Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПАДТРЫМАЛА РАШЭНЬНЕ ТУРЭЧЧЫНЫ


Натальля Судлянкова, Прага

Некаторыя аналітыкі кажуць, што гэта можа прывесьці да супрацьстаяньня паміж Злучанымі Штатамі і Кіруючай радай Іраку менавіта ў той момант, калі Вашынгтон імкнецца забясьпечыць прагрэс у аднаўленьні палітычнага жыцьця Іраку.

Насуперак пратэстам сябраў Рады ЗША намагаюцца націснуць на часовае кіраўніцтва Іраку, каб прымусіць яе прыняць і ўхваліць турэцкую прысутнасьць у краіне. Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчар адзначыў, што грамадзкі адміністратар Іраку Пол Брэмэр сустракаўся з прадстаўнікамі Рады ўчора і зьбіраецца і надалей весьці зь імі перамовы.

Баўчар падкрэсьліў, што з боку Кіраўнічай Рады пакуль не было ніякай афіцыйнай заявы адносна меркаванай турэцкай прысутнасьці, былі толькі выказваньні асобных сябраў Рады.

(Баўчар: ) “Давайце паглядзім на факты. Не было ніякага рашэньня, ніякай пастановы, ніякай абвесткі, рэзалюцыя Радай не прымалася. Былі індывідуальныя заявы асобных сябраў Рады.”

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту растлумачыў, што Белы Дом ня будзе ігнараваць апазыцыю, але хоча кантраляваць разьвіцьцё падзеяў, якія будуць мець вялікі ўплыў на бясьпеку Іраку.

Сёньня ў Іраку быў забіты гішпанскі дыплямат, усяго ад 1 траўня – дня афіцыйнага завяршэньня вайны ў Іраку, загінулі болей за 890 амэырканскіх жаўнераў.

Учора сябра Кіруючай Рады Іраку курцкага паходжаньня Махмуд Атман патлумачыў сваю пазыцыю.

(Атман: ) “Мы ня хочам, каб войскі суседніх краінаў прысутнічалі ў Іраку, бо, насуперак меркаваньням амэрыканцаў, гэта не дапаможа вырашыць праблему”.

Турэцкі парлямант прыняў рашэньне выслаць у Ірак сваіх вайскоўцаў на адзін год, але колькасьць пэрсаналу і месца знаходжаньня ў Іраку пакуль яшчэ застаюцца на парадку дня перамоваў са Злучанымі Штатамі.

Найбольш актыўна супраць турэцкай прысутнасьці выступаюць сябры Рады менавіта курдцкага паходжаньня. Гэта тлумачыцца шматгадовым канфліктам паміж курдамі і Турэччынай, які вельмі выразна праяўляецца ў паўднёваўсходняй частцы краіны. Аднак, як адзначаюць спэцыялісты, супраць турэцкай прысутнасьці выступаюць і шыіты, і суніты.

Аналітыкі папярэджваюць, што калі пытаньне адносна турэцкай прысутнасьці і нязгода ў Кіруючай радзе ня будуць пераадоленыя, гэты можа прывесьці да адкрытага супрацьстаяньня паміж Радай і адміністрацыяй акупацыйных сілаў.

Учора кіраўнік Рады Іяд Аляўі заявіў, што Рада хоча выпрацаваць кампраміс, але так і не патлумачыў, у чым гэты кампраміс будзе палягаць.
XS
SM
MD
LG