Стаўленьне да імігрантаў, і асабліва нелегальных імігрантаў у ЗША, за апошнія некалькі гадоў пасьля тэракту 11 верасьня стала несумненна больш жорсткім.
Консульскія ды іміграцыйныя службы ўсё больш абмяжоўваюць колькасьць працоўных і гасьцявых візаў і ўскладняюць працэдуру легалізацыі. Тым часам каля васьмі мільёнаў нелегальных імігрантаў у ЗША, як і раней, шукаюць магчымасьцяў заробку пераважна на нізка платных і мала прэстыжных працах. Адной з такіх магчымасьцяў – праца прыбіральшчыкамі ў начную зьмену ў папулярных крамах Wal-Mart.
Карпарацыя Wal-Mart мае амаль 5 тысяч крамаў па ўсёй Амэрыцы. Гэтыя крамы вядомыя тым, што ў іх прадаюць літаральна ўсё – ад электронікі да адзеньня, мэблі і аўтамабільных шын – і ўсё гэта таньней, чым у многіх канкурэнтаў. Нізкая цана, відаць, дасягаецца не ў апошнюю чаргу за кошт таннай працы нелегальных працаўнікоў.
Апошнія рэйды іміграцыйных уладаў па 60 крамах выявілі каля 250 нелегальных працаўнікоў пераважна з Усходняй Эўропы і Мэксыкі. Цяпер іхны лёс будуць вырашаць іміграцыйныя судзьдзі. Тыя зь іх, хто яшчэ не пачаў працэс легалізацыі, будуць хутчэй за ўсё дэпартаваныя.
Тым часам сам мэтад змаганьня зь нелегальнай працоўный іміграцыяй праз рэйды і арышты быў скрытыкаваны многімі праваахоўнымі і прафсаюзнымі арганізацыямі. Яны назвалі гэты рэйд бясплённай тратай грошай і энэргіі на пакараньне імігрантаў замест прыцягненьня да адказнасьці карпарацыі.
Заканадаўства ЗША абавязвае працадаўцаў правяраць працоўныя дакумэнты. Аднак заможныя працадаўцы як Wal-Mart рэдка наймаюць нелегалаў на малааплатныя працы наўпрост, а наймаюць невялікія кампані дзеля гэтых паслугаў. Гэтыя ж кампаніі, каб быць канкурэнтназдольнымі, часта эксплюятуюць імігрантаў бяз права на працу, плацяць ім заробкі ніжэйшыя за афіцыйна ўсталяваныя, без мэдычнай страхоўкі і без дадатковай аплаты за працу звыш васьмі гадзінаў.
Калі справа даходзіць да пошуку адказных, карпарацыі накшталт Wal-Mart спасылаюцца на няведаньне ці ў найгоршым выпадку плацяць штраф у памеры 10 тысяч даляраў за кожнага нелегальнага працаўніка.
Тым часам прыбыткі ад выкарыстаньня таннай працоўнай сілы складаюць мільёны даляраў. У сярэднім нелегальны працаўнік зарабляе ад двух да пяці даляраў за гадзіну. Закон устаноўлівае мінімальны заробак у 5.15 даляраў за гадзіну. Сярэдні ж амэрыканскі заробак за гадзіну складае 14 даляраў за гадзіну. Розьніца відавочная, асабліва калі ўлічыць, што нелегальныя імігранты ня маюць ніякай абароны перад працоўным заканадаўствам і не атрымліваюць падаткавых крэдытаў ці іншай дзяржаўнай дапамогі.