Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УМОВЫ АМЭРЫКАНСКАЙ ЛЯТАРЭІ GREEN CARD ІСТОТНА ЗЬМЕНЕНЫЯ


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Лятарэя Green Card, якую праводзіць штогод Дзярждэпартамэнт ЗША – адзін з самых простых шляхоў эміграцыі ў Злучаныя Штаты. Празь пяць гадоў пасьля атрыманьня Green Card (гэта значыць, статусу пастаяннага жыхара ЗША), асоба мае права на поўнавартаснае амэрыканскае грамадзянства.

Падаць заяўку на ўдзел у лятарэі можа любы чалавек, народжаны у той краіне, якая мае права ўдзельнічаць у лятарэі. Права ўдзелу пазбаўляюцца некаторыя краіны, колькасьць эмігрантаў зь якіх перавысіла за апошнія 5 год 50 тысячаў чалавек. Гэты сьпіс аднаўляецца штогод і ён можа мяняцца. Так, у лятарэі 2005, якая будзе праводзіцца сёлета, забаронена ўдзельнічаць тым, хто нарадзіўся ў Расеі, Вялікай Брытаніі, Індыі, Пакістане, Паўночнай Карэі, Віетнаме, Мэксыцы і яшчэ ў некалькіх краінах. Расея ў гэты сьпіс патрапіла ўпершыню.

Такім чынам, народжаным на тэрыторыі Расеі жыхарам Беларусі нельга адпраўляць анкету на ўдзел у лятарэі. Але ёсьць выключэньні. Народжаны на тэрыторыі Расеі жыхар Беларусі можа ўдзельнічаць, калі ягоная жонка ці муж нарадзіліся ў Беларусі, альбо калі абодва бацькі таксама народжаныя былі ў краіне, якая мае права удзельнічаць у лятарэі. Толькі гэта ў анкеце трэба абавязкова пазначыць.

І, нарэшце, самае галоўнае новаўвядзеньне. Сёлета розыгрыш лятарэі Green Card будзе праходзіць упершыню ў гісторыі лятарэі толькі электронным чынам. Гэта значыць, што пісьмовыя заяўкі праз пошту наагул прымацца ня будуць. Заяўкі павінны адпраўляцца праз электронную пошту. Тэрмін адпраўкі сёлета – з 1 лістапада да 30 сьнежня. Такім чынам, для афармленьня даецца амаль два месяцы.

Умовы гульні і ўсе стандарты адмыслова расьпісаныя у спэцыяльнай інструкцыі, што ужо ёсьць на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША на адрэсе http://travel.state.gov/dv2005.html

Лятарэя празь інтэрнет значна зьмяншае колькасьць яе удзельнікаў. Вельмі ўскладняюцца ўмовы афармленьня, асабліва тым, што ўсе фотаздымкі мусяць быць занесены ў анкету таксама электронным шляхам. Фотаздымкі павінны быць зробленыя альбо лічбавымі фотаапаратамі, альбо адсканаванымі. Усе павінна быць зроблена згодна ўстаноўленага стандарту і ў адпаведнасьці з адмысловымі тэхнічнымі парамэтрамі.

Тэхнічныя ўмовы падрабязна пададзеныя ў інструкцыі Дзярждэпартамэнту. Няправільна выпаўненыя электронныя анкеты не рэгіструюцца. Тыя анкеты, што будуць прынятыя, атрымаюць зваротнае пацьверджаньне рэгістрацыі. Рэгістраваць можна толькі адну анкету на адну асобу. Але і муж, і жонка маюць, як і раней права асабнага удзелу у лятарэі.

Інструкцыя Дзярждэпартамэнту асабліва заўважае, што асабістае запаўненьне анкеты на лятарэю Green Card, як і запаўненьне анкеты з дапамогай іншых людзей (кампутарных спэцыялістаў) маюць аднолькавыя шанцы выйгрышу права сталага жыхарства у ЗША.

Такім чынам, калі раней Дзярждэпартамэнт прасіў людзей не карыстацца паслугамі рознага кшталту агенцтваў, то зараз – хай і ўскосна – нават раіць скарыстацца дапамогаю спэцыялістаў.

Зразумела, што ў большасьці краінаў удзельнікаў няма пакуль што татальнай кампутарнай адукаванасьці насельніцтва. Ня кожны лёгка знойдзе лічбавы фотаапарат ды сканэр.

Дадатковая інфармацыя па-ангельску знаходзіцца на старонцы http://travel.state.gov/dv2005.html

Плюсы сёлятняга розыгрушу лятарэі Green Card у тым, што ўдзельнікаў будзе значна менш, чым звычайна, і кожны будзе дакладна ведаць, што пасьпяхова зарэгістраваны на ўдзел.

Паведамленьні аб выйгрышы прыдуць звычайнай поштай у пэрыяд з траўня да ліпеня наступнага, 2004 году.
XS
SM
MD
LG