачэньне такой дапамогі на 13 адсоткаў.
2005 фінансавы год пачынаецца з кастрычніка 2004 году і складае амаль два з паловай трыльёны даляраў. Пад час традыцыйнага штотыднёвага радыёзвароту да нацыі прэзыдэнт Буш не пакінуў ніякіх сумненьняў, што бясьпека – ягоны галоўны прыярытэт.
(Буш: ) “Пагроза тэрарызму супраць амэрыканцаў застаецца, і мой бюджэт амаль у тры разы павялічвае бясьпеку Радзімы, перавышаючы ўзровень 2001 году, павялічваючы на 10 адсоткаў у будучым годзе... Гэтыя сродкі дапамогуць гарантаваць бясьпеку на нашых межах, у аэрапортах і ў марсіз портах, палепшыць нашую абароназдольнасьць супраць біялягічнага нападу. Я прапаную павялічыць бюджэт ФБР на 11 адсоткаў... Амэрыка не павінна зьмяншаць пільнасьці ў вайне з тэрарызмам”.
Што датычна дапамогі краінам Усходняй Эўропы, і найперш былога Савецкага Саюзу, дык тут існуе няпэўнасьць адносна таго, на які памер амэрыканскай дапамогі яны могуць разьлічваць. Да прыкладу, Буш прапануе ў будучым годзе 80-мільённы грант для фонду Endowment for Democracy. Але гэтыя грошы не размеркаваныя – яны проста прызначаныя для краінаў Афрыкі, Азіі, Усходняй Эўропы і былога СССР.
Гэтак жа 345 мільёнаў даляраў выдаткаваныя для адукацыйных праграмаў і культурнага абмену – але без канкрэтызацыі. Расходы на Ірак і Афганістан нават ня ўключаныя ў сьпіс. Джошуа Болтэн, дырэктар офісу кіраваньня і бюджэту Белага Дому, гаворыць, што памер сродкаў будзе вызначаны пазьней і ўключаны ў дадатковы запыт аб фінансаваньні.
Нагадаем, што на разглядзе Кангрэсу ЗША знаходзіцца Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які прадугледжвае ў тым ліку і фінансавую дапамогу беларускім няўрадавым арганізацыям. У падтрымку гэтага Акту выказаліся шэраг уплывовых сэнатараў і кангрэсмэнаў.
У інтэрвію расейскаму агенцтву “Інтэрфакс” амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол заявіў, што амэрыканскую адтрымку беларускіх недзяржаўных арганізацыяў і мэдыяў ня варта разглядаць як падрыў стабільнасьці беларускага грамадзтва ці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі. Амбасадар сказаў, што гэтая падтрымка – праява жаданьня амэрыканскага ўраду працаваць з тымі беларусамі, якія выступаюць за разьвіцьцё дэмакратыі ў краіне.