Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАГО ЧАКАЮЦЬ АМЭРЫКАНСКІ І ЧЭСКІ ЛІДЭРЫ АД ЗАЎТРАШНЯЙ СУСТРЭЧЫ Ў ВЯРХОХ?


Юры Дракахруст, Прага

З выступаў двух прэзыдэнтаў вынікала, што адным з галоўных на заўтрашняй сустрэчы будзе ірацкае пытаньне. Прэзыдэнт Буш заявіў:

(Буш: ) “Існуе агульнае разуменьне, што Садам Хусэйн – гэта пагроза ўсясьветнаму міру. Цалкам зразумела, што ён мусіць быць раззброены дзеля міру. Мы спадзяемся, што ён сам пойдзе на гэта. Заўтра на саміце НАТО мы абмяркуем гэтую праблему. Мы вырашым, што адбудзецца, калі Хусэйн ня будзе абяззбройвацца, але адно ня выклікае сумневу: ён будзе абяззброены тым ці іншым шляхам”.

Прэзыдэнт Гавэл выказаўся за тое, каб на саміце было прынятае афіцыйнае рашэньне аб пазыцыі НАТО што да Іраку.

(Гавэл: ) “Я падзяляю меркаваньне прэзыдэнта Буша і ўсіх разумных людзей, што было б лепш дасянуць раззбраеньня Іраку без выкарыстаньня сілы. Але калі неабходнасьць выкарыстаць сілу ўсё ж узьнікне, я спадзяюся, што краіны НАТО мусяць выканаць свае саюзьніцкія абавязкі”.

Чэскі лідэр падкрэсьліў, што салідарнасьць краінаў НАТО ў ірацкім пытаньні важная ня толькі дзеля ўсясьветнай бясьпекі, але і для самога альянсу:

(Гавэл: ) “Гэта ёсьць праблемай ня толькі Злучаных Штатаў, але і Эўропы, якая наўпрост мяжуе з Іракам, і я лічу, што гэтая праблема стане праверкаю ня толькі нашай здольнасьці прымаць супольныя рашэньні і нашых ваеных магчымасьцяў, але і праверкаю нашага новага адзінства і нашай агульнай мэты ў сьвеце”.

Пра тое, што НАТО мусіць мяняць сваю прыроду, казаў і прэзыдэнт ЗША:

(Буш: ) “Нам вельмі важна ўсьвядоміць, што дзеля таго, каб НАТО адпавядала сучаснасьці, ваенныя магчымасьці альянсу мусяць зьмяняцца, каб даць адказ на сапраўдныя пагрозы, зь якімі мы сутыкаемся. НАТО мусіць ператварыцца з арганізацыі, якая фармавалася дзеля адпору Варшаўскаму Пакту, у арганізацыю дзеля адпору міжнародным тэрарыстам”.

Паводле Джорджа Буша, цяпер Расея ня ёсьць ворагам альянсу:

(Буш: ) “Ворагам ёсьць не Расея. Ворагам ёсьць міжнародныя тэрарысты, якія ненавідзяць свабоду, і мы мусім працаваць разам, каб перамагчы гэтага ворага ў імя свабоды”.

Вастрыня ірацкай праблемы крыху адціснула на другі плян іншы сюжэт саміту, што пачынаецца заўтра – прыём у альянс новых сябраў. Прэзыдэнт ЗША абверг меркаваньне, што Амэрыка, засяродзіўшыся на барацьбе з тэрарызмам, адышла ад НАТО.

(Буш: ) “Я вітаю намер краінаў стаць сябрамі НАТО. Гісторыя навучыла іх, што свабоду трэба абараняць любой цаною. Я спадзяюся, што прыём у альянс новых сябраў надасьць яму новае дыханьне. Прыём гэтых краінаў у НАТО ня толькі павялічыць нашыя ваенныя магчымасьці абараняць мір, але і паўплывае на дух гэтага самага важнага саюзу”.
XS
SM
MD
LG