Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАТЫШЫ ПРАГАЛАСАВАЛІ ЗА ЎВАХОД У ЭЎРАЗЬВЯЗ


Кастусь Бандарук, Прага

(Бандарук: ) “Сьвяткаваньні з прычыны станоўчага выніку рэфэрэндуму распачаліся яшчэ за паўгадзіны да закрыцьця выбарчых участкаў. У Рызе адбыліся фаэрвэркі і спантанныя сьвяткаваньні на вуліцах. У часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга заявіла:

(Вікэ-Фрайбэрг: )“Для Латвіі гэты рэфэрэндум азначае канчатковае спыненьне наступстваў Другой усясьветнай вайны, сьціраньне падзелаў на мапе Эўропы, якія паўсталі ў выніку адыёзнага пакту Рыбэнтропа-Молатава з 1939 году. Гэта вяртаньне належнага нам месца на эўрапейскай сцэне.”

Прэзыдэнтка падзякавала ўсім, хто сказаў Эўразьвязу “так”: “Я упэўненая, што гэта быў добры выбар. Дзякую ўсім, хто сьмела паглядзеў у будучыню.” Не хавалі свайго задаваленьня іншыя латыскія палітыкі. Прэм’ер Эйнарс Рэпшэ заявіў:

(Рэпсэ: ) “Народ адкінуў спадчыну Савецкага Саюзю і ўступіў у Эўразьвяз. Савецкі Саюз быў таталітарнай дзяржавай, гэта быў камуністычны рэжым, гэты была імпэрыя. Эўразьвяз – гэта таксама саюз. Слова тое самае, але сутнасьць цалкам іншая”.

“Латвія вяртаецца ў Эўропу” напісала ў нядзельным выданьні найбуйнейшая латыская газэта “Дыена”. Таксама для многіх шэраговых выбаршчыкаў вынікі рэфэрэндуму – гэта гарантыя бясьпекі для краіны пасьля прымусовага далучэньня да СССР. “Галасуючы за Эўразьвяз, я галасаваў за тое, каб нас ніколі больш не вывозілі ў ссылку таварнякамі, нібы быдла” – сказаў адзін з выбаршчыкаў.

Станоўча на вынікі латыскага рэфэрэндуму адрэагавалі таксама прадстаўнікі Эўразьвязу. Паводле старшыні Эўракамісіі Рамана Проды, “латышы добра скарысталі свой досьвед, здольнасьці і добрую волю, выказваючыся за далучэньне да эўрапейскай сям’і”. “Вітаем Латвію ў эўрапейскім доме” – заявіў камісар у справах пашырэньня Эўразьвязу Гюнтэр Фэргойгэн.

Вынікі галасаваньня аказаліся лепшымі, чым гэта вынікала з папярэдніх прагнозаў і перадвыбарчых апытаньняў. Некаторыя палітыкі і аглядальнікі, у прыватнасьці Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Арніс Сымдарс выказваў засьцярогу, што вынік можа аказацца 50 на 50. Аднак за далучэньне да Эўразьвязу выказаліся аж 67 адсоткаў выбаршчыкаў. Выбарчая актыўнасьць склала больш за 72 адсоткі, але была меншай, чым меркавалася раней.

Большасьць тых, хто прагаласаваў “за”, тлумачаць сваю пазыцыю тым, што Эўразьвяз, гэта надзея на эканамічны рост, вышэйшы ўзровень жыцьця, прыток замежных інвэстыцыяў, гэта шанец найперш для маладых.

Характэрна, што найболей галасоў “супраць” аддалі жыхары расейскамоўнай меншасьці. У этнічна беларускім Даўгапільсе, былым Дзьвінску, супраць прагаласавала абсалютная большасьць, 67% выбаршчыкаў.

Рэфэрэндум у Латвіі быў апошнім з сэрыі аналягічных галасаваньняў праведзеных у 9 краінах-кандыдатах.

“Цяпер рашучае “так” з боку усіх краінаў павінна заахвоціць усіх да яшчэ большых высілкаў дзеля далейшага аб’ядноўваньня кантынэнту” – лічыць старшыня Эўракамісіі, Рампана Проды.
XS
SM
MD
LG