Дзесяць гадоў таму ўзброеныя паўстанцы выгналі апошняга грузінскага жаўнера з Абхазіі, паклаўшы канец аднаму з самых крывавых канфліктаў на постсавецкай прасторы.
Праз год, 26 лістапада 1994 году парлямант Абхазіі абвесьціў сувэрэнітэт гэтай былой грузінскай аўтаномнай рэспублікі. Нягледзячы на спыненьне агню і міжнароднае пасярэдніцтва ў справе заключэньня мірнага пагадненьня, Тбілісі і Сухумі сёньня ўсё яшчэ фармальна застаюцца ў стане вайны.
Для Грузіі аддзяленьне Абхазіі азначае страту ня толькі папулярнага курорта і багатага ўраджаем рэгіёну, але і галоўнай транспартнай трасы ў Расею. За некалькі месяцаў да пачатку абхаскага канфлікту Грузія згубіла яшчэ адну сваю правінцыю – маленькую горную рэспубліку Паўночная Асеція. Аднак у адрозьненьні ад асецінскага канфлікту, менавіта вайна з Абхазіяй засталася крываточнай ранай у калектыўнай сьвядомасьці грузінаў.
Намесьнік дырэктара Інстытуту Цэнтральнай Азіі і Каўказу ўнівэрсытэту Джона Гопкінса ў Вашынгтоне Свантэ Корнэл тлумачыць, чаму страта Абхазіі адчуваецца грузінамі гэтак востра, амаль як першая чачэнская вайна ў Расеі.
(Корнэл: ) “Сярод усяго, што адбылося ў першыя гады незалежнасьці Грузіі, я думаю, менавіта Абхазія стала праблемай, якая найгорш параніла самасьвядомасьць грузінаў. Гэта разглядаецца як найгоршае прыніжэньне і ўдар, які вытрымала Грузія на сваім шляху да незалежнай дзяржавы. Несумненна, што з пункту гледжаньня большасьці грузінаў абхаская праблема усё больш выглядае асноўнай прычынай, чаму Грузія дасюль ня здолела стаць нармальна фукцыянуючай дзяржавай”.
Паводле розных ацэнак, ад 7 да 11 тысячаў грузінаў загінулі падчас канфлікту з Абхазіяй. У дадатак, каля 250 тысячаў этнічных грузінаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы, у той час як да канфлікту грузіны складалі палову насельніцтва абхаскай аўтаноміі. 27 верасьня грузінскія ўлады і лідары апазыцыі адзначылі 10-годзьдзе падзеньня Сухумі. Цырымонія прайшла ў многіх месцах, дзе пахаваныя ветэраны канфлікту, на адной з цэнтральных плошчаў Тбілісі быў пастаўлены новы помнік, па ўсёй краіне прайшла хвіліна маўчаньня.
Грузія настойліва абвінавачвае Расею ў стварэньні перашкодаў мірнаму працэсу паміж Тбілісі і Сухумі. Хаця Масква абвяргала сваё ўмяшальніцтва ў канфлікт, ні для каго не сакрэт, што Расея пастаўляла абхазцам матэрыяльна-тэхнічную і нават наўпростую ваенную дапамогу падчас вайны.
Цяпер Расея паводле мандату ААН трымае міратворчыя сілы на грузіна-абхаскай мяжы, і ў той жа час дае расейскае грамадзянства ўсім ахвотным жыхарам Абхазіі. Тбілісі называе гэты крок грубым парушэньнем сувэрэнітэту Грузіі.