Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУСТРЭЧА МІНІСТРАЎ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ПЕРАД “ІСЬЛЯМСКАЙ КАНФЭРЭНЦЫЯЙ”

Юры Дракахруст, Менск

На сёньняшняй нарадзе ў Малайзіі ўжо прагучалі заклікі да вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку і да вываду Ізраілю з палестынскіх тэрыторыяў. Сырыя артымала падтрымку ўдзельнікаў нарады пасьля таго, як тыдзень таму ізраільская авіяцыя нанесла ўдары па прадмесьцях Дамаску. Генэральны сакратар арганізацыі “Ісьлямская канфэрэнцыя” Абдэлагэд Бэлказыз заявіў сёньня наступнае.

(Бэлказыз: ) “Першае з нашых патрабаваньняў – вывесьці замежныя войскі з Іраку, дазволіць Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў кіраваць ірацкімі справамі.”

Міністар замежных справаў Ірану выказаў спадзяваньне, што гэты заклік будзе падтрыманы ўдзельнікамі арганізацыі. Але вялікай падтрымкі чакаць ня варта. Турэччына на мінулым тыдні вырашыла накіраваць свае войскі ў Ірак , каб дапамагчы сілам кааліцыі.

Прадстаўнік Турэччыны на сёньняшняй нарадзе паведаміў, што турэцкія сілы ня будуць дыслякаваныя ў Паўночным Іраку, насельнікі якога, курды, ставяцца зь перасьцярогай да турэцкай ваеннай прысутнасьці. Злучаныя Штаты працягваюць спробы пераканаць кіруючую раду Іраку пагадзіцца на увод турэцкіх войскаў у краіну.

Дарэчы, міністар замежных справаў кіруючай рады Іраку Хашыяр Зэбары таксама бярэ ўдзел у сёньняшняй нарадзе ў Малайзіі.

Чакаецца, што на гэтым тыдні прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф выступіць з заклікам да рэформы арганізацыі “Ісьлямская канфэрэнцыя”, каб зрабіць яе больш памяркоўнай. Паводле пакістанскіх прадстаўнікоў прэзыдэнт Мушараф выступіць з заклікам да аб’яднаньня мусульманскіх краінаў у барацьбе з ісьлямскім экстрэмізмам.

Аднак да памяркоўнасьці схільныя далёка ня ўсе. Прынамсі, прадстаўнік Арганізацыі вызваленьня Палестыны заявіў у інтэрвію малазійскай агенцыі навінаў, што ўзброеная барьцьба зьяўляецца адзіным шляхам да вырашэньня палестына-ізраільскага канфлікту.

Чакаецца, што палестынская дэлегацыя зьвернецца з заклікам падтрымаць іх барацьбу да саміту арганізацыі “Ісьлямская канфэрэнцыя”, які пройдзе ў канцы гэтага тыдня. Гэта будзе самай прадстаўнічай сустрэчай лідараў ісьлямскіх дзяржаваў пасьля тэрарыстычнай атакі на Амэрыку 11 верасьня 2001 годзе.

Сёньня генэральны сакратар арганізацыі “Ісьлямская канфэрэнцыя” абвінаваціў Ізраіль у пагаршэньні сытуацыі ў рэгіёне.

(Бэлказыз: ) “У Палестыне сытуацыя пагаршаецца з кожным днём з прычыны ўпартага нежаданьня ізраільскага ўраду выконваць абавязкі, ускладзеныя на яго мірным плянам “дарожная мапа”.”

У падрыхтаваным сёньня праекце рашэньня нарады пацьвярджаецца права Дамаску на абарону ў адказ на ізраільскія паветраныя удары па тэрыторыі Сырыі, што адбыліся на мінулым тыдні. Ізраіль сьцявяржае, што бамбаваў лягер тэрарыстаў, якія 4 кастрычніка забілі 19 ізраіліцянаў. Паводле Дамаску ізраільскія ВПС збамбавалі цывільны аб’ект.
XS
SM
MD
LG