Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСАВАЯ АНТЫВАЕННАЯ ДЭМАНСТРАЦЫЯ Ў ЛЁНДАНЕ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Шэсьце антываеннага пратэсту прайшло праз цэнтар Лёндану, побач з парлямантам і ўрадавых будынкаў на Ўайтхол, і прыбыло на мітынг на Трафальгарскім пляцы.

Канчатковыя ацэнкі паліцыі – 70 тысячаў удзельнікаў, а арганізатары ацэньваюць колькасьць аж у 200,000. Арганізатарамі і ўдзельнікамі дэманстрацыі сталіся вельмі разнастайныя групы: перадусім антываенная кааліцыя “Спыніць вайну” ды ісьлямскія арганізацыі, але таксама змагары за чыстае асяродзьдзе, анархісты, працоўныя-сацыялісты, ды прыхільнікі вызваленьня Палестыны.

Найбольш папулярны сярод удзельнікаў транспарант выглядаў наступным чынам: імя “Буш” напісанае паверх вялізнае кроплі крыві. Іншыя транспаранты патрабавалі адстаўкі Блэра, “Свабоду Палестыне”, “Уладу – народу”, ды заклікі “змагацца з амэрыканска-брытанскім імпэрыялізмам”.

Уздоўж маршруту сапраўды было шмат паліцыянтаў, але я зусім ня бачыў паліцыі зь нейкімі “спэцсродкамі”, як гэта бывае ў Беларусі.

Некаторыя з дэманстрантаў абмяркоўвалі і сёньнішнія выбухі ў Стамбуле, кажучы, што Вялікая Брытанія сама выклікала на сябе агонь ісьлямістаў: бо аб’ектамі нападаў-выбухаў сталіся будынак брытанскага кансуляту ды прадстаўніцтва аднаго з найбуйнейшых брытанскіх банкаў.

Сувязь тэракту ў Стамбуле зь бягучым візытам Буша для многіх падаецца відавочнай. Але на прэсавай канфэрэнцыі Блэр і Буш зазначылі, што зрэшты большасьць ахвяраў – туркі. Буш падкрэсьліў, што сёньняшні напад – гэта перадусім забойства тэрарыстамі іншых мусульманаў.

Калі я падышоў да Трафальгарскага пляцу, ён быў ужо цалкам запоўнены, а ля калёны Нэльсана была ўсталявана вялізная, хіба што пяцімэтровая карыкатурная статуя Буша – з ракетай у руцэ. І ў цемры – асьветленая пражэктарамі бліскучая, пафарбаваная пад золата – статуя сапраўды ўражвала.

Гэта – наўмысная алюзія да той статуі Садама, якую з дапамогай амэрыканскіх жаўнераў звалілі у Багдадзе. Твар статуі быў завязаны плякатам з надпісам “Час для міру”.

І, ўрэшце, кульмінацыяй мітынгу сталася зьвяржэньне статуі Буша. Яе абвязалі вяроўкамі – рыхтык як багдадскую статую Садама – ды павалілі на зямлю.
XS
SM
MD
LG