Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МІЖНАРОДНАЯ РЭЛІГІЙНАЯ СВАБОДА” ЗАКЛІКАЕ КАНГРЭС ЗША ПРЫНЯЦЬ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”


Юры Дракахруст, Прага

Паводле ацэнкі арганізацыі, амэрыканская адміністрацыя недастаткова актыўна пратэставала і супрацьдзеяла брутальнаму перасьледу релігійных меншасьцяў у Савудаўскай Арабіі і ў Афганістане.

“Міжнародная рэлігійная свабода” адзначае таксама пагаршэньне сытуацыі ў Расеі, у прыватнасьці, узмацненьне дзяржаўнага ціску на каталікоў і пратэстантаў. Сярод дзяржаваў, якія прыціскаюць рэлігійныя свабоды, у справаздачы названая і Беларусь. “Міжнародная рэлігійная свабода” заклікае Кангрэс ЗША прыняць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.

У справаздачы арганізацыі “Міжнародная рэлігійная свабода” Беларусь прыгадваецца сярод краінаў, у якіх становішча са свабодай сумленьня выклікае асаблівую занепакоенастьць. У дакумэнце прыгадваюцца рэпрэсіі супраць беларускіх індуістаў, разбурэньне храму Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Пагранічным, апаганьваньні габрэйскіх могілак, якія не былі дасьледаваныя належным чынам.

Аднак найбольшую ўвагу справаздача надае новаму беларускаму закону аб свабодзе сумленьня, які названы самым рэпрэсіўным законам аб веравызнаньнях у Эўропе. Прадстаўнікі “Міжнароднай рэлігійнай свабоды” сёлета наведалі Беларусь і абмяркоўвалі праблемы, зьвязаныя з гэтым законам, з прадстаўнікамі ўлады і релігійных суполак.

У рэкамэндацыях амэрыканскаму ўраду, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы, гаворыцца пра неабходнасьць дамагацца скасаваньня рэпрэсіўнага закону аб свабодзе сумленьня. “Міжнародная рэлігійная свабода” заклікае ўрад ЗША даць зразумець беларускаму боку, што рэпрэсіі супраць рэлігійных меншасьцяў выклічуць санкцыі супраць Менску. Арганізацыя заклікае Кангрэс ЗША прыняць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.

У справаздачы ўтрымліваецца парада ўзьдзейнічаць на беларускія ўлады праз кіраўніцтва Расеі. “Міжнародная рэлігійная свабода” мяркуе, што расейскія ўлады маюць пэўны абавязак выкарыстоўваць свой уплыў дзеля паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG