У лістападзе 1918 году быў прызначаны першы міністар замежных справаў Літоўскай Рэспублікі Аўгусьцінас Вальдэмарас. Ён меў добрую адукацыю, свабодна гаварыў на пятнаццаці мовах. Аўгусьцінас Вальдэмарас загінуў у 1942 годзе ў Маскве ў турме НКВД. Распавядаючы пра трагічны лёс першага міністра замежных справаў Літвы, літоўскі амбасадар у Беларусі Ёнас Паслаўскас адзначае, што нават у час савецкай акупацыі літоўцы мелі дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў многіх краінах сьвету.
(Паслаўскас: ) “Унікальны пэрыяд нашай дыпляматыі — гэта дзейнасьць дыппрадстаўніцтваў Літвы за мяжой з 1940 па 1990 год, калі Літва была акупаваная, а яе дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Вашынгтоне, Лёндане, Ватыкане, консулы ў Нью-Ёрку, Таронта ды іншых гарадах выконвалі свае дыпляматычныя функцыі. Гэта выдатны прыклад веры ідэалам незалежнасьці ў, здаецца, самых безнадзейных абставінах”.
Сам Ёнас Паслаўскас быў першы кіраўнік і стваральнік службы дзяржаўнага і дыпляматычнага пратаколу Літвы, а таксама ён адзін зь першых дыпляматаў МЗС Літвы ў Вашынгтоне і першы літоўскі дыплямат, дасланы ў Канаду. Ёнас Паслаўскас мяркуе, што літоўскім і беларускім дыпляматам варта было бы абапірацца і на дыпляматычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага.
(Паслаўскас: ) “Мяркую, што навукоўцы Літвы і Беларусі маглі б агульнымі намаганьнямі больш вычарпальна пацікавіцца гісторыяй дыпляматыі Вялікага Княства Літоўскага, іх традыцыямі, звычаямі й цырыманіялам. Зразумела, што ў Беларусі і ў Літве некаторыя моманты нашай агульнай гісторыі трактуюцца па-рознаму, хаця лічу, што якую-небудзь спадчыну, спэцыфіку мы і цяпер маглі б выкарыстаць”.
Што да цяпершаніх беларуска-літоўскіх дачыненьняў, то амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас адзначае наступнае:
(Паслаўскас: ) “Нам здаецца, што Літва можа і павінна зрабіць шмат станоўчага ва ўсталяваньні адносінаў паміж Эўразьвязам і яго суседзямі, і асабліва зь Беларусьсю. Наш агульны гістарычны дасьвед, цудоўныя дычыненьні паміж людзьмі, канструктыўныя сувязі паміж грамадзкімі арганізацыямі і дзяржаўнымі інстытуцыямі без сумненьня зробяць гэтае суседзтва ўзаемакарысным, дынамічным і заўсёды мірным”.
Што да пытаньняў супрацоўніцтва, то, прыкладам, дзейнасьць дэпутацкай групы ў справе супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў літоўскім Сэйме часам выклікае неадназначную рэакцыю і ў Літве, і ў Беларусі. Ёнас Паслаўскас працягвае:
(Паслаўскас: ) “У літоўскім Сэйме дзейнічаюць нават дзьве групы ў справе супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а дакладней адна — з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, а другая — з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Апошнім часам актывізаваліся кантакты з дэпутацкай групай “Рэспубліка”. У Літве ёсьць вялікі інтарэс да супрацоўніцтва, і мы выкарыстоўваем розныя формы й фарматы нашых кантактаў”.
Наступнае пытаньне Радыё Свабода тычылася гучнага скандалу ў Літве, зьвязанага з магчымым уплывам расейскіх спэцслужбаў, у тым ліку і крымінальных структураў, на найбліжэйшае атачэньне літоўскага прэзыдэнта Раландаса Паксаса. Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас гаворыць, што пакуль цяжка камэнтаваць гэтую сытуацыю, бо яшчэ ідзе разьбіральніцтва. У Сэйме створаная адмысловая камісія, і за яе працай можна сачыць у жывым эфіры літоўскіх тэле- і радыёканалаў. У чацьвер на пытаньні камісіі будзе адказваць прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас.
(Паслаўскас: ) “Вынікі дасьледаваньня дадуць адпаведныя органы і гэтая камісія. Я хачу адзначыць, што нават гэтая непрыемная сытуацыя дэманструе, што ў літоўскім грамадзтве дзейнічаюць цьвёрдыя дэмакратычныя прынцыпы — галоснасьць, адказнасьць улады перад грамадзтвам і роўнасьць усіх перад законам”.
Адказаў для Радыё Свабода амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.