Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎТОРАЦЬ МАСКВА І ЛУКАШЭНКА НА САМІЦЕ АБСЭ Ў МААСТРЫХЦЕ СВАЮ ЛЕТАШНЮЮ ПЕРАМОГУ?


Сяргей Абламейка, Прага

Цэлы год – піша Wall Street Journal – Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе правяла ва ўнутраных абмеркаваньнях, як зрабіць, каб сустрэча ў Маастрыхце не ператварылася ў “другое Порта”.

Праблема, аднак у тым, – піша газэта, – што матыў “не паўтарыць другое Порта” для розных краінаў і розных групаў у арганізацыі азначае розныя рэчы. Бюракраты, напрыклад, часта вымяраюць посьпех колькасьцю і памерам зацьверджаных дакумэнтаў.

Летась у Порта з 55 членаў толькі 12 краінаў даслалі дэлегацыі на ўзроўні міністраў замежных справаў, астатнія задаволіліся значна ніжэйшым узроўнем прадстаўніцтва. Гэта праўда, – піша The Wall Street Journal, – што інтарэс да АБСЭ з-за пашырэньня НАТО і Эўрапейскага Зьвязу падае. Сапраўды пашыранае НАТО і Эўрапейскі Зьвяз пераймаюць функцыі АБСЭ ў бясьпецы і эканоміцы вызваленай Прыбалтыкі, Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропы.

Разам з тым, – піша The Wall Street Journal, – для шмат каго матыў “не паўтарыць другое Порта” азначае дасягненьне прагрэсу ў пытаньнях, якія ўключаюцца ў парадак дня самітаў АБСЭ з году ў год – гэта сытуацыя ў Грузіі, Малдове, Беларусі і Чачэніі. Летась у Порта гэтыя праблемы сталіся часткай палітычнага гандлю з Крамлём, і былі прынятыя рашэньні, што адпавядалі інтарэсам Масквы.

На працягу 2003 году, – працягвае The Wall Street Journal, – апошні дыктатар Эўропы Аляксандар Лукашэнка пажынаў плён ад сустрэчы ў Порта, і зараз спадзяецца, што ў Маастрыхце нічога ня зьменіцца. Як вядома, у Порта АБСЭ пад націскам Лукашэнкі і Масквы вырашыла рэзка абмежаваць сваю місіію ў Менску.

Першапачатковы шырокі мандат місіі ў Беларусі меў на мэце пашырэньне плюралізму, свабоды сродкаў масавай інфармацыі і правядзеньне справядлівых выбараў. Доўгі час на чале місіі стаяў дасьведчаны нямецкі дыплямат Ганс Георг Вік. Пры ім прадстаўніцтва АБСЭ падтрымлівала заходне-арыентаваныя колы ў Беларусі і дазваляла ім выжыць у рэпрэсіўным асяродзьдзі. Менавіта таму Лукашэнка груба ціснуў на місію ўнутры краіны і ўрэшце выслаў усіх яе супрацоўнікаў, а расейская дыпляматыя пасьпяхова пераконвала АБСЭ дамовіцца аб “узаемапрымальным” мандаце для новага офісу ў Менску.

Новы офіс, – паводле The Wall Street Journal, – не працаваў, а хутчэй кульгаў увесь гэты год. Новы мандат патрабуе згоды ўладаў на працу офісу, абмяжоўвае фінансаваньне і робіць існаваньне місіі залежным ад штогадовага працягу мандату “пры агульнай згодзе” бакоў. У гэтай сувязі вэтэран дыпляматыі Ганс Георг Вік сказаў так: “Забудзьце пра АБСЭ...”

Апрача гэтага, менавіта партугальскія дамовы зрабілі магчымым, напрыклад, доўгатэрміновую прысутнасьць расейскіх ваенных у Грузіі і Малдове. Таму на сустрэчы ў Маастрыхце, – на думку аўтара артыкулу ў The Wall Street Journal, амэрыканскага палітоляга Ўладзімера Сокара – Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе павінна пацьвердзіць рашэньні, прынятыя некалі ў Стамбуле і пастаўленыя пад сумненьне ў Порта.
XS
SM
MD
LG