Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНАТАР БЭРД: “СУМА 87 МІЛЬЯРДАЎ ДАЛЯРАЎ НА ЎТРЫМАНЬНЕ ВОЙСКАЎ І РЭКАНСТРУКЦЫЮ ІРАКУ ВЫКЛІКАЕ ШОК”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Ужо першае паседжаньне Сэнату ў гэтым пытаньні паказала, што парлямэнтары маюць розныя погляды на ірацкую палітыку Белага дому. На заклік кіраўніка амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку Пола Брэмэра падтрымаць запыт Джорджа Буша, дэпутаты ад Дэмакратычнай партыі заявілі, што пакет занадта дарагі і назвалі ірацкую палітыку адміністрацыі Буша аднабаковай, бо яна не мае міжнароднай падтрымкі.

Выступ Брэмэра выклікаў сур’ёзныя дэбаты і выявіў падзел Сэнату ў стаўленьні да ірацкай палітыкі прэзыдэнта. Адзін са старэйшых сэнатараў-дэмакратаў Робэрт Бэрд заявіў, што такое фінансаваньне ўнясе напружаньне і ў так ня надта спакойную амэрыканскую эканоміку:

(Бэрд: ) “Прэзыдэнцкая просьба дадатковых 87 мільярдаў даляраў на ўтрыманьне войскаў і рэканструкцыю Іраку выклікае шок сваёй велічынёй. І гэты запыт робіцца ў той час, калі амэрыканскія людзі сур’ёзна занепакоеныя самаўладным рашэньнем прэзыдэнта акупаваць Ірак.”

На гэта Брэмэр, якога падтрымалі дэпутаты-рэспубліканцы, заявіў, што толькі хуткае ўхваленьне фондаў будзе гарантаваць амэрыканскі посьпех у пераўтварэньні Іраку ў дэмакратычную дзяржаву і нанясе рашаючы ўдар па тэрарызму і тыраніі:

(Брэмэр: ) “Калі мы ня зможам пераўтварыць Ірак у сувэрэнную дэмакратыю, падтрыманую цьвёрдай эканомікай, тады мы забясьпечым тэрарыстаў неверагоднымі перавагамі ў барацьбе супраць нас”.

У якасьці аргумэнту Брэмэр параўнаў амэрыканскія намаганьні ў Іраку з плянам Маршала, які дапамог аднавіць Эўропу пасьля Другой усясьветнай вайны.

Адносна скаргаў Францыі і Нямеччыны, што Вашынгтон не сьпяшаецца перадаваць ўладу іракцам, Брэмэр заявіў, што пакуль што іракцы не гатовыя самастойна кіраваць краінай. Ён сказаў, што напачатку трэба забясьпечыць бясьпеку, усталяваць эканамічныя і палітычныя інстытуты.

На думку Брэмэра, пасьля чвэрці стагодзьдзя пад дыктатурай, падобнай нацысцкай Нямеччыне, палітычныя перакруты і несправядлівасьць пранізваюць усе сфэры ірацкага грамадзтва. Брэмэр падкрэсьліў, што ніякі прызначаны ўрад, нават самы сумленны, як цяперашняя Кіруючая Рада, ня змогуць вырашыць праблемы ірацкіх грамадзянаў, пакуль ня будзе напісаная і прынятая канстытуцыя, паводле якой адбудуцца дэмакратычныя выбары.

Гэта было першае з сэрыі паседжаньняў Сэната і Палаты прадстаўнікоў, на якіх будзе абмяркоўвацца просьба Буша. Брэмэр таксама ўчора заявіў, што Вашынгтон спадзяецца і на сродкі, якія маюць выдзеліць дзяржавы-донары на сваёй канфэрэнцыі ў кастрычніку ў Мадрыдзе.

Наагул на ўчорашнім паседжаньні сэнатары-дэмакраты крытыкавалі адміністрацыю Буша паводле розных пазыцыяў. Так, сэнатар Лэйхі заявіў, што шмат якія рэчы, выказаныя Бушам адносна Іраку не пацьвердзіліся, прыкладам, так і не была знойдзеная зброя масавага зьнішчэньня ды амэрыканскія вайскоўцы зусім не віталіся як вызваліцелі.

Лэйхі таксама папракнуў адміністрацыю ў тым, што яна адпудзіла эўрапейскіх саюзьнікаў, якія цяпер адмаўляюцца плаціць за адбудову Іраку.

(Лэйхі: ) “Я павінен ведаць, колькі ж гэта будзе каштаваць, калі іракцы зьбіраюцца ўзяць уладу. Я ня думаю, што мы павінныя дрэйфаваць у адзіноце і выдаваць болей як мільярд даляраў штотыдзень, ня маючы ані пляну, ані раскладу, тымчасам як кожны тыдзень гінуць або параненыя чатыры ці пяць амэрыканцаў і расьце абурэньне ірацкіх людзей”.

Брэмэр пераконваў, што Вашынгтон насамрэч мае плян дзеяньняў у Іраку, але не падаў ніякіх дэталяў. Ён таксама быў вымушаны прызнаць, што жорсткі супраціў, які сустрэлі амэрыканскія сілы ў Іраку, стаўся “непрыемнай нечаканасьцю” для адміністпацыі Буша. 79 амэрыканскіх вайскоўцаў былі забітыя варожым агнём у Іраку пасьля таго, як Буш абвесьціў канец ваеннай кампаніі 1 траўня.
XS
SM
MD
LG