Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА ВЫПЛАЦІЦЬ 7.5 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ СЕМ’ЯМ АХВЯРАЎ СА ЗЬБІТАГА САМАЛЁТУ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Два гады таму падчас украінскіх вайсковых вучэньняў, ракета патрапіла ў расейскі самалёт “Ту-154”, які ляцеў над Чорным морам з Ізраілю ў Навасібірск. Усё 78 чалавек на борце самалёта – грамадзяне Ізраілю і Расеі – загінулі. Большасьць ахвяраў былі нядаўнія эмігранты з Расеі ў Ізраіль.

Пасьля доўгіх перамоваў Ізраіль дамовіўся з Украінай, што сваякі 40 загінулых ізраільскіх грамадзянаў атрымаюць ад украінскага ўраду сем з паловай мільёнаў даляраў кампэнсацыі. Гэта прыкладна 200 тысячаў на кожнага загінулага.

Многія сваякі пацярпелых раней падалі ў суды, патрабуючы кампэнсацыі. Судовыя працэсы пакуль працягваюцца. Ізраільскі міністар юстыцыі Ёзэф Лапід паведаміў украінскай газэце “Сегодня”, што калі нехта са сваякоў адмовіцца ад кампэнсацыі, Ізраіль верне грошы Ўкраіне, але не падтрымае судовыя пазовы.

(Лапід: ) “Зразумела, што калі нейкая зь сем’яў не пажадае далучыцца да гэтага пагадненьня і адмовіцца ад прапанаваных кампэнсацыяў, яна мае поўнае права юрыдычна дабівацца нейкіх іншых умоваў – але ў такім выпадку гэта будзе яе ўласны клопат”.

Гэтак заявіў міністар юстыцыі Ізраілю Ёзэф Лапід.
Тымчасам перамовы аб кампэнсацыі паміж Украінай і Расеяй працягваюцца. Паводле амэрыканскага агенцтва навінаў “Доў Джонс”, расейска-украінскае пагадненьне чакаецца на наступным тыдні.

У 1995 годзе беларускія супрацьпаветраныя сілы зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі падарожнікамі. Тады беларускія ўлады адмовіліся абмяркоўваць пытаньне аб нейкай кампэнсацыі, заявіўшы што вайскоўцы дзейнічалі правільна.
XS
SM
MD
LG