Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАСЕЛІШЧЫ ЗНАМЕНСКАЕ Ў НАДЦЕРАЧНЫМ РАЁНЕ ЧАЧЭНІІ ЗЬДЗЕЙСЬНЕНЫ БУЙНЫ ТЭРАРЫСТЫЧНЫ АКТ


Юры Дракахруст, Прага

Сёньняшні тэракт у Знаменскім стаў самым буйным нападам пасьля леташняга сьнежня, калі быў узарваны дом ураду ў Грозным. Рэфэрэндум, які адбыўся ў Чачэніі сёлета, ня стаў канцом супрацьстаяньня. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наконт сёньняшніх падзеяў у Знаменскім заявіў наступнае:

(Пуцін: ) “Усе дзеяньні такога кшталту накіраваныя на адно – спыніць працэс урэгуляваньня ў Чачэніі, працэс палітычнага ўрэгуляваньня. Нічога такога кшталту мы дапусьціць ня можам і не дапусьцім”.

Варта адзначыць, што Надцерачны раён лічыўся адным з самых спакойных у Чачэніі.

Шэсьць гадоў таму прэзыдэнты Расеі й Чачэніі Барыс Ельцын і Аслан Масхадаў падпісалі дамову, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца: “Бакі назаўсёды адмаўляюцца ад ужываньня і пагрозы ўжываньня сілы пры вырашэньні любых спрэчных пытаньняў, будуюць свае дачыненьні ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі прынцыпамі й нормамі міжнароднага права”. Ці звязаны сёньняшні тэракт у Знаменскім з гадавінаю падпісаньня расейска-чачэнскай дамовы? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да дырэктара паўночнакаўкаскай службы нашага радыё Аслана Дукаева:

(Дукаеў: ) “Казаць пра сувязь гадавіны падпісаньня дамовы паміж Чачэніяй і Расеяй і сёньняшняга тэрарыстычнага акту ў мяне няма ніякіх падставаў. Я ня думаю, што тэрарысты прымяркоўваюць свае напады да пэўных датаў. У Чачэніі гэта не прынята. Што да самога тэракту, ён вельмі падобны на ранейшыя напады, у прыватнасьці, на атаку на будынак чачэнскай адміністрацыі ў Грозным, калі загінулі 72 чалавекі. Хутчэй за ўсё, гэта такі ж акт, зьдзейсьнены людзьмі, якія даведзеныя да адчаю. Мне здаецца, што днямі хто-небудзь з найбольш радыкальных лідэраў супраціву возьме на сябе адказнасьць за гэты тэракт”.

На тле гэтых падзеяў у Чачэніі словы расейска-чачэнскай дамовы пра неўжываньне сілы гучаць амаль як зьдзек. Тым ня менш, якое значэньне мела і мае для Чачэніі тагачасная дамова? Гаворыць Аслан Дукаеў:

(Дукаеў: ) “На мой погляд, падпісаньне гэтай дамовы стала велізарнай падзеяй, асабліва для Чачэніі. Упершыню ў гісторыі расейскай дзяржавы і чачэнскага грамадзтва было прызнана існаваньне праблемы ўзаемаадносінаў паміж Расеяй і Чачэніяй. Была зробленая першая спроба вырашыць гэтую праблему. На жаль, абодва бакі не зрабілі ўсяго магчымага, каб умацаваць тое, што было дасягнута гэтай дамоваю.

Я бачу віну абодвух бакоў. Ёсьць віна чачэнскага боку, які ня здолеў утаймаваць свае злачынныя элемэнты, адбылося ўварваньне ў Дагестан, і ваяўнічая частка расейскага генэралітэту была справакаваная на адказ. З другога боку, ёсьць віна і расейскай дзяржавы. Расея, як больш моцная, больш уплывовая дзяржава, не дапамагла слабаму чачэнскаму ўраду, каб ён мог больш эфэктыўна кіраваць сваёй дзяржаваю”.

Кіраўнік прарасейскай адміністрацыі Чачэніі Ахмад Кадыраў заявіў сёньня, што да нападу ў Знаменскім мае дачыненьне лідэр паўстанцаў Аслан Масхадаў. Ці праўда гэта? Сваё меркаваньне выказвае Аслан Дукаеў:

(Дукаеў: ) “Цалкам выключаць гэтую вэрсію немагчыма, але ў сваіх публічных выступах чачэнскі лідэр Аслан Масхадаў адмаўляў сваю датычнасьць да нападаў на цывільных людзей. У гэтым выпадку сярод ахвяраў большасьць складаюць людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня ані да ўладных структураў , ані да ФСБ. З другога боку, сам Кадыраў спачатку казаў пра датычнасьць Масхадава, а ўжо днём заявіў, што пакуль цяжка казаць, хто стаіць за гэтым нападам. Дагэтуль ніхто не даказаў датычнасьць Масхадава да тэрарыстычных актаў”.
XS
SM
MD
LG