Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАКЦЫ ПАДАЮЦЬ У БЭЛЬГІЙСКІ СУД НА ГЕНЭРАЛА ФРЭНКСА


Юры Дракахруст, Прага

Сярод падавальнікаў пазову – бацькі забітага карэспандэнта тэлеканалу “Аль Джазіра”, асобы, чые родныя сталі ахвярамі бамбаваньня Багдаду касэтнымі бомбамі, людзі, якія заяўляюць, што пацярпелі, калі амэрыканскія войскі абстралялі шпіталь у Багдадзе. Усе яны абвінавачваюць амэрыканскіх салдатаў у парушэньні міжнароднага права. Адказьнікам у пазове называецца генэрал Фрэнкс, бо аўтары пазову мяркуюць, што ён як камандзір адказвае за дзеяньні сваіх падначаленых.

10 гадоў таму ў Бэльгіі быў прыняты закон, які дазваляе прыцягваць да адказнасьці за ваенныя злачынствы ў бэльгійскім судзе грамадзянаў любой краіны сьвету. Паводле гэтага закону ў Брусэлі былі асуджаныя чатыры руандыйцы за генацыд. Былі зробленыя спробы распачаць справы таксама супраць былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, палестынскага лідэра Ясіра Арафата і прэм’ер-міністра Ізраілю Арыеля Шарона. Пазоў супраць Шарона летась быў адхілены пасьля рэзкіх пратэстаў Ізраілю.

Месяц таму пад ціскам ЗША і Ізраілю Бэльгія ўнесла зьмены ў закон, якія прадухіляюць палітычна матываваныя пазовы супраць кіраўнікоў дэмакратычных дзяржаваў. Але невядома, ці прадухіляць гэтыя зьмены ўзбуджэньне справы супраць генэрала Фрэнкса.

Міжнародны цэнтар Шымона Візэнталя, які спэцыялізуецца на перасьледзе нацысцкіх ваенных злачынцаў, ахарактарызаваў пазоў супраць Томі Фрэнкса як несправядлівы і палітычна матываваны. У сувязі з намерам распачаць справу супраць кіраўніка амэрыканскімі войскамі ў Затоцы прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША заклікаў бэльгійскі ўрад абараніць сваю судовую сыстэму ад злоўжываньняў у палітычных мэтах.
XS
SM
MD
LG