Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ЛІЧАЦЬ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ У АЗЭРБАЙДЖАНЕ СФАЛЬШАВАНЫМІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сьведкам вось якога выпадку ў Імешлінскім раёне на выбарах прэзыдэнта Азэрбайджану стаў Уладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “У самы разгар выбараў я абсалютна выпадкова затрымаў чалавека, які ўносіў у выбарчы ўчастак з чорнага ўваходу вялікі мех, у якім было каля 700 бюлетэняў, нідзе не зафіксаваных у камісіі, але ж зь пячаткамі камісіі, і ўжо прагаласаваныя, пагашаныя на карысьць Ільхама Аліева, кандыдата ад улады”.

Акрамя таго, спадар Лабковіч назіраў, як не дазволілі галасаваць сотням прыхільнікаў апазыцыі, якіх проста ня ўнесьлі ў сьпісы; зафіксаваў выпадкі кантролю за волевыяўленьнем непасрэдна ў кабінах для галасаваньня; перапісваньне пратаколаў старшынямі ўчастковых камісіяў.

(Лабковіч: ) “Яны сядзелі ў акруговай камісіі і адразу там ставілі гэтыя лічбы. Калі я ўмяшаўся ў гэта, яны былі вымушаныя разьбегчыся. Гэта выглядала проста камічна, калі дарослыя 40–50-гадовыя мужчыны беглі ў тры гадзіны ночы па парку раённага цэнтру Імешлі, хаваліся ў кавярнях, пад рознымі кустамі, каб перапісаць гэтыя пратаколы і каб я гэтага не заўважыў”.

Уладзімер Лабковіч паведамляе, што пасьля выбараў у Азэрбайджане пачаліся масавыя арышты сяброў выбарчых камісіяў ад апазыцыйных партыяў, разгромленыя офісы партыі “Мусават”, рэдакцыі апазыцыйнай прэсы, частка апазыцыйных лідэраў затрыманая, іншыя застаюцца на нелегальным становішчы.

Валянцін Стэфановіч кажа, што выбарчае заканадаўства ў Азэрбайджане больш дэмакратычнае, чым у Беларусі, яно ўтрымлівае тыя палажэньні наконт празрыстасьці выбараў, якіх дамагаецца беларуская апазыцыя.

(Стэфановіч: ) “Гэта паказвае тое, што калі ў краіне адсутнічаюць дэмакратычныя нормы, культура дэмакратыі, як у большасьці постсавецкіх краінаў, то і з такой працэдурай можна вельмі лёгка, нахабна фальсыфікаваць выбары”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі назіраў за выбарамі ў Баку, ён зафіксаваў факты зьбіцьця сяброў выбарчых камісіяў ад апазыцыі, быў сьведкам беспарадкаў і брутальнага разгону апанэнтаў улады ў цэнтры Баку, якія на ягоную думку, былі справакаваныя праваахоўчымі органамі Азэрбайджану. Факт прызнаньня гэтых выбараў некаторымі міжнароднымі арганізацыямі спадар Бяляцкі ацаніў наступным чынам:

(Бяляцкі: ) “Мы лічым, што ў дачыненьні да азэрбайджанскай дэмакратыі і народу былі ўжытыя міжнароднымі структурамі падвойныя стандарты. Гэта ўжо адназначна. Таму што такой колькасьці парушэньняў, якую мы зафіксавалі, усе нашыя людзі, якія неаднаразова назіралі выбары ў Беларусі, выяжджалі ў іншыя краіны, — такога мы яшчэ ня бачылі”.

На думку Алеся Бяляцкага ды іншых беларускіх назіральнікаў на выбарах прэзыдэнта Азэрбайджану, на справе Ільхам Аліеў не атрымаў перамогі. Каб не было фальсыфікацыяў, быў бы другі тур галасаваньня.

Валянцін Стэфановіч кажа, што мэтады антыапазыцыйнай прапаганды ў Азэрбайджане падобныя да таго, што ёсьць у Беларусі.

(Стэфановіч: ) “У Азэрбайджане пануе атмасфэра татальнага страху сярод простых людзей. Мы літаральна перад ад’ездам зайшлі ў адну краму, гаварылі з гандляром. Ён размаўляў з намі шэптам, ён баяўся, ён казаў, што ведаеце, у нас тут 37 гадоў пачаўся: масавыя арышты, гэтае пабоішча, якое было ў Баку”, — зазначыў Валянцін Стэфановіч, адзін зь беларускіх назіральнікаў на выбарах прэзыдэнта ў Азэрбайджане, якія толькі што вярнуліся ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG