Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ КНР ЦЬЗЯН ЦЗЭМІНЬ СЫХОДЗІЦЬ, АДКРЫВАЮЧЫ ШЛЯХ НОВАМУ КІРАЎНІЦТВУ


Юры Сьвiрко, Прага

Даволi зашыфраванае паведамленьне iнфармацыйнае агенцыi “Новы Кiтай” кажа, што Цьзян Цзэмiнь ды яшчэ 5 сяброў сталае рады палiтбюро, якая налiчвае толькi 7 чалавек, не ўвайшлi ў новы склад цэнтральнага камiтэту партыi, куды абралi больш як 300 асобаў. Гэта значыць, што ў сталай радзе палiтбюро адбудуцца карэнныя зьмены.

З былой сямёркi найвышэшых кiраўнiкоў застаўся ў складе ЦК толькi Ху Цзыньтао, якому 59 гадоў. Вырашанай справай падаецца ягонае абраньне генэральным сакратаром камунiстычнае партыi Кiтаю.

Ху Цзыньтао даўно лiчыўся насьледнiкам галоўнай пасады ў Кiтаi, i менавiта ў гэтай якасьцi ён у лiпенi 2000 году наведаў з афiцыйным вiзытам Беларусь. Ён i Аляксандар Лукашэнка падпiсалi заяву “Аб узмацненьнi ўсебаковага супрацоўнiцтва Беларусi й Кiтаю ў 21-м стагодзьдзi”. Зьяўляючыся тады намесьнiкам старшынi КНР, Ху Цзыньтао падчас вiзыту ў Менск заявiў, што “кiтайскi бок цалкам падтрымлiвае дзеяньнi беларускага ўраду, накiраваныя на абарону свайго сувэрэнiтэту, i лiчыць недапушчальным умяшальнiцтва з боку ўва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы”.

Зараз Аляксандар Лукашэнка мог бы выкарыстаць гэтую заяву як аргумэнт у спрэчцы з Масквой, але тады, у 2000-м годзе, беларускi кiраўнiк сказаў, што пасьля нядаўняга пасьпяховага вiзыту прэзыдэнта Расеi Ўладзiмера Пуцiна ў Кiтай ды цяперашняга прыезду таварыша Ху ў Менск адбываецца ажыцьцяўленне iдэi стварэньня замежнапалiтычнага блёку Менск—Масква—Пэкiн. “Гэта сталася дэ-факта, а неўзабаве станецца дэ-юрэ”, – аптымiстычна сказаў Аляксандар Лукашэнка спадару Ху Цзыньтао.

Прайшло два з паловай гады, а пра вось Менск—Масква—Пэкiн нiчога не чуваць. Праблематычным стала нават першае зьвяно гэтага ланцугу.

У гэтую пятнiцу новы цэнтральны камiтэт КПК абярэ палiтбюро з прыблiзна 22 асобаў i новую сталую раду. Дагэтуль працягваюцца спэкуляцыi на тэму, хто менавiта ўвойдзе ў элiтную сямёрку, але ўсё паказвае на тое, што Цьзян Цзэмiнь здолеў прасунуць у сталую раду сваiх асабiстых саюзьнiкаў. Гэта можа забясьпечыць пераемнасьць у палiтыцы, але падоўжыць уплыў нават адстаўнога Цьзянь Цзэмiня ды ўскладнiць для Ху Цзыньтао ўсталяваньне свайго ўласнага рэжыму.

Цьзян Цзэмiнь, закрываючы 16-ы зьезд кампартыi, якi праходзiць раз на пяць гадоў i доўжыўся цэлы тыдзень, назваў яго “зьездам адзiнства, зьездам перамогi, зьездам прагрэсу”. Цьзян мае ўсе падставы быць задаволены гэтым мерапрыемствам, таму што зьезд упiсаў у партыйны статут “важную тэорыю трох прадстаўнiцтваў”. Хаця iмя Цьзян Цзэмiня ня згадваецца, ён вiдавочна ўвайшоў у пантэон галоўных iдэолягаў КПК. Паводле гэтай тэорыi, партыя можа прадстаўляць ня толькi працоўных, але й “прасунутыя сiлы” ды “шырокiя iнтарэсы ўсяго грамадзтва”.

Сёньняшнiя абвесткi паклалi канец шматмесячным спэкуляцыям на тэму мажлiвай спробы Цьзян Цзэмiня застацца партыйным сакратаром, аднак будучыня падзелу ўладаў у Кiтаi застаецца няяснай. У сакавiку наступнага году Цьзян мусiць адмовiцца ад пасады старшынi КНР – як чакаецца, на карысьць Ху Цзыньтао. Аднак Цьзян не сказаў нiчога, цi пойдзе ён з пасады старшынi ваеннае камiсii Кiтаю – вельмi важнага органу ўлады ў краiне.

Разам зь Цьзян Цзэмiнем сыходзяць у адстаўку прэм’ер-мiнiстар Чжу Жунцзы й сьпiкер парлямэнту Лi Пэн, якiм больш за 70 гадоў.

Для беларускай аўдыторыi можа быць цiкава, што новы лiдэр Кiтаю Ху Цзыньтао – адзiн зь нешматлiкiх замежных кiраўнiкоў, якi за апошнiя гады наведаў беларускi мэмарыяльны комплекс Хатынь.
XS
SM
MD
LG