Мы паведамлялі пра знаходкі, якія ў канцы вайны ў Іраку зрабіў карэспандэнт нашага радыё Рон Сынавіц, прыкамандзіраваны да 3-й пяхотнай дывізіі ЗША. У сэйфе афіцэра ірацкай рэспубліканскай гвардыі ў Багдадзе ён знайшоў лісты ад прыватнай расейскай фірмы, якую ўзначальвае адстаўны генэрал Уладзіслаў Ачалаў, а таксама факс з Барысаўскага рамонтнага заводу. У абодвух лістах прапаноўваліся пастаўкі ваеннага абсталяваньня.
На гэтым тыдні Сынавіц асьвятляў канфэрэнцыю АБСЭ па барацьбе зь незаконым гандлем людзьмі, наркотыкамі й зброяй, якая праходзіла ў Празе. Скарыстаўшы нагоду, ён азнаёміў прадстаўнікоў дэлегацыяў са сваімі багдадзкімі знаходкамі. І цяпер яны сталі прадметам ужо не журналісцкага дасьледаваньня, а афіцыйнага разьбіральніцтва ў межах АБСЭ.
Прадстаўнік галяндзкага старшыняваньня ў АБСЭ Даан Эвэрт заявіў нашаму радыё, што мае вельмі мала сумневаў у сапраўднасьці гэтых дакумэнтаў. Паводле яго, вядома, што падобныя пастаўкі рабіліся як з Расеі, гэтак і з Малдовы.
А прэсавы сакратар галяндзкага старшыняваньня ў АБСЭ Аляксандар Ніцшэ паведаміў наступнае:
(Ніцшэ: ) “Мы атрымалі прадстаўленую нам дакумэнтацыю і перадалі яе расейскай дэлегацыі, якая прысутнічае на Эканамічным форуме АБСЭ. Вы разумееце, што гэтыя дакумэнты павінныя быць разгледжаны вельмі ўважліва і падрабязна перад тым, як даваць ацэнку. І няма сумневу, падобная ацэнка будзе зробленая амэрыканскай дэлегацыяй. Я ведаю, што гэта было накіравана на інстанцыі ў ЗША”.
Падчас канфэрэнцыі паперы былі перададзеныя беларускай і расейскай дэлегацыям. Прадстаўнік расейскага МЗС Анвар Азымаў сказаў, што дакумэнты будуць вывучаныя і адказ будзе дадзены ў свой час і ў належнай манеры. Рэакцыя беларускіх урадоўцаў пакуль невядомая.
Разам з тым, крыніцы ў кіраўніцтве АБСЭ паведамляюць, што гэтыя дакумэнты стануць прадметам разгляду ў адмысловым камітэце арганізацыі. У неафіцыйным парадку прадстаўнікі АБСЭ гавораць, што багдадзкія знаходкі Рона Сынавіца “разварушылі асінае гняздо” на праскай канфэрэнцыі.
Нашыя паведамленьні пра зьмест гэтых знаходак шмат камэнтаваліся беларускімі ўрадоўцамі, прынамсі, многія зь іх называлі гэтыя паперы фальшыўкамі.
Заходнія экспэрты выказваюць наконт знаходак Сынавіца розныя меркаваньні. Напарыклад, канадзкі адмысловец Том Нэйлар лічыць, што паперы пра незаконныя збройныя ўгоды, што трапляюць у рукі журналістаў, звычайна зьяўляюцца фальшыўкамі спэцслужбаў, акцыямі “чорнай прапаганды”. Прафэсар Нэйлар спэцыялізуецца на праблемах чорнага рынку і міжнароднай злачыннасьці. Наконт багдадзкіх знаходак Рона Сынавіца ён гаворыць:
(Нэйлар: ) “Дапускаючы іхную рэальнасьць, мы маем некаторыя доказы кантрабанднага гандлю ў прыватным сэктары. Несумненна, паколькі гэта тычыцца ваеннай сфэры, гэты гандаль адсочваўся ў некаторай ступені выведкай – верагодна, з абодвух бакоў. Бо большасьць угодаў са зброяй, асабліва на чорным рынку, адсочвалася выведчымі службамі”.
Прафэсар Нэйлар мяркуе, што ў лістах, знойдзеных Сынавіцам, размова ідзе пра ня вельмі сур’езныя ўзбраенньні й ваеныя паслугі.
(Нэйлар: ) “Для мяне не было бы нечаканасьцю, калі б выявілася, што амэрыканская выведка была ў курсе ўсяго гэтага і вырашыла даць дакумэнтам ход. Акрамя ўсяго, большасьць гэтага абсталяваньня не ўяўляецца асабліва небясьпечным ці сьмяртэльным. Гэта стандартнае абсталяваньне”.
Іншы адмысловец, Філ Вільямс, прафэсар эканомікі зь Пітсбургу, наадворот, упэўнены ў тым, што паперы – сапраўдныя.
(Вільямс: ) “Гэта ня ёсьць неспадзяванкай для мяне. Я думаю, гэта супадае зь іншымі ўзорамі, якія мы ўжо бачылі. Я думаю, тут вядзецца ў асноўным пра дзяржавы, якія ў сапраўднасьці ня шмат чаго могуць прапанаваць ва ўмовах канкурэнцыі на экспарт, за выключэньнем зброі, і некаторыя экспэртызы паказваюць гэта. Так што цалкам натуральна – калі ўлічыць ціск, пад якім знаходзяцца гэтыя краіны, ды абмежаванасьць замежных івэстыцыяў – што яны выкарыстоўваюць падобную магчымасьць”.
На думку прафэсара Вільямса, урады ўвогуле больш зацікаўленыя ў тым, каб заплюшчваць вочы ці нават спрыяць гандлю зброяй, чым змагацца зь незаконнымі ўгодамі.
(Вільямс: ) “Вельмі часта ўрады ня лічаць спыненьне кантрабанды галоўным прыярытэтам. Тут адыгрываюць ролю ўсялякага роду геапалітычныя меркаваньні. І ўнутраныя палітычныя меркаваньні адыгрываюць сваю ролю. І гэта азначае, што рыторыка не заўсёды падмацоўваецца рэальнымі захадамі”.