У 1258 годзе генэрал Гулегу, унук Чынгіз-Хана, заваяваў Багдад. Ахвярамі сталіся 800 тысячаў чалавек. Тым самым быў пакладзены канец велічы Багдаду – найвялікшага гораду ў арабскім сьвеце.
У гэтым месяцы на амэрыканскім вайсковым транспарце манголы вярнуліся ў Ірак. 180 мангольскіх вайскоўцаў – усе мужчыны і ўсе добраахвотнікі – ахоўваюць трубаправоды і працуюць на будоўлях пад камандай палякаў.
Камандзір мангольскага міратворчага батальёну Эркэнбаяр з усьмешкай тлумачыць, што гэта зусім некарэктнае параўнаньне, бо ў 13 стагодзьдзі манголы прыйшлі заваёўваць Ірак, а цяпер – адбудоўваць. У сьпісе саюзьнікаў адміністрацыі Джорджа Буша – 34 краіны і амаль палова зь іх былыя камуністычныя краіны. Сярод іх і Манголія.
Манголія сама запрапанавала ЗША дапамогу. І гэта зьдзівіла амэрыканскі ўрад, бо яна аказалася адзінай краінай паўночна-усходняй Азіі, якая адкрыта стала на бок Амэрыкі.
Для Манголіі, якую крыху болей за дзесяцігодзьдзе таму пакінуў апошні савецкі жаўнер, дэмакратыя ня ёсьць абстракцыяй. Летась там эксгуміравалі парэшткі 600 прадстаўнікоў вышэйшага будысцкага духавенства, і ў кожнага ламы былі завязаныя ззаду рукі і дзркі ад куляў у чарапох. Іх забілі ў 1937 годзе мангольскія сталіністы, якія ў такі спосаб выкарчоўвалі будысцкую рэлігію.
Манголія ідзе на зьбліжэньне са Злучанымі Штатамі, каб мець супрацьвагу сваім гістарычна небясьпечным суседзям – Кітаю і Расеі. Краіна паводле тэрыторыі роўная двом амэрыканскім штатам Тэхас, але з насельніцтвам толькі 2 мільёны 200 тысячаў чалавек, баіцца паўтарыць лёс Тыбэту.
Стагодзьдзямі ёй кіравалі кітайцы, і толькі ў 1921 годзе пры савецкай падтрымцы Манголія ўрэшце набыла незалежнасьць.
Мангольскае саюзьніцтва – важнае і для ЗША. На думку амэрыканскай амбасадаркі Памэлы Слуц, гэта ўзор посьпеху і карыснасьці амэрыканскай праграмы вайсковай дапамогі. ЗША навучаюць мангольскіх вайскоўцаў міратворчым дзеньням, ангельскай мове, а на мяжы з Кітаем вядуць інжынерныя працы.
Паводле замежных служачых, якія працуюць у памежных раёнах Пустэльні Гобі, там усталёўваецца электроніка. Верагодна, адтуль будзе весьціся назіраньне за аб’ектамі ў Паўночнай Карэі і ўчасткам ядзерных выпрабаваньняў ў Кітаі.
Яшчэ два тыдні таму, калі апошнія мангольскія жаўнеры прыбылі ў Ірак, гандаль Манголіі з ЗША быў на ўзроўні ўсяго 180 мільёнаў даляраў. Цяпер ужо вядуцца перамовы пра свабодны гандаль.