Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЗЬБIРАЮЦЦА ДАСЛАЦЬ ДАДАТКОВЫЯ ВОЙСКI Ў БАГДАД, КАБ ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ ПАРАДАК


Аляксей Знаткевіч, Прага

Мiнiстар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявiў, што амэрыканскiя войскi ў Багдадзе пачнуць болей выкарыстоўваць сiлу, каб забясьпечыць грамадзкi парадак.

(Рамсфэльд: ) “Нашыя войскi будуць выкарыстоўваць сiлу, каб гарантаваць, што людзi, якiя падрываюць жыцьцё гораду, былi спыненыя i затрыманыя цi забiтыя”.

Журналiсты, якiя знаходзяцца ў Багдадзе, паведамляюць, што ў горадзе працягваюцца рабаваньнi, падпалы i перастрэлкi. Рабаўнiкi часта маюць аўтаматычную зброю. На гэтым тыднi зьявiлiся супярэчлiвыя паведамленьнi наконт таго, што амэрыканская адмiнiстрацыя ў Іраку дазволiла войскам страляць у рабаўнiкоў на месцы злачынства. Газэта “Нью-Ёрк Таймс” паведамiла, што кiраўнiк амэрыканскай адмiнiстрацыi ў Іраку Пол Брэмэр падрыхтаваў такi загад.

Але камандуючы сухапутнымi войскамi ЗША ў Іраку Дэвiд МакКiрнан заявiў, што вайсковыя правiлы не дазваляюць салдатам страляць, калi iхнае жыцьцё не знаходзiцца ў небясьпецы. Прадстаўнiкi амэрыканскiх войскаў таксама паведамiлi, што некаторыя з рабаўнiкоў ня проста крымiнальнiкi, але зьвязаныя з рэжымам Садама Хусэйна, i што часам гэтыя людзi абстрэльваюць амэрыканскiя патрулi й зьнiшчаюць адноўленыя iрацкiя аб’екты.

Нестабiльнасць у Іраку пагражае дзейнасьцi гуманiтарных арганiзацыяў. Дзьве машыны прыватнай гуманiтарнай групы “CARE” былi скрадзеныя, а ахоўнiк забiты. Некаторыя арганiзацыi адмаўляюцца дасылаць гуманiтарную дапамогу, пакуль няма надзейнай аховы складоў. Фалiх Абдул Джабар, сацыёляг Лёнданскага ўнiвэрсытэту кажа, што многiя iракцы не вяртаюцца на працу i ня ўдзельнiчаюць ў грамадзкiм жыцьцi, бо баяцца.

(Джабар: ) “Сярод iракцаў ёсьць шмат сьвецкiх сучасных людзей, але яны запалоханыя. Яны – цывiльныя людзi. Яны не жывуць паводле правiлаў натоўпу. Яны ня пойдуць на вулiцы з аўтаматамi Калашнiкава. І пакуль яны бачаць такiя рэчы, яны ня будуць рухацца”.

Прадстаўнiкi ЗША цяпер спрабуюць аднавiць багдадзкую палiцыю, але гэты працэс зацягваецца, бо былых палiцыянтаў правяраюць на сувязi з былой кiраўнiчай партыяй Іраку “Баас”.
XS
SM
MD
LG