Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗЬНІКІ ЗША РАСЧАРАВАНЫЯ ПАЗЫЦЫЯЙ АМЭРЫКІ


Тацяна Поклад, Прага

Паводле законаў ЗША, прэзыдэнт Буш мае ўладу адмяніць гэтае рашэньне пра спыненьне вайсковае дапамогі адносна любой краіны паводле яго выбару.

Пакуль прэзыдэнт ЗША вырашыў не адмяняць спыненьне дапамогі для 6 найбольшых прыхільнікаў ЗША ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Як паведамляе карэспандэнт радыё “Свабода” Джэфры Донаван з Вашынгтону, саюзьнікі ЗША у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе найбольш расчараваныя гэтым рашэньнем.

Эстонія, Літва, Латвія, Баўгарыя, Славенія і Славаччына – якія, як мяркуецца, неўзабаве маюць далучыцца да Эўразьвязу і НАТО — сёлета пайшлі насуперак памкненьням Эўразьвязу, каб падтрымаць вайну ЗША у Іраку. Іх пазыцыя ў падтрымку ЗША супярэчыла пазыцыі ЭЗ і выклікала асуджэньне з боку краінаў Зьвязу. Але будучыя сябры ЭЗ мусілі падтрымаць закон адносна Міжнароднага Крымінальнага Суду ў Гаазе, які адпавядае законам ЭЗ. Эўразьвяз настойліва параіў гэтым краінам не падтрымліваць бок ЗША ў выпадку з Міжнародным Крымінальным Судом і ня йсьці насуперак законам ЭЗ.

Будучыя сябры Эўразьвязу – саюзьнікі ЗША – спадзяваліся, што прэзыдэнт ЗША адменіць дзеля іх дзеяньне Акту пра Дапамогу Амэрыканскім Саюзьнікам. Гэты закон дзейсны ад учорашняга дня. Акт прыпыняе вайсковую дапамогу 35 краінам, якія не пагадзіліся вызваліць грамадзянаў ЗША ад перасьледу новага Міжнароднага Крымінальнага Суду у Гаазе.

Іншыя 22 краіны – сябры НАТО і найбольшыя саюзьнікі ЗША – не-сябры НАТО – не падпадаюць пад дзеяньне санкцыяў гэтага Акту пра спыненьне дапамогі. Некаторыя зь іх падпісалі адпаведныя пагадненьні, якія абараняюць іх, а для іншых прэзыдэнт ЗША прыпыніў сваёй воляй дзеяньне Акту пра спыненьне дапамогі, бо гэта было ў інтарэсах ЗША.

Міжнародны Крымінальны Суд у Гаазе, – фармальна ён распачаў працу ўчора, – разглядае скаргі адносна ваенных злачынстваў і злачынстваў супроць чалавечнасьці. Прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр сьцьвярджае, што скаргі ў Міжнародны Крымінальны Суд у Гаазе на грамадзянаў ЗША – палітычна матываваны перасьлед службовых асобаў ЗША. Ён заявіў, што такія скаргі будуць дзейсным сродкам ціску на стасункі ЗША з кожнай краінай.

Крытыкі мяркуюць, што спыненьне вайсковае дапамогі з боку ЗША для яго найбольшых саюзьнікаў у Эўропе – гэта занадта высокая плата за апазыцыю Гаагскаму Міжнароднаму Крымінальнаму Суду.

6 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы спадзяваліся, што з увагі на іх нядаўнюю дзейсную падтрымку пазыцыі ЗША адносна Іраку, прэзыдэнт ЗША адменіць закон пра спыненьне вайсковай дапамогі для іх. Яны не хаваюць свайго расчараваньня і разгубленасьці.

Прэсавы сакратар Пасольства Літвы у ЗША Раландас Касінскас прыгадаў, што Джордж Буш пад час сваёй прамовы у Кракаве адзначыў, што у пытаньні вайны ў Іраку, калі Польшча падтрымала ЗША насуперак апазыцыі Эўразьвязу, яна зрабіла выбар паміж тым, выказаць сябе добрым саюзьнікам ЗША ці – Эўразьвязу. Але цяпер, на думку, Р.Касінскаса, Вашынгтон меў магчымасьць падобным чынам абыйсьціся з 6 будучымі сябрамі Эўразьвязу, сваімі саюзьнікамі.
XS
SM
MD
LG