Учора пасьля тэлефоных перамоваў паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі Ўладзімер Пуцін аддаў загад уладам Краснадарскага края прыпыніць будаўніцтва дамбы. Аднак яшчэ сёньня раніцай будоўля дамбы працягвалася, да ўкраінскай мяжы заставалася каля 100 мэтраў. Пра тое, як разгортвалася сытуацыя, распавёў з Керчы карэспандэнт украінскай службы нашага радыё Ўладзімер Прытула.
(Прытула: ) “Наколькі мне вядома, расейцы да апошняга працягвалі будаўніцтва дамбы. Прычым будаўніцтва працягвалася і пасьля заяваў расейскіх кіраўнікоў – Пуціна і Касьянава – што яны аддадуць загад, і будаўніцтва будзе спыненае. Але ўсю ноч і ўвесь ранак будаўніцтва працягвалася.”
З раніцы на Тузлу прыехаў прэзыдэнт Украіны. Украінскія памежнікі паставілі дзьве баржы непадалёк ад Тузлы, акурат на шляху будаўніцтва дамбы. Гэтыя баржы даўжынёю дзесьці па 40 мэтраў. Расейцы проста ўтыкнуцца ў гэтыя баржы і ня здолеюць іх абысьці, бо яны даўгія і высокія.
Акрамя таго, памежнікі паведамілі, што ўвечары паставяць яшчэ трэцюю баржу, і будаўніцтва дамбы будзе заблякаванае з украінскага боку. На саміх баржах стаяць ўзброеныя ўкраінскія памежнікі.
Леанід Кучма на Тузле паразмаўляў з памежнікамі, паглядзеў праз бусоль на расейскі бераг, пабачыў, як працягваецца будаўніцтва дамбы, памацаў укапаны памежны слуп і сказаў: "Добра стаіць. Няхай далей стаіць."
Потым ён вярнуўся ў Керч, дзе правёў нараду зь сілавікамі і мясцовымі крымскай і керчанскай уладамі. Нарада была закрытай.
Пасьля нарады Кучма сустрэўся з журналістамі і ахарактарызаваў дзеяньні расейскага боку як "недружалюбныя", заявіў, што паміж двума братнімі народамі такога ня можа быць, і наагул такога ня можа быць у міждзяржаўных стасунках. Ён падкрэсьліў, што будаўніцтва дамбы адбываецца без узгадненьня з украінскім бокам і ў аднабаковым парадку.
Учора прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма выдаў указ, які прадугледжваў магчымасьць сілавога адказу на парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны. Паводле ўказу Кіеў мяркуе зьвярнуцца па абарону да НАТО, а таксама да ядзерных дзяржаваў-гарантаў сувэрэнітэту Ўкраіны.
У выпадку працягу будаўніцтва дамбы паводле указу мяркуецца абвесьціць адпаведную частку керчанскай пратокі і Азоўскага мора ўнутранымі водамі Ўкраіны, а таксама паінфармаваць Расею пра прыпыненьне сяброўства Ўкраіны ў дамове пра адзіную эканамічную прастору.
Абвастрэньню канфлікту паспрыяла публікацыя ва ўкраінскіх газэтах інфармацыі пра тое, што кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Аляксандар Валошын падчас нядаўняй неафіцыйнай гутаркі з украінскімі журналістамі нібыта сказаў, што Расея ніколі не пакіне Ўкраіне Керчанскую пратоку, а пры патрэбе “скіне бомбу”.
Іншыя украінскія журналісты, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы з Валошынам, распавялі, што пра бомбу было сказана ў якасьці жарту, пры гэтым кіраўнік крамлеўскай адміністрацыі нібыто дадаў: “Вы ж разумееце, што гэта немагчыма”. Але ў любым выпадку ўлагоджываньню сытуацыі гэты няўдалы жарт не паспрыяў.
Сёньня губэрнатар Краснадарскага краю Аляксей Ткачоў выступіў з наступнай заяваю:
(Ткачоў: ) “Што тычыцца гэтага цырку, які мы назіраем на супрацьлеглым баку, на брацкім, украінскім баку, я лічу, што каса Тузла зьяўляецца часткай Расейскай Фэдэрацыі, часткай Краснадарскага краю. Мы паглядзелі ўсе архіўныя дакумэнты, паглядзелі гісторыю, уся гэтая праўная база накіраваная ўраду Расейскай Фэдэрацыі і ў МЗС.”
Тым ня менш, як паведамляюць інфармацыйныя агенцыі, сёньня а першай гадзіне дня па мясцовым часе будаўніцтва дамбы было прыпыненае. Заўтра прэм’ер-міністры Ўкраіны і Расеі Віктар Януковіч і Міхаіл Касьянаў сустрэнуцца ў Маскве дзеля перамоваў на праблемах Керчанскай пратокі і Азоўскай акваторыі.