Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗНОЎ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У ПРОДАЖЫ ЗБРОІ Ў РЭГІЁНЫ ДЗЕЯНЬНЯ МІЖНАРОДНЫХ ТЭРАРЫСТАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Інтэрнэт-рэсурс “Middle East Newsline” распаўсюдзіў зьвесткі пра тое, нібыта Сырыя набыла ў Беларусі супрацьпаветраныя ракетныя ўстаноўкі СА-18. Паводле заходніх адмысловых службаў, Сырыя сёлета за тры разы набыла ажно каля 100 гэтых установак. І нібыта заплаціла Беларусі за гэта 30 мільёнаў даляраў, паведамляе “Middle East Newsline”.

Выданьне тлумачыць, што СА-18 — гэта аналяг савецкага мадэрнізаванага зэнітна-ракетнага комплексу СА-7, які вельмі добра зарэкамэндаваў сябе ў барацьбе з самалётамі ў гарачых пунктах сьвету. Найперш дзякуючы таму, што ён зручны, пераносны і надзейны.

Крыніцы, на якія спасылаецца Інтэрнэт-рэсурс, сьцьвярджаюць, што падобныя ўстаноўкі былі пастаўленыя таксама ў Ірак напярэдадні ўваходу туды амэрыканскіх войскаў, але краіна паходжаньня гэтых ракетаў не паведамляецца. А пра тыя ўстаноўкі, якія нібыта прыбылі зь Беларусі, паведамляецца, што яны знаходзяцца на сырыйскай вайсковай базе ў горадзе Забадані.

Беларускія афіцыйныя крыніцы ўжо абверглі гэтыя зьвесткі. У камэнтары Міністэрства абароны сьцьвярджаецца, што Беларусь ніколі не пастаўляла ў Сырыю падобнага ўзбраеньня і што краіна добрасумленна выконвае свае забавязаньні ў гэтай сфэры.

Гэта ня першыя падазрэньні наконт продажу беларускай зброі ў неспакойным блізкаўсходнім рэгіёне. Нават што да Сырыі, то і яна ўжо фігуравала як краіна, куды нібыта пастаўляецца зброя зь Беларусі. У прыватнасьці, пра гэта год таму сьцьвярджала ізраільская газэта “Haaretz”. Тады ізраільцы таксама падазравалі ў пастаўках зброі ў Ірык праз Сырыю Расею, Ўкраіну ды Баўгарыю, але выразных доказаў гэтага не было.

З доказамі ў справе забароненага гандлю зброяй заўсёды цяжка. Адмыслоўцы на гэта кажуць, што часьцей даводзіцца карыстацца ўскоснымі доказамі альбо прыкметамі ўгодаў.

Што да такіх сьведчаньняў, то Беларусь адзначылася тут прынамсі двойчы. Першы раз, калі ўвесну ў Лібане была арыштаваная партыя абсталяваньня сувязі для танкаў, якая зь Беларусі мелася патрапіць у Ірак. Другі раз на вайсковай базе ў Іраку знайшлі дакумэнт, які сьведчыў пра сувязі ірацкіх вайскоўцаў зь беларускімі гандлярамі зброі. Аднак непасрэдна беларускай зброі ў Іраку дагэтуль ня знойдзена.
XS
SM
MD
LG