Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР КОЗАК: “ЦІ ПРЫМУЦЬ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ” – ГЭТА ШМАТ У ЧЫМ БУДЗЕ ЗАЛЕЖАЦЬ АД ПАДЗЕЯЎ У САМОЙ БЕЛАРУСІ”


Юры Дракахруст, Прага

Амбасадар ЗША таксама пракамэнтаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт факсу з барысаўскага ваеннага заводу, знойдзенага ў Багдадзе карэспандэнтам нашага радыё. Мы паведамлялі пра гэтую знаходку ў нашых перадачах. Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэты факс ня ёсьць доказам збройных кантактаў Беларусі з рэжымам Хусэйна, гэта, паводле Лукашэнкі, толькі камэрцыйная прапанова, сьпіс паслугаў.

Амбасадар Козак заўважыў, што гэта – трэцяе тлумачэньне, дадзенае гэтаму дакумэнту беларускімі ўладамі. Сьпярша заяўлялася, што ён – падробка, потым – што гэта ўсяго толькі камэрцыйная прапанова.

Паводле Майкла Козака, амэрыканская пазыцыя не грунтуецца на нейкім адным дакумэнце. Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты на працягу доўгага часу атрымлівалі важкую інфармацыю пра перасоўваньне зброі й тавараў падвойнага прызначэньня зь Беларусі ў Ірак, пра навучаньне ў Беларусі ірацкіх ваенных адмыслоўцаў. “Гэтая папера, – працягваў Майкл Козак, – зусім не падстава для нашай упэўненасьці ў датычнасьці ўраду Беларусі да такіх угодаў. Хаця яна і адпавядае той інфармацыі, якую мы мелі раней”. Амбасадар дадаў, што з часам, магчыма, зьявяцца новыя доказы падобных апэрацыяў.

Амбасадар ЗША закрануў таксама ў сваім інтэрвію пэрспэктывы прыняцьця амэрыканскім кангрэсам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Ён заўважыў, што адпаведны законапраект прайшоў ужо Камітэт міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў і безумоўна будзе прыняты ніжняй палатаю Кангрэсу.

Што ж тычыцца верхняй палаты, Сэнату, то амбасадар ня стаў прагназаваць вынікі абмеркаваньня, хаця адзначыў, што яго падтрымліваюць уплывовыя сэнатары з абодвух партыяў.

Паводле Майкла Козака, прыняцьцё альбо непрыняцьцё гэтага закону залежыць ад падзеяў у самой Беларусі. Прычынай паскарэньня прыняцьця “Акту аб дэмакратыі” ён назваў адсутнасьць прагрэсу па чатырох умовах АБСЭ: дэмакратычныя выбарчыя працэдуры, павага свабоды мэдыяў, скасаваньне атмасфэры страху, пашырэньне паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў.

Майкл Козак патлумачыў, што выканаўчая ўлада ЗША звычайна не ўхваляе спробы Кангрэсу прымаць законы, што тычацца зьнешняй палітыкі. Аднак з прычыны адсутнасьці прагрэсу ў Беларусі, Белы Дом стаў з разуменьнем ставіцца да матываў, якімі кіруецца Кангрэс, калі працуе над “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, – сказаў амбасадар.

Разам з тым, ён паведаміў, што ня варта разьлічваць, што пасьля прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ў Беларусь пойдуць 40 мільёнаў даляраў, якія былі прапанаваныя ў першапачатковым праекце. “Тыя, хто мараць пра гэтыя грошы, і тыя, хто гэтага палохаюцца, могуць пра гэта забыццац”, – заявіў амбасадар ЗША Майкл Козак. Ён дадаў, што Злучаныя Штаты штогоду выдзяляюць на дапамогу Беларусі 30-35 мільёнаў даляраў, гэта пераважна гуманітарная дапамога. Зь іх 10 мільёнаў штогодна выдаткоўваецца на праграмы разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG