Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАКОЛЬКІ МОЦНЫ БУДЗЕ СУПРАЦІЎ ВОЙСКА САДАМА ХУСЭЙНА, КАЛІ ПАЧНЕЦЦА ВАЙНА?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сп. Аль-Карадагі, Вы вярнуліся з, наколькі я разумею, небясьпечнага падарожжа. Ці цяжка Вам было патрапіць у Ірак, ці кантралюе Садам тэрыторыю, на якой Вы былі?”

(Аль-Карадагі: ) “Я патрапіў на поўнач Іраку праз Турцыю. Гэта было даволі лёгка. Поўнач Іраку не падпарадкоўваецца Багдаду ўжо амаль 11 гадоў. І таму ў тых раёнах, дзе я быў, я адчуваў сябе ў бясьпецы. Гэтая вялікая тэрыторыя, якой кіруюць курды, мае памеры Аўстрыі, гэта тры ірацкія правінцыі з насельніцтвам тры з паловаю мільёны чалавек. Там дзейнічае свая адміністрацыя, парлямэнт і іншыя інстытуцыі дзяржавы. Я там быў на працягу двух тыдняў”.

(Дракахруст: ) “Як там жывуць людзі, што думаюць пра магчымую вайну? З аднаго боку – гэта шлях да вызваленьня ад дыктатара, але ж падчас вайны загіне шмат іх суайчыньнікаў, і ня толькі прыхільнікаў Хусэйна”.

(Аль-Карадагі: ) “Людзі там занепакоеныя пэрспэктываю вайны. Курды моцна пацярпелі ад ранейшых войнаў. На працягу 40 гадоў у курдзкіх раёнах ідзе ўзброенае змаганьне. На курдах выпрабоўвалася ўсякая зброя, у тым ліку і хімічная. Людзі памятаюць, што адбылося ў 1991 годзе, калі ірацкае войска атакавала поўнач Іраку і падавіла паўстанцаў. Людзі занепакоеныя, але ўпершыню за 11 гадоў яны адчуваюць сябе ў бясьпецы, мне падалося нават, што людзі нават хочуць, каб вайна пачалася, каб рэжым ў Іраку быў зьменены”.

(Дракахруст: ) “Курды шмат гадоў вядуць барацьбу за незалежнасьць з Багдадам. Яны могуць стаць натуральнымі саюзьнікамі антысадамаўскай кааліцыі, але пасьля перамогі могуць запатрабаваць незалежнасьці. Ці ня можа гэтая перамога прывесьці да парушэньня тэрытарыяльнай цэласьці краіны?”

(Аль-Карадагі: ) “Курды разумеюць наступствы зьмены рэжыму, яны разумеюць, якімі будуць наступствы, калі яны запатрабуюць незалежнасьці. Зараз яны займаюць цалкам рэалістычную пазыцыю – яны лічаць, што іх праблема можа быць вырашаная ў межах адзінага, фэдэратыўнага, дэмакратычнага Іраку. Яны пацьвердзілі гэтую пазыцыю тыдзень таму, падчас перамоваў у Турцыі з прадстаўнікамі Анкары і Вашынгтону. Яны гавораць, што ня будуць патрабаваць незалежнасьці, але хочуць на роўных удзельнічаць у вызначэньні будучыні Іраку. Яны ня хочуць быць людзьмі другога гатунку, як гэта было дагэтуль”.

(Дракахруст: ) “Віцэ-прэм’ер Іраку Тарык Азыз заявіў, што ў выпадку вайны іракцы зробяць амэрыканцам “другі Сталінград”. Паводле Вашай ацэнкі, наколькі высокая гатоўнасьць ірацкага войска, ірацкага грамадзтва да супраціву, наколькі верагодная партызанская вайна пасьля перамогі Амэрыкі?”

(Аль-Карадагі: ) “Калі я быў у Курдыстане, адзін з курдзкіх лідэраў мне сказаў, што за апошнія 11 гадоў амэрыканская ваенная тэхналёгія палепшылася ў сто разоў, у той час як ірацкая ваенная тэхналёгія настолькі ж адстала. На мой погляд тое, што сказаў Тарык Азыз – гэта нерэальна. Мы памятаем досьвед 1991 году, калі ірацкае войска амаль не аказала супраціву. Што ж тычыцца партызанскай вайны, то гэта таксама нерэальна. Партызанскую вайну можна весьці толькі ў курдзкіх раёнах, гэта горы. Але курды якраз за зьмену рэжыму. Астатняя тэрыторыя – гэта стэп, і партызанскую вайну там весьці немагчыма.

Як іракцу і як аналітыку мне цяжка паверыць у тое, што ірацкі народ хоча абараняць гэты рэжым. Усе – курды і арабы, суніты і шыііты –пацярпелі ад гэтага рэжыму. Шмат іракцаў лічаць, што калі будзе вайна і рэжым будзе скінуты, то іракцы будуць толькі радыя”.

(Дракахруст: ) “ЗША абвінавачваюць Садама Хусэйна ў тым, што ён валодае зброяй масавага зьнішчэньня. Прынамсі, учора ў сваім радыёзвароце прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў: “Парушэньні ірацкім рэжымам рашэньняў Рады Бясьпекі ААН відавочныя. Яны небясьпечныя для Амэрыкі і для сьвету, і яны працягваюцца дагэтуль. Гэты рэжым не пазбавіўся свайго велізарнага арсэналу біялягічнай і хімічнай зброі. Наадварот, праводзіцца складаная кампанія па ўтойваньні зброі і запалохваньні экспэртаў і навукоўцаў. Ірацкі рэжым актыўна спрабуе атрымаць абсталяваньне, неабходнае для стварэньня хімічнай, біялягічнай і ядзернай зброі”.

Наколькі высокая верагоднасьць, што Хусэйн ужыве менавіта гэтую зброю, калі будзе адчуваць, што церпіць паразу?”

(Аль-Карадагі: ) “Шмат людзей і ў Іраку, і за яго межамі сапраўды лічаць, што калі Садам зразумее, што прайграе, ён выкарыстае ўсё, што мае, супраць амэрыканцаў і нават супраць іракцаў, якія выступяць супраць яго. Але гэта складанае пытаньне. Па-першае, ці мае ён дагэтуль такую зброю, якая б дазволіла яму, напрыклад, атакаваць Ізраіль, як ён рабіў гэта ў 1991 годзе. Ці здолее ён гэта зрабіць, калі большая частка Іраку будзе ўжо акупаваная амэрыканцамі. Некаторыя, наадварот, лічаць, што калі ён адчуе, што прайграе, ён паспрабуе ўратавацца і дамовіцца з амэрыканцамі праз арабскія краіны, каб яму дазволілі зьехаць з Іраку. Але калі Вы паразмаўляеце з курдамі ці з шыітамі ў Іраку, яны амаль цалкам упэўненыя, што калі вайна зацягнецца, ён ужыве ўсё, што ў яго ёсьць”.

(Дракахруст: ) “Наколькі моцнай і ўплывовай зьяўляецца ірацкая апазыцыя? Ці ёсьць у ёй людзі, якія здолеюць пераняць уладу ад Садама і трымацца ня толькі на амэрыканскіх штыках?”

(Аль-Карадагі: ) “Я думаю, што ірацкай апазыцыі нялёгка будзе кіраваць краінаю бяз вонкавай дапамогі. Акрамя курдаў, якія маюць і вопыт, і сілы, і тэрыторыю, астатнія ірацкія апазыцыйныя групоўкі ня маюць такіх рэсурсаў. Ірацкая апазыцыя сама хоча, каб пэўны час амэрыканцы дапамагалі апазыцыі ўсталяваць стабільнасьць ў краіне. Ірацкае грамадзтва – цяжкое грамадзтва. Што ж тычыцца чыста адміністрацыйнага, тэхнакратычнага аспэкту, то такіх людзей у Іраку дастаткова. Шмат хто спадзяецца, што падчас саміх ваеных апэрацыяў у краіне зьявяцца нейкія сілы, магчыма, ваенныя, якія падтрымаюць апазыцыю ў яе барацьбе з рэжымам. Але ў любым выпадку спатрэбіцца пэўны час, каб у Ірак прыйшла стабільнасьць”.

(Дракахруст: ) “Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН паведаміў пра сувязі багдадзкага рэжыму з сеткаю міжнароднага тэрарызму, прынамсі, з Аль-Каедай.
Пра гэта ж кажа і прэзыдэнт Буш: “Гэтая ж сетка рыхтавала тэрарыстычныя акты супраць Францыі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны, Грузіі, Расеі і была злоўленая, калі вырабляла атруту ў Лёндане. Небясьпека Садама Хусэйна распаўсюджваецца на ўвесь сьвет”.

Якую карысьць ад гэтага супрацоўніцтва мае Садам?”

(Аль-Карадагі: ) “Гэты рэжым і раней супрацоўнічаў з рознымі тэрарыстычнымі групамі. Гэта і палестынскія групы, і ісламскія фундамэнталісты. Гэта ня значыць, што іх з Хусэйнам аб’ядноўвала агульная ідэалёгія. Іх аб’ядноўваў агульны інтарэс. У абодвух бакоў ёсьць агульны вораг – ЗША. Тыя, хто абвінавачвае Ірак у такіх сувязях, зыходзяць менавіта з гэтага меркаваньня. Напрыклад, курды лічаць, што Хусэйн падтрымлівае адну тэрарыстычную групу, якая мае маленькую тэрыторыю ў ірацкім Курдыстане, на мяжы з Іранам, каб супрацьпаставіць яе іншым курдзкім групоўкам. Тут супадзеньне інтарэсаў, а не ідэалёгіяў”.
XS
SM
MD
LG