Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DER STANDARD”: “ЭЎРОПА МУСІЦЬ ТРЫМАЦЬ АДЧЫНЕНАЙ СВАЮ БРАМУ ДЛЯ БЕЛАРУСІ”


Ул.інф.

Кніга Бузэка “Адчыненая брама на Ўсход, або Вялікі шанец Эўропы”, выдадзеная на пачатку траўня ў Вене, сёньня — у цэнтры ўвагі эўрапейскіх аналітыкаў і аглядальнікаў.

Як піша аўстрыйскае выданьне “Der Standard”, палітык Экерхард Бузэк заўсёды наперадзе свайго часу. Яшчэ ў гады “халоднай вайны” ён папярэджваў сваіх заходнеэўрапейскіх калегаў у Боне і Парыжы, што ігнараваньне ўсходнеэўрапейскага рэгіёну калі-небудзь можа прывесьці да расколу на кантынэнце. Сёньня эўрапейскі палітык раіць Брусэлю быць максымальна ўважлівым менавіта да тых краін, якія не ўвайшлі ў склад ЭЗ і на працягу дзесяцігодзьдзяў мусяць чакаць сваёй чаргі ў гэтую структуру.

Паводле Бузэка, тыя ў Брусэлі, хто не ўспрымаюць як Эўропу Беларусь, Украіну, Малдову, ёсьць надзвычай недальнабачнымі палітыкамі. Праўдападобна, што гэтыя людзі так і не зрабілі пэўнага ўроку з таго, што новыя сябры ЭЗ выбралі праамэрыканскі кірунак. Аўстрыйскі палітык раіць брусэльскаму кіраўніцтву надаваць большую ўвагу працэсу далейшага пашырэньня Эўропы на Ўсход, аднак пры гэтым не прыпыняць і паглыбленьня Эўразьвязу. Толькі такім чынам Эўропа можа атрымаць пэўную вагу ў вачох ЗША і разглядацца Вашынгтонам у якасьці поўнавартаснага партнэра.

З падобнымі меркаваньнямі аўстрыйскага палітыка Бузэка згодны шэраг нямецкіх назіральнікаў. Аднак ані эўрапейскія палітыкі, ані эўрапейскія экспэрты, паводле аўстрыйскага выданьня, пакуль што не гатовыя прапанаваць канчатковай і дэталізаванай стратэгіі далейшага эўрапейскага пашырэньня.

Што да Ўкраіны і Беларусі, то з гледзішча бальшыні нямецкіх назіральнікаў, у тым ліку экспэртаў Фонду навукі й палітыкі, гэтыя краіны ў бліжэйшыя дзесяць год мусяць адыгрываць ролю гэтак званага “мосту” паміж Эўропай і Масквой. На цяперашні момант абедзьве краіны дэ-факта апынуліся ў надзвычай складанай гепалітычнай сытуацыі. З аднаго боку, і ў Кіеве, і ў Менску разумеюць, што іхная ізаляцыя ад Захаду і стаўка выключна на Расею ня маюць вялікіх пэрспэктываў. Зь іншага боку, і Ўкраіна, і Беларусь эканамічна і энэргетычна залежныя ад Масквы. Створаная Лукашэнкам палітычная сыстэма значна больш закрытая, чым ва Ўкраіне. Адрозна ад Беларусі, палітычная эліта Кіева ўсё ж дэкляруе сваё жаданьне стаць сябрам ЭЗ. Калі браць эканамічны аспэкт, то праз 10 год пасьля распаду СССР ў Беларусі існуе дзяржаўная гаспадарка, ва Ўкраіне пануюць алігархі…

Тым ня менш, ЭЗ мусіць трымаць адчыненай сваю браму для гэтых і іншых краін, лічыць аўстрыйскі палітык Экергард Бузэк. Як вынікае зь ягонай кнігі, распрацоўка Брусэлем новых законаў у галіне эканамічнага і памежнага супрацоўніцтва з краінамі паўдзённа-ўсходняга эўрапейскага рэгіёну мусіць распачацца як мага хутчэй.
XS
SM
MD
LG