Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПРАЗЕ ПРАХОДЗІЦЬ 11-Ы ЭКАНАМІЧНЫ ФОРУМ АБСЭ

Натальля Судлянкова, Прага

(Карэспандэнтка: ) “Злучаныя Шатты Амэрыкі былі сярод краінаў-ініцыятараў значнага ціску на Беларусь, каб прымусіць афіцыйны Менск ізноў дазволіць працаваць офісу АБСЭ ў Менску. Як бы Вы ацанілі працу новага офісу?”

(Мінікес: ) “Місія пачала працаваць ў поўным складзе літаральна месяц таму. Мы яшчэ ўбачым, наколькі эфэктыўнай будзе яе праца і наколькі эфэктыўным кіраўніком будзе Эбэргарт Гайкен”.

(Карэспандэнтка: ) “Але некаторыя беларускія палітыкі ўжо пасьпелі абвінаваціць місію ў тым, што яна працуе вельмі павольна. Ці зьбіраецца АБСЭ найбліжэйшым часам скантраляваць працу гэтай місіі і якія ўвогуле ёсьць мэтады ацэнкі й кантролю такой працы?”

(Мінікес: ) “У Вене мы вельмі актыўна кантралюем працу кожнай зь місіяў. Кіраўнікі місіяў час ад часу прыяжджаюць у Вену, каб зрабіць справаздачу. І ў нас ёсьць магчымасьць абмеркаваць іхную працу ня толькі ў адпаведных камісіях і камітэтах, але і індывідуальна, цягам прыватных сустрэчаў. Такім чынам, кіраўнік місіяў атрымліваюць магчымасьць распавесьці пра тое, што адбываецца, і пачуць нашае меркаваньне наконт таго, што яшчэ трэба зрабіць, каб місіі працавалі настолькі эфэктыўна, наколькі гэта трэба.

Мы хацелі б, каб праца місіяў была сфакусаваная на пытаньнях падтрымкі інстытуцыйных зьменаў, працэсаў будаўніцтва прававой дзяржавы і стварэньня грамадзкай супольнасьці. Мы таксама ставім перад місіямі задачу падтрымліваць эканамічную актыўнасьць і актыўнасьць у дачыненьні да навакольнага асяродзьдзя. Мы патрабуем ад місіяў маніторынгу сытуацыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як разьвіваюцца стасункі місіяў зь недзяржаўнымі арганізацыямі ў тых краінах, дзе місіі АБСЭ дзейнічаюць?”

(Мінікес: ) “Мы вельмі зацікаўленыя ў актыўным удзеле недзяржаўных арганізацыяў у гэтай працы. Менавіта дачыненьні беларускага ўраду зь недзяржаўнымі арганізацыямі выклікаюць у нас занепакоенасьць. Беларускі ўрад зацікаўлены ў тым, каб гэты ўдзел быў на апошніх стадыях праектаў. Мы з гэтым ня згодныя. Мы настойваем на тым, каб недзяржаўныя арганізацыі супрацоўнічалі зь місіямі ад пачатку рэалізацыяі праектаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Кангрэс ЗША зараз абмяркоўвае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Калі гэты “Акт” будзе прыняты, ці паўплывае гэта на падыходы і стаўленьне амэрыканскай амбасады ў АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі?”

(Мінікес: ) “Безумоўна, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” вельмі істотна паўплывае на тое, што мы робім. Злучаныя Штаты – гэта краіна, дзе прыярытэт мае закон. Калі амэрыканскія заканадаўцы прымуць закон, выканаўчая ўлада, а ў дадзеным выпадку – Дзярждэпартамэнт і я, як пасол ЗША ў АБСЭ, будзем выконваць мандат, які выцякае з гэтага “Акту”. Зараз “Акт” зьяўляецца часткай новага Закону пра міжнародныя дачыненьні. Акт аб дэмакратыі падтрымлівае кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт і сэнатары... Пакуль я не магу сказаць, калі “Акт” пачне дзейнічаць, таму што гэта залежыць ад працы Кангрэсу. Але адназначна можна сказаць, што калі ён будзе прыняты, ён будзе выконвацца – і гэта адаб’ецца на нашае працы. Мы будзем выконваць гэты мандат”.

(Карэспандэнтка: ) “Як бы Вы ацанілі пэрспэктывы далучэньня Беларусі да Эўразьвязу?”

(Мінікес: ) “Я думаю, што гэтае рашэньне застаецца за Эўразьвязам. Адзінае, што я магу сказаць на гэты конт: і ЗША, і Эўразьвяз шчыльна супрацоўнічаюць, каб дапамагчы стварэньню ў Беларусі такой супольнасьці, якая можа заняць сваё месца ў аб’яднанай Эўропе і быць часткай таго кола краінаў, у якое ўваходзяць як краіны Эўразьвязу, так і ЗША. Гэта краіны, асноўныя каштоўнасьці якіх супадаюць з амэрыканскімі.

“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, ініцыятарам якога выступіў кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, цяпер зьяўляецца часткай Закону пра міжнародныя дачыненьні. Ён стане законам, як толькі за яго прагаласуюць Кангрэс, Сэнат і падпіша прэзыдэнт”.
XS
SM
MD
LG