Аргентынскі Сэнат пацьвердзіў пастанову ніжняй палаты кангрэсу і скасаваў амністыю вайскоўцам, якія выкрадалі, катавалі і забівалі людзей пад час кіраваньня хунты. У пэрыяд 1976 – 1983 гадоў у Аргентыне зьніклі бязь вестак 30 тысячаў чалавек. Калі дэмакратыя аднавілася, вышэйшых кіраўнікоў хунты арыштавалі і судзілі. Таксама былі падрыхтаваныя матэрыялы на іншых афіцэраў, удзельнікаў злачынстваў. Аднак пад пагрозай ваеннага перавароту парлямэнт прыняў ў 86-87 гадах шэраг законаў аб амністыі. Пазьней тагачасны прэзыдэнт Карлас Мэнэм – у мэтах нацыянальнага прымірэньня - амніставаў нават кіраўнікоў хунты, якія адбывалі тэрмін зьняволеньня, і спыніў далейшае сьледзтва.
Сёлета ў траўні быў абраны новы прэзыдэнт Аргентыны - Нэстар Кірхнэр. Ён цьвёрда выступаў за адмену амністыі і суд над абвінавачанымі. Яго і падтрымаў Кангрэс учора.
Паводле ацэнак праваабарончых арганізацыяў, да суду могуць быць прыцягнутыя каля тысячы васкоўцаў – ад адстаўных генэралаў да дзейных афіцэраў. Навіна выклікала нэрвовасьць і незадаволенасьць у войску. Міністар абароны прызнаў гэта ў радыёінтэрвію, але заявіў, што няма ніякіх прыкметаў непадпарадкаваньня. Тым часам больш за 40 былых высокапастаўленых афіцэраў хунты ўжо арыштаваныя – іх вінавацяць у забойствах грамадзянаў Гішпаніі. Экстрадыцыю запатрабаваў судзьдзьдзя Балтазар Гарсон, знакаміты сваёй справай супраць чылійскага дыктатара Піначэта. Такія ж запыты прыйшлі з Францыі, Італіі, Нямеччыны і Швэцыі.
Некаторыя канстытуцыйныя юрысты выказваюць сумнеў наконт легітымнасьці адмены амністыі. Як бы там ні было, Аргентына таксама заявіла пра намер неадкладна далучыцца да канвэнцыі ААН "Аб неўжываньні тэрміну даўнасьці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва". Як міжнародны закон, канвэнцыя ў любым выпадку скасоўвае тую амністыю і іншае унутранае заканадўства, якое ёй супярэчыць. Што да рэакцыі грамадзтва, апытаньні паказваюць, што большасьць аргентынцаў цьвёрда падтрымліваюць пазыцыю новага прэзыдэнта – былыя асобы ад улады павінны панесьці пакараньне за злачынствы мінулага.
Як патлумачылі Радыё Свабода ва управе прававога забясьпечаньня замежных сувязяў Міністэрства юстыцыі, Беларусь (БССР) ратыфікавала канвэнцыю ў 1969 году і яна таксама мае вяршэнства над нацыянальным заканадаўствам.