Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛАЕ СКАРАЧЭНЬНЕ НАРАДЖАЛЬНАСЬЦІ ЗЬМЯНЯЕ БУДУЧЫНЮ ЭЎРОПЫ


Юры Сьвірко, Прага

У Гішпаніі й Швэцыі, Нямеччыне і Грэцыі агульны паказьнік нараджальнасьці – сярэдняя колькасьць дзяцей, якіх можна чакаць ад жанчыны, летась склаў 1,4 ці нават менш, паводле зьвестак Усясьветнае арганізацыі аховы здароўя.

Ніводная эўрапейская краіна не дасягнула паказьніка 2,1 – менавіта яго дэмографы называюць узроўнем дакладнага аднаўленьня насельніцтва. Тым часам ЗША маюць паказьнік нараджальнасьці 2 роўна, які дэмографы тлумачаць ростам іміграцыі.

Хаця агульная тэндэнцыя была відавочнай цягам многіх гадоў, яе наступствы цяпер робяцца ўсё больш вострымі, бо шмат якія эўрапейскія краіны сутыкаюцца з праблемамі менш канкурэнтаздольнай рабочай сілы, павелічэньня пэнсіянэраў і скарачэньня пэнсійных фондаў.

У Італіі, дзе паказьнік нараджальнасьці летась склаў 1,2, міністар працы Рабэрта Мароні абвесьціў, што кошты дзяржаўнае пэнсійнае сыстэмы павінны быць зьменшаныя. Паводле міністра, італійскі ўрад будзе прапаноўваць захады з мэтай трымаць на працы людзей, якія дасягнуць мінімальнага пэнсійнага ўзросту 57 гадоў.

Нядаўна апублікаваныя дадзеныя ААН сьведчаць, што насельніцтва Гішпаніі можа скараціцца да прыблізна 31 мільёна чалавек у 2050 годзе – у параўнаньні зь цяперашнімі 40 мільёнамі. Паводле Ўсясьветнае арганізацыі аховы здароўя, паказьнік нараджальнасьці ў Гішпаніі быў найніжэйшым у Заходняй Эўропе – 1,1.
У Італіі шмат правінцыяў заможнай паўночнай часткі краіны маюць паказьнікі яшчэ ніжэйшыя. У правінцыі Фэрара гэты паказьнік не перавышаў 0,9 штогод, пачынаючы з 1986 году. Фэрарскія чыноўнікі кажуць пра рэдкасьць зьяўленьня дзяцей на вуліцах і закрыцьцё пачатковых школаў. Віцэ-мэр гораду Фэрара Тыцыяна Тальяні сказаў у нядаўнім інтэрвію: “Назіраецца недахоп энэргіі. Грамадзтва больш халоднае безь дзяцей”.

Італія мае цяпер найстарэйшае ў сьвеце насельніцтва. Доля людзей ва ўзросьце 60 гадоў і больш складае 25 адсоткаў, а ў ЗША такіх толькі 16 адсоткаў. Экспэрты прагназуюць, што ў 2050 годзе ўжо 42 адсоткі насельніцтва Італіі будуць мець узрост 60 гадоў і больш.

У сваёй першай прамове ў італійскім парлямэнце ў лістападзе Папа рымскі Ян Пава Другі заявіў, што крызіс нараджальнасьці ў Італіі – гэта вялікая пагроза будучыні краіны.

Эўропа выдзяляецца з усіх кантынэнтаў сваёй нізкай нараджальнасьцю. У краінах Усходняе Эўропы – такіх, як Беларусь, Баўгарыя, Латвія ды Ўкраіна, - паказьнік нараджальнасьці склаў 1,1.

Гэтая тэндэнцыя нашкодзіла Заходняй Эўропе раней, і Захад меў больш часу на тое, каб вырашаць, што рабіць. Шмат якія ўрады пашырылі падаткавыя ільготы для бацькоў, магчымасьці дагладаць за дзяцьмі, выплаты за мацярынства. У некаторых краінах – напрыклад, у Францыі, нараджальнасьць крыху падвысілася.

У Італіі ўрад амаль цалкам кмпэнсуе заробак для маці цягам першых 6 месяцаў пасьля нараджэньня дзіцяці. У горадзе Фэрара мясцовыя ўлады выплочваюць каля 350 эўра штомесяц тым маці, якія захочуць правесьці дома яшчэ 9 месяцаў. Аднак нізкая італійская нараджальнасьць захоўваецца.

Кіраўнік дэпартамэнту сацыльнае статыстыкі італійскага нацыянальнага статыстычнага інстытуту Валерыё Тэра Абрамі кажа: “Людзі даўжэй вучацца, таму пазьней знаходзяць працу, калі праца ёсьць, а потым пазьней бяруць шлюб, што неабавязова значыць увогуле мець дзіця”. Кантрацэпцыя й аборты ўсё больш даступныя, разводы ўсё больш частыя.

Акрамя таго, дзесяцігодзьдзі заможнага жыцьця зьмянілі паводзіны й чаканьні людзей. Старыя людзі, якія раней хацелі даглядаць унукаў, цяпер займаюцца іншай дзейнасьцю й больш падарожнічаюць. А для будучых бацькоў іх схільнасьць да адпачынку й зручнасьцяў не зусім спалучаецца са шматдзетнасьцю альбо часам увогуле з нараджэньнем дзіцяці.

“Гэта ніколі не было маім прыярытэтам”, - кажа 41-гадовая Тэрэза Джыноры, кансультантка часопісу моды ў Мілане, і дадае: “Гэта ніколі не ўваходзіла ў мой сьпіс галоўных 200 рэчаў”. Яна кажа таксама, што шмат італійскіх мужчынаў жывуць разам са сваімі маці нават у 30-гадовым узросьце й больш. Калі такія мужчыны бяруць шлюб, яны не гатовыя дапамагаць па доме жанчынам. За іх усё рабілі маці. “Я ненавіджу маці такіх мужчын”, - заяўляе Тэрэза Джыноры й кажа: “Гэтыя маці – катастрофа”.


XS
SM
MD
LG